Вяртанне дадому

№ 6 (824) 09.02.2008 - 15.02.2008 г

У Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва адбылася прэзентацыя літаратурна-мастацкага выдання “Мікола Селяшчук. Гучанне музыкі нябёсаў”, выпушчанага выдавецтвам “Мастацкая літаратура” пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі ў серыі “Мастакі Беларусі”. Аўтар канцэпцыі і складальнік — Наталля Шаранговіч, мастак — Андрэй Савіч.

 /i/content/pi/cult/148/1039/Vyartanne.jpg
Альбом, які М.Селяшчук рыхтаваў да свайго пяцідзесяцігоддзя, так і не быў надрукаваны з-за яго трагічнай смерці ў 1996 г. у Італіі. Першая кніга, якая распавядае аб жыцці і творчасці выдатнага беларускага мастака, была падрыхтавана і выдадзена амаль праз дзесяцігоддзе. Яе аб’ём уражвае— 330 старонак, больш за 40 аўтарскіх успамінаў, сотня фотаздымкаў і фотарэпрадукцый.

Гавораць, што час увекавечвае. Гэта сапраўды так, калі не толькі час, але і мы самі не забываемся пра творцу. Так узнікла ідэя гэтага выдання — кнігі ўспамінаў і разваг: мастак быў такой шматграннай фігурай, што ніводнае адзінкавае сведчанне не магло б паказаць яго шматаблічнасць і знакавасць для нашай культуры. На старонках выдання распавядаюць тыя, хто вучыўся з М.Селешчуком, хто разам рабіў першыя крокі ў творчасць, сябраваў, датыкнуўся да дзівосных якасцей яго натуры. Тут жа — развагі мастацтвазнаўцаў і крытыкаў, якія ў розныя гады засведчылі сваю цікавасць да творчасці майстра. Мікалай Міхайлавіч у першыя гады самастойнай працы рэдка даваў інтэрв’ю журналістам. Таму вялікая ўдача, што знайшліся ягоныя дзённікавыя запісы; пры ўсёй сваёй фрагментарнасці, яны засведчылі цвёрдасць яго прынцыпаў і перакананняў.

Мікола Селяшчук — адна з найбольш значных асоб у беларускім выяўленчым мастацтве ХХ ст. Выхаванец беларускай графічнай школы, ён здолеў даволі хутка выпрацаваць уласны стыль, знайсці адметную пластычную мову. Шмат працаваў у станковай і кніжнай графіцы. Праілюстраваныя ім кнігі мелі поспех у чытачоў, былі адзначаны на прэстыжных міжнародных конкурсах.

Аднак у гісторыі нацыянальнага мастацтва М.Селяшчук сцвердзіўся найперш як жывапісец. Яго творы вылучае нейкая неверагодная казачнасць, дзівоснае ўменне выбудаваць “іррэальную рэальнасць”. Непрадказальныя метамарфозы адбываліся з усімі жывапіснымі жанрамі, да якіх дакранаўся мастак: карціны на сацыяльную тэматыку ўспрымаліся як метафарычныя прытчы, жанчыны на партрэтах ператвараліся ў фантастычных прыгажунь. У пейзажах, у тэматычных кампазіцыях аўтар дазваляў сабе сюррэалістычныя колеравыя ўстаўкі, змены рэальнай формы прадметаў, уводзіў выпадковых, на першы погляд, і дзіўных персанажаў. Навацыі, якія мастак прапаноўваў гледачам, сведчаць: ён узяў на сябе самае складанае — місію першапраходцы.

Мы спахапіліся, мне падаецца, у час. Таму што мы ўсе ўжо былі гатовы выказацца, падзяліцца ўспамінамі, выплеснуць набалелае. І, аддаўшы даніну сябру і проста таленавітаму чалавеку, нарэшце адчуць душэўную палёгку за выкананы перад Міколам Селешчуком асабісты абавязак.

Наталля ЖОГЛА