УДЗЯЧНАЯ ВАРТА Ў ГОНАР ГЕРОЯЎ

№ 19 (1145) 10.05.2014 - 16.05.2014 г

Дарагія суайчыннікі! Сардэчна віншую вас з Днём Перамогі — вялікім і свяшчэнным для кожнага з нас святам.

69 працоўных, гераічных гадоў аддзяляюць нас ад залпаў салютаў 45-га года. Але тая вясна застаецца вечным сімвалам бяспрыкладнага подзвігу нашых прадзедаў, дзядоў і бацькоў.

Вялікая Айчынная вайна ўпісана ў скрыжалі гісторыі як злоснае

супрацьстаянне двух светаў і дзвюх ідэалогій — гуманізму і нацызму. Мы ніколі не забудзем, што менавіта народы Савецкага Саюза ўнеслі

вырашальны ўклад у разгром гітлераўскай Германіі.

Ніякія пакуты і выпрабаванні не змаглі зламіць баявы дух савецкіх людзей. На фронце,

у партызанскіх лясах, у падполлі і працоўным тыле яны ўсе, як адзін, мужна і самааддана змагаліся з ворагам.

І перамаглі! Адстаялі краіну. Паднялі яе з руін і попелу, пабудавалі магутную эканоміку, стварылі перадавую навуку і багатую культуру. Іхнія здзяйсненні — той фундамент, на якім мы будуем сваю суверэнную дзяржаву.

У гэтыя дні ўся Беларусь стаіць у ганаровай, удзячнай варце ў гонар герояў Перамогі. Мы бязмерна ўдзячны вам, паважаныя ветэраны, і як самы каштоўны набытак захоўваем ваш галоўны запавет — любіць Айчыну, абараняць яе інтарэсы і заўсёды быць разам, з’яднанымі і адзінымі, каб ніхто не мог прынізіць беларусаў, падпарадкаваць іх сваёй варожай волі. Бо беларускі народ — народ-пераможца. І гэтае пачуццё служыць крыніцай нашай гордасці і сілы.

Жадаю ўсім вам, дарагія суайчыннікі, моцнага здароўя, працоўных поспехаў, шчасця,

дабрабыту і заўжды яснага, мірнага неба над галавой.

Са святам! З Днём Перамогі!

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка