“Гісторыя кахання. Надзея вярнуцца”

№ 19 (1145) 10.05.2014 - 16.05.2014 г

Праглядаючы сямейны архіў, знайшоў пажоўклы ад часу ліст. Спачатку кінулася ў вочы дата: у левым верхнім куце ён датаваны 1 красавіка 1941 года. Акуратна разгортваю стары, складзены ў чатыры разы лісток, старанна спісаны фіялетавымі чарніламі:

/i/content/pi/cult/486/10388/14-5.jpg

/i/content/pi/cult/486/10388/14-7.jpg

“Здравствуй, моя дороженькая, миленькая, любенькая Аленка. Сегодня я от тебя получил долгожданное письмо, за которое сердечно благодарю и на которое сию минуту даю ответ...”

Кожны радок зачароўваў усё больш, а бабуля распавяла рамантычную і адначасова сумную гісторыю кахання герояў гэтага ліста.

Вольга і Пётр пазнаёміліся адно з адным ва Ушачах. Ішоў 1938 год. Гэта было каханне з першага позірку, з першай сустрэчы. Пачуцці былі такімі моцнымі, што ў хуткім часе пара сыграла вяселле. Наступным годам у сям’і з’явілася дачка Валя. Аднак клапаціцца аб ёй давялося толькі Вользе: Пятра прызвалі ў армію. Якімі доўгачаканымі і каштоўнымі сталі лісты адно да аднаго!

“Дней десять не получал от тебя письма. Я очень и очень беспокоился о тебе и волновался. Моя душа как бы предчувствовала что-то неприятное. Оказывается, так и есть: ты была больна...”

Адзін ліст, але як шмат у ім сказана! Дык вось якое яно, сапраўднае каханне! Гэта здольнасць растварыцца ў дарагім табе чалавеку, адчуваць яго нават на адлегласці, неабходнасць быць побач, нягледзячы ні на якія перашкоды...

“Очень хотелось побыть дома, хотя бы один день. Ведь пока я сам, своими глазами, не смогу увидеть тебя и узнать о твоём состоянии здоровья и о том, как ты поправляешься, дотудова я буду волноваться и беспокоиться. А это для меня очень трудный и мучительный акт. Пока я не узнаю о твоём здоровье, дотудова у меня не будет душа на месте и дотудова мне ничего не будет идти в голову, ничто не будет идти на ум. Вообще для меня это время будет тогда не жизнью, а трудным, тяжёлым, мучительным существованием. Дороженькая Аленка! Моё золотце! О, если бы была бы хотя бы малейшая возможность, я бы сквозь ночи пешком пришёл к тебе, но узнал бы о твоём здоровье…”

Пётр, безумоўна, разлічваў вярнуцца. Ён прадумаў нават, як можна звязацца адно з адным на выпадак іх пераезду:

“…Есть надея скоро прибыть домой. Миленькая моя Аленька, я ещё всё на старом. Много буду здесь или немного?.. Трудно ответить на этот вопрос. Но ещё пока пиши на старый адрес… Любенькая моя, дороженькая Аленька, на случай, если я быстро уеду отсюдова и ты также можешь переместиться, то адреса условимся сообщать один одному через маму (Витебск).

На этом до свидания. Желаю быстрейшего поправления… Целую тебя крепко-крепко и сладко.

Твой Петя”.

Лёс аказаўся непрыхільным: гэта быў апошні пацалунак Пятра Вользе... Лісты больш не прыходзілі ні на стары адрас, ні ў Віцебск. Вольга пераехала ў Мазалава, бліжэй да маці.

У 1945 годзе Струнчанка Вользе Васільеўне прыйшло паведамленне аб тым, што ейны муж Струнчанка Пётр Антонавіч прапаў без вестак. Усе спробы знайсці яго, даведацца пра ягоны лёс аказаліся безвыніковымі. Але сэрца верыла ў лепшае, яно не магло паверыць у такую недарэчнасць. Ведаючы Пятра, немагчыма было ўявіць, што цэлыя чатыры гады ён мог маўчаць, што не знайшоў спосабу даслаць вестачку...

На працягу ўсяго жыцця Вольга Васільеўна захоўвала вернасць Пятру. Так і застаўся ён для яе адзіным мужам, лістамі і фотаздымкамі якога яна вельмі даражыла. Захаваліся нават гальштук і пара шкарпэтак, купленыя ў падарунак. А перад смерцю Вольга папрасіла пахаваць сябе з медальёнам на грудзях. Медальён у форме сэрца аб’яднаў іх назаўсёды...

Цыганка наваражыла, што весткі аб Пятры прыйдуць занадта позна: нікога з родных не застанецца. Збольшага прадказанне збылося. Мінула больш за пятнаццаць гадоў, як не стала Вольгі Васільеўны. Няма і яе дачкі Валянціны (патанула пасля заканчэння школы). У Пятра Антонавіча з блізкіх сваякоў засталася адна пляменніца.

У маіх сілах захаваць Памяць. Памяць аб вялікім каханні і вернасці. Я паспрабую зноў звярнуцца ў архівы, бо з кожным днём у іх з’яўляецца ўсё больш і больш звестак аб загінулых. Магчыма, мне пашанцуе, і я змагу ажыццявіць надзею Пятра вярнуцца...

Андрэй СТРУНЧАНКА, вядучы метадыст Віцебскага АМЦНТ