69 працоўных, гераічных гадоў аддзяляюць нас ад залпаў салютаў 45-га года. Але тая вясна застаецца вечным сімвалам бяспрыкладнага подзвігу нашых прадзедаў, дзядоў і бацькоў.
Вялікая Айчынная вайна ўпісана ў скрыжалі гісторыі як злоснае
супрацьстаянне двух светаў і дзвюх ідэалогій — гуманізму і нацызму. Мы ніколі не забудзем, што менавіта народы Савецкага Саюза ўнеслі
вырашальны ўклад у разгром гітлераўскай Германіі.
Ніякія пакуты і выпрабаванні не змаглі зламіць баявы дух савецкіх людзей. На фронце,
у партызанскіх лясах, у падполлі і працоўным тыле яны ўсе, як адзін, мужна і самааддана змагаліся з ворагам.
І перамаглі! Адстаялі краіну. Паднялі яе з руін і попелу, пабудавалі магутную эканоміку, стварылі перадавую навуку і багатую культуру. Іхнія здзяйсненні — той фундамент, на якім мы будуем сваю суверэнную дзяржаву.
У гэтыя дні ўся Беларусь стаіць у ганаровай, удзячнай варце ў гонар герояў Перамогі. Мы бязмерна ўдзячны вам, паважаныя ветэраны, і як самы каштоўны набытак захоўваем ваш галоўны запавет — любіць Айчыну, абараняць яе інтарэсы і заўсёды быць разам, з’яднанымі і адзінымі, каб ніхто не мог прынізіць беларусаў, падпарадкаваць іх сваёй варожай волі. Бо беларускі народ — народ-пераможца. І гэтае пачуццё служыць крыніцай нашай гордасці і сілы.
Жадаю ўсім вам, дарагія суайчыннікі, моцнага здароўя, працоўных поспехаў, шчасця,
дабрабыту і заўжды яснага, мірнага неба над галавой.
Са святам! З Днём Перамогі!
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка