Разлічана на турыста

№ 19 (1145) 10.05.2014 - 16.05.2014 г

Лічаныя дні застаюцца да адкрыцця новых экспазіцый у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, які зусім нядаўна пераехаў у новы будынак. Пакуль шырокая грамадскасць чакае гэтай знакавай падзеі, звернемся да досведу нашых краін-суседак, дзе таксама на высокім узроўні ўшаноўваецца памяць ахвяр нямецка-фашысцкай агрэсіі.

/i/content/pi/cult/486/10386/13-7.jpg

Экспазіцыя Музея Варшаўскага паўстання; частка экспазіцыі ў інтэр'ерах Цэнтральнага музея Вялікай Айчыннай вайны ў Маскве.

Музей Варшаўскага паўстання — адносна новы аб’ект у архітэктурным ландшафце польскай сталіцы. Плошчы музея ўражваюць: каб азнаёміцца з установай, варта правесці там ці не цэлы дзень. Пры гэтым не абавязкова наймаць экскурсавода: інтэрактыўная экспазіцыя дапаможа нават чалавеку, які слаба валодае польскай мовай. У цэнтры музея размешчана вялікая кіназала, дзе ў працоўным рэжыме транслююцца хронікі вызвалення Польшчы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (пры адпаведнай замове там могуць дэманстравацца дакументальныя стужкі на розных мовах, вядома ж, ваеннай тэматыкі). Штодзень працуе ва ўстанове і падпольная друкарня, прадукцыю якой можна браць на памяць абсалютна бясплатна. Да слова, друкаваныя аркушы, у якіх ці не падзённа тлумачацца драматычныя падзеі Варшаўскага паўстання, прадстаўлены амаль каля кожнага стэнда.

Здзівіла і бібліятэчнае напаўненне музея. У асобнай зале, адмыслова для гасцей установы, размешчаны вялікі кніжны збор: там можна пачытаць як унікальныя друкаваныя матэрыялы, у тым ліку ў электронным выглядзе, так і сучасныя кнігі, прысвечаныя падзеям Другой сусветнай вайны. Можна, да прыкладу, не запісваючыся ў бібліятэку, бясплатна карыстацца камп’ютарам, падключаным да Інтэрнэту.

Не менш адметны і Цэнтральны музей Вялікай Айчыннай вайны ў Расіі, які з’яўляецца асноўнай часткай Мемарыяльнага комплексу Перамогі на Паклоннай гары ў Маскве. Цікава, што ідэя стварэння такога аб’екта выношвалася, пачынаючы з 1942 года, калі Саюз архітэктараў СССР абвясціў конкурс на лепшы праект мемарыяльнага комплексу ў гонар Перамогі. Увасобілася задума толькі ў 1995-м, калі музей быў урачыста адкрыты.

Сёння Цэнтральны музей Вялікай Айчыннай вайны і Парк Перамогі складаюць адзіны ўнікальны горадабудаўнічы ансамбль, куды ўваходзяць галоўны манумент — 142,5-метровы штык з бронзавымі барэльефамі і багіняй Перамогі Нікай, храм Святога вялікамучаніка Георгія, Мемарыяльная мячэць, Мемарыяльная сінагога, Каталіцкая капліца ды іншыя помнікі.

Для ўшанавання памяці абаронцаў Радзімы, якія не вярнуліся з франтоў Вялікай Айчыннай, у 1995 годзе ў Музеі была створана электронная Кніга Памяці. У электронным імянным каталогу запісаны імёны тых, хто загінуў, знік без вестак, памёр ад ран і хвароб, атрыманых у час вайны. У аддзеле таксама захоўваецца каля 1 500 тамоў Усесаюзнай Кнігі Памяці — унікальнага выдання, што сумяшчае ў сабе функцыі даведніка і мартыралога: у ім прыведзены кароткія звесткі пра лёсы мільёнаў воінаў...

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"