Ад "Вострава Птушак" — да “Лесвіцы ў неба”...

№ 19 (1145) 10.05.2014 - 16.05.2014 г

Музейна-паркавы комплекс "Перамога": новы падыход да неўміручай тэмы
Музейна-мемарыяльны комплекс “Перамога”, паўнавартаснае адкрыццё якога адбылося 9 мая, літаральна перанасычаны сімваламі. Пачнём, хаця б, з самога месца. Як вядома, адкрыццё першай у Мінску масавай зоны адпачынку — Камсамольскага возера — было запланавана акурат на 22 чэрвеня 1941 года... І тое, што планы ўсё ж урэчаісніліся (а потым і “пераўрэчаісніліся”), сапраўды пра многае сведчыць.

/i/content/pi/cult/486/10391/4-1.jpg

 

 

Скульптура "Дарога жыцця" Паўла Вайніцкага.

/i/content/pi/cult/486/10391/4-2.jpg

 

 

Ганна Аксёнава: "Брамка засталася толькі на фота".

/i/content/pi/cult/486/10391/4-4.jpg

 

 

Мантаж барэльефаў на фасадзе новага будынка музея.

/i/content/pi/cult/486/10391/4-5.jpg

 

На спінках такіх лаваў не пасядзіш.

У другой палове мінулага стагоддзя памяць пра вайну ўвекавечвалі праз стварэнне мемарыяльных комплексаў: Вечны агонь, кветкі, піянеры... Адзін з першых маштабных аб’ектаў новага веку мае зусім іншае функцыянальнае прызначэнне — парк адпачынку. Што, аднак, зусім не сведчыць пра “дэвальвацыю” самой тэмы — хутчэй, пра набыццё ёю нейкіх новых сэнсавых адценняў, асабліва важных менавіта ў цяперашні час. У гэтым карэспандэнт “К” пераканаўся падчас эксклюзіўнай экскурсіі па комплексе, якую правяла для яго галоўны архітэктар праекта Ганна АКСЁНАВА.

Супрацьвандальныя лавы

Экскурсія пачыналася ад Трыумфальнай аркі — галоўнага ўвахода ў паркавы комплекс. Пакуль што яна выглядае даволі сціпла — прынамсі, зважаючы на сваю назву. Але Ганна Аксёнава раскрывае папку з рэндарамі і распавядае пра першапачатковую архітэктурную задуму. Уражанні і сапраўды зусім іншыя. Арку меўся вянчаць ордэн Перамогі, а паміж калонамі павінны былі з’явіцца чатыры пано з каляровага шкла, упрыгожаныя абстрактнымі карункамі: “Вайна”, “Вечнасць”, “Жыццё” і “Памяць”. Праект нават прайшоў узгадненне манументальнага савета, але... Для яго канчатковай рэалізацыі пакуль не хапіла ці то часу, ці то сродкаў.

— І менавіта гэтыя элементы неслі асноўную сэнсавую ды візуальную нагрузку, — падкрэсліла галоўны архітэктар, выказаўшы спадзеў, што гарадскія ўлады ўсё ж яшчэ вернуцца да гэтай тэмы ўжо ў больш спакойны пасвяточны час.

Перад Трыумфальнай аркай утварылася плошча. Як патлумачыла Ганна Аксёнава, гэтая пляцоўка прызначана для масавых мерапрыемстваў — натуральна, куды менш маштабных, чым традыцыйны канцэрт ля Стэлы на Дзень Незалежнасці. Для яго правядзення даводзіцца перакрываць адну з галоўных транспартных артэрый Мінска — праспект Пераможцаў. А вось імпрэзы на фоне Трыумфальнай аркі такіх ахвяр не запатрабуюць, і ўжо хаця б таму іх можна ладзіць куды часцей, чым раз на год.

Рушым далей. Ад аркі адыходзяць прысады — камерная Алея Памяці і парадная Алея Славы, якая і ўтварае асноўную кампазіцыйную вось парку. Злева, на схіле, відаць ратонду, ля якой неўзабаве будзе паступова з’яўляцца памятны гай у гонар Герояў...

— Мы думалі назваць яго “гераон” — гэта антычнае слова, якое раней абазначала свяцілішча ў гонар герояў, а ў наш час замацавалася ў ландшафтнай архітэктуры менавіта ў значэнні мемарыяльнага гаю. Аднак назва засталася неафіцыйнай, бо было выказана меркаванне, што простыя наведвальнікі гэты тэрмін не зразумеюць, — пракаментавала Ганна Аксёнава.

Алею Славы працінаюць дыяганальныя лініі, кожная з якіх абазначае адзін год вайны. Ад невялічкага мемарыяльнага знака, на якім выбіты толькі адпаведныя лічбы, яны меліся весці да скульптур, што метафарычным спосабам адлюстроўвалі б гэты няпросты прамежак часу.

— Аднак... вобраз пакуль не знайшоўся, — кажа Ганна Аксёнава, — Усе прапановы, якія паступілі ад скульптараў, былі адхілены. Зрэшты, не так даўно, нібыта, з’явілася цікавая ідэя... Але пра ўвасабленне ўсё адно казаць зарана...

Пакуль жа кампазіцыйную ролю скульптур выконваюць простыя лавы. Зрэшты, не зусім простыя: як і ўсё тут, нават банальныя сметніцы, яны былі зроблены паводле індывідуальнага дызайн-праекта. Нязвыкла высокія спінкі — гэта не толькі прыгожа, але і практычна: абараняе ад ветра і ад... вандалаў.

— Давайце прысядзем, каб у гэтым пераканацца, — прапаноўвае архітэктар. — Утульна, ці не так? А вось калі ў кагосьці з’явіцца жаданне “пасядзець” на лаве з нагамі (што тут казаць, ёсць у некаторых такая звычка) — думаецца, яму будзе не надта камфортна...

Алею Славы завяршае Фантан Перамогі аўтарства скульптара Максіма Петруля. Па словах архітэктара, паводле першапачатковага плана, адтуль да наступнага пункта анфілады — Паляны масавых відовішчаў — меліся цекчы сапраўдныя ручаі.

— Яны сімвалізуюць адраджэнне нашага краю ў паваенны перыяд, — тлумачыць архітэктар. — Мы прапаноўвалі зрабіць тут эканамічную водазваротную сістэму, аднак... ізноў узнікла пытанне са сродкамі, і таму ручаі давялося зрабіць таксама сімвалічнымі — з традыцыйных для нашай мясцовасці кветак...

Яшчэ адна кветка — праўда, ужо каменная — мелася ўпрыгожыць фантан Вечнасці — каб увасабляць несупыннасць жыцця. Але задума пакуль не рэалізавана — дакладна з той самай прычыны, як і ў папярэднім выпадку: няма таго аўтарскага рашэння, якое адпавядала б на “ўсе сто”. Зрэшты, напэўна, і сапраўды лепш не спяшацца, адвёўшы належны час для ўдумлівых пошукаў.

Паляна масавых відовішчаў ужо апраўдвае сваю назву: пад час святаў тут ладзяцца разнастайныя імпрэзы. З двух бакоў яе атачаюць пергалы — навесы з такімі самымі высакаспінкавымі лавамі: каб было дзе схавацца ад сонца ды адпачыць. Разам з тым, яны надаюць прасторы пэўную кампазіцыйную завершанасць.

— Мы паставілі сабе за мэту, каб гэтыя збудаванні былі празрыстымі і не перашкаджалі аглядаць тыя прыгожыя кравіды, якія адсюль адкрываюцца, — дадала Ганна Аксёнава.

І краявіды сапраўды таго вартыя. У вольны ад мерапрыемстваў час тут пачуваешся надзвычай утульна.

Здабыча вандалаў

Урэшце, галоўную лінію завяршае скульптура Паўла Вайніцкага “Дарога ў будучыню”. Пакуль што яна яшчэ не адкрыта і нават не скончана: узніклі пэўныя непаразуменні паміж аўтарам і непасрэднымі выканаўцамі. Аднак адразу пасля свайго з’яўлення гэты твор стаў прычынай бурных абмеркаванняў сярод простых мінчан. Дый займеў і сваю неафіцыную назву — “Лесвіца ў неба”.

— Гэтая скульптура папраўдзе адлюстроўвае рэчаіснасць — у прамым сэнсе слова, — патлумачыла архітэктар, намякаючы на люстэркавыя ўласцівасці металу. — Яна ідэальна дапасоўваецца да ландшафту — літаральна раствараецца ў ім — і пры гэтым нясе вельмі глыбокую сэнсавую нагрузку...

Калі я рабіў фота гэтай скульптуры, з той самай мэтай да яе падышла і маладая пара. Дзяўчына спытала, што гэта такое. Патлумачыў. І пачуў у адказ: ну, нарэшце тэма вайны ў нас набывае нейкае іншае ўвасабленне.

Па словах Ганны Аксёнавай, ужо ад самага пачатку аўтарскі калектыў ставіў перад сабой мэту адмовіцца ад тыповай ваеннай манументалістыкі мінулага стагоддзя. Прычына вельмі простая: на двары ўжо іншы час. І тыя пакаленні, для каго вайна — гэта толькі параграф у падручніку (і вельмі добра яшчэ, калі яго прачытаюць...), а зусім не асабістыя ўспаміны і нават ужо не расповеды бацькоў, не надта ўспрымаюць тыя канкрэтныя вобразы, якія так па-майстэрску ўвасаблялі ў бронзе скульптары савецкага перыяду. Адпаведна, сыход у абстракцыю амаль непазбежны: гэта спроба “дастукацца да архетыпу”, вытлумачыць тэму на ўзроўні простых і зразумелых для кожнага аналогій.

Большасць ужо існых манументальных твораў у парку разлічана менавіта на інтэрактыўнае ўзаемадзеянне з гледачом. Прыкладам, праз дзірку ў жорнаве (скульптура Канстаціна Селіханава “Млын Пярэспы”) можна назіраць захад сонца па-над возерам, альбо проста прасоўваць туды галаву — для фота. Напэўна, у гэтым ёсць рацыя: размешчаныя ў грамадскай прасторы артэфакты і павінны прадугледжваць самыя розныя спосабы ўспрыняцця — у тым ліку і чыста тактыльны. Скажам, мой сямігадовы сын вельмі любіць залазіць на бот Якуба Коласа. Затое, прынамсі, ведае, хто гэта такі.

Але ёсць у гэтым правіле і выключэнні. Дзякуючы некаторым “рэцыпіентам” Фантан Перамогі аўтарства Максіма Петруля за некалькі гадоў поўнасцю пазбавіўся свайго сэнсавага апагея: па-над 53 камянямі яшчэ параўнальна нядаўна высілася паходня Перамогі. Зробленая са шкла, яна стала лёгкай здабычай вандалаў.

— Зубцы паходні выбівалі паступова, адзін за адным, — уздыхае архітэктар. — Мы ад самага пачатку меркавалі выкарыстаць нейкія больш трывалыя матэрыялы, але... яны ж і даражэй каштуюць. З той самай прычыны і відэаназірання не з’явілася. Супакойвае толькі тое, што “крывая” вандалізму, па маіх назіраннях, усё ж паўзе ўніз...

Таму хочацца верыць, што па “лесвіцы ў неба” ніхто не будзе караскацца. Урэшце, гэта проста небяспечна: можна ж і зваліцца... Затое непадалёк ад Фантана Перамогі запланавана стварыць скульптуры акурат “для лазання” — з недарагіх і бяспечных матэрыялаў.

— Была задума ўвасобіць тут розныя віды зброі ў знарочыста гіпертрафаваным маштабе, — распавядае архітэктар. — Уяўляеце: дзядуля вядзе ўнука ў парк і тлумачыць яму, што такое, скажам, Т-34... А ён зможа туды залезці, каб зрабіць фота, бо танк зусім невялікі. А вось вінтоўка — наадварот, гіганцкая, і на яе таксама можна будзе залезці...

Без сумневу, малеча прагаласуе за такі праект і рукамі, і нагамі. Таму, хочацца верыць, апошні ўсё ж увасобіцца. Як і задума стварыць на тэрыторыі парку яшчэ адну дзіцячую пляцоўку. Тых, што ўжо ёсць — даволі сціплых паводле сваіх памераў, — відавочна недастаткова для звыклага ў выхадныя наплыву дзятвы. Тым больш, дадзены парк не проста “афіцыйна” прызначаны для сямейнага адпачынку — варта прыехаць сюды, як пацяплее, каб пераканацца, што менавіта гэтак і ёсць.

Выспы Птушак і... Камсамольцаў

Урэшце, мы падыходзім да самага хваравітага пакуль што аспекта нашых дагледжаных грамадскіх паркаў — інфраструктуры. Лішне нават казаць, што сям’я, якая прыехала сюды на цэлы дзень з іншага раёна горада, рана ці позна захоча падсілкавацца. Пакуль што харчовую нішу займаюць хіба некалькі сезонных “палатак” са столікамі. Аднак на перспектыву планы больш глабальныя: для інвестараў у парку вызначаны некалькі пляцовак, а для тэматычнай дзіцячай кавярні ўжо нават агароджана тэрыторыя. Аднак, па словах Ганны Аксёнавай, прыватнікі пакуль не спяшаюцца ўкладаць грошы, і прычынай таму — разнастайныя абмежаванні, непазбежныя для такога мемарыяльна-паркавага комплексу, да таго ж, яшчэ і размешчанага на беразе вадаёма.

У будучыні інфраструктура апошняга мае ўключаць таксама і водныя экскурсіі па Камсамольскім возеры (пакуль што іх можна здзейсніць хіба самастойна на катамаране). Гэты аспект архітэктары ад пачатку пралічвалі, запланаваўшы сем прычалаў у розных кропках і падбаўшы пра тое, каб аб’екты комплексу “выйгрышна” глядзеліся таксама і з боку возера.

Тым больш, на некаторыя яго выспы іначай, як па вадзе, і не трапіш. З нядаўняга часу "Востраў Птушак" стаў выключэннем: да яго вядзе мост. Яшчэ палову года таму ўваход на яго ўначы перакрывала брамка ў форме кляновага лістка. Але сама сябе яна абараніць не змагла, і хтосьці ёй “прырабіў ногі”...

На "Востраве Птушак" і сапраўды чуваць іх пошчакі. Ганна Аксёнава кажа, што так было не адразу: пярнатыя не надта любяць вялікую грамаду людзей, і таму ад пачатку да гэтага свайго дома паставіліся насцярожана. Але потым пераканаліся, што там і сапраўды ўсё амаль як у натуральным лесе. Менавіта такой і была канцэпцыя вострава: жывая прырода пасярод рукачыннай упарадкаванасці.

Зрэшты, пра зусім ужо дзікую прыроду гутарка тут усё ж не вядзецца. Замест асфальтавых дарожак тут пакладзены драўляныя насцілы. Ганна Аксёнава тут жа адзначыла: ад пачатку шлях наведвальніка меўся ісці пасярод зараснікаў тых беларускіх раслін, што ўнесены ў Чырвоную кнігу, — гэта значыць, прадугледжваўся і пазнаваўчы эфект. Аднак пакуль што растуць там хіба звычайныя дзьмухаўцы...

А вось яшчэ адна выспа — Камсамольцаў — можа ператварыцца з часам у той самы “музей камунізму”, пра патрэбу стварэння якога так шмат апошнім часам гаворыцца, у тым ліку і на старонках “К”. Месца і сапраўды ідэальнае для ўсталявання твораў эпохі сацрэалізму. Алгарытм запаўнення імі вострава пакуль што прыблізна наступны: нехта хоча пазбавіцца ад спадчыны мінулай эпохі, але сумленне не дазваляе яму выкідаць яе рудыменты на сметнік. Тады ён прывозіць скульптуру і ўсталёўвае яе на выспе Камсамольцаў.

Ці спрацуе такі механізм? Цяжка сказаць. Да сметніка, насамрэч, куды бліжэй, чым да вострава Камсамольцаў — асабліва калі ты жывеш, скажам, у Хоцімску і не маеш грошай на вялізныя транспартныя выдаткі. Мабыць, усё ж было б куды больш плёну, каб ініцыятыва збору артэфактаў не была такой спантаннай: калі ў справе няма адказных, зазвычай яна і не робіцца. Зрэшты, будзем лічыць, што першы крок да стварэння “музея камунізму” ўжо зроблены...

У тым, што ён быў бы ў гэтым парку нялішнім, няма сумневаў. Тым больш, комплекс уражвае менавіта сваёй разнастайнасцю — ад упарадкаванага партэру да амаль дзікага Вострава Птушак. І новыя сэнсавыя дамінанты тут бы ні ў якім разе не зашкодзілі.

Таму варта спадзявацца, што парк і пасля свайго афіцыйнага адкрыцця працягне спакваля ўдасканальвацца, набываць новыя сэнсы — як сапраўдны жывы арганізм, які ніколі не спыняецца ў сваім развіцці.

Фота аўтара