Палац пакуль без інвестара…

№ 19 (1145) 10.05.2014 - 16.05.2014 г

Віктар ЗАХАРАНКА, Нараўлянскі райвыканкам
Чарнобыльская бяда адкавяліла ад Нараўляншчыны ладны кавалак непаўторных па ландшафце зямель. Цяпер яны — у складзе Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, дзе, як кажуць, і мядзведзі ўжо завяліся… Адсяленне людзей з гэтага непаўторнага прыпяцкага краю паўплывала і на сетку мясцовых устаноў культуры. На сёння ў раёне — толькі 8 СДК, 7 сельскіх клубаў, 14 бібліятэк, музей, Цэнтр рамёстваў, РДК і ДШМ з пяццю філіяламі...

/i/content/pi/cult/486/10384/12-2.jpgШмат у чым раёну дапамагла Дзяржаўная праграма развіцця Прыпяцкага Палесся. За яе кошт якасна ўзноўлены Раённы дом культуры, якому летась споўнілася ўжо 70 гадоў. Мадэрнізавалі таксама Дзіцячую школу мастацтваў. Сёння гаспадарчым спосабам капітальна рамантуем установы Цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы. Менавіта такім эканамічным чынам давялі да ладу і дзіцячую бібліятэчную ўстанову. У цэнтры ўвагі гаспгрупы — і сельскія клубы. Лічу гэты кірунак дзейнасці адным з асноўных для начальніка аддзела.

Лагічны працяг рамонтаў — добраўпарадкаванне прылеглых да клубаў ды бібліятэк тэрыторый (іншыя двух гектараў дасягаюць!). Гэтыя ўчасткі, натуральна, таксама задзейнічаны ўлетку для правядзення анімацыйных мерапрыемстваў. Каб выглядалі такія “летнія сцэны” прывабна, мы нават раённы конкурс абвясцілі. Штогадовымі вынікамі яго я задаволены. У якасці прэмій уручаем лепшым установам музычную, гукаўзмацняльную апаратуру. І тут асаблівых праблем мы не адчуваем. Устаноў — не так шмат, сучаснай тэхнікі хапае. Не скажу, што развіццю нашай справы замінае кадравы дэфіцыт. Безумоўна, вельмі хацелася б, каб нашы людзі мелі спецыяльную адукацыю. Так атрымліваецца не заўжды. Але і тут ёсць выйсце: кадры імкнёмся пастаянна вучыць…

Вельмі важным у дзейнасці начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі лічу цесны кантакт з кіраўніцтвам раёна, бо адну дзяржаўную справу робім. У мяне, да прыкладу, са старшынём Нараўлянскага райвыканкама Валерыем Шлягам — узаемаразуменне поўнае. Ён у раёне — не адзін дзясятак гадоў і цудоўна разумее, якая важная роля адведзена нашаму аддзелу ў агульнараённым штодзённым клопаце. Мы, у сваю чаргу, імкнёмся давер апраўдаць. Летась на будаўніча-рамонтныя работы нам было выдаткавана з раённага бюджэту 150 мільёнаў рублёў. Сума — немалая. Але і запыт — вельмі строгі: штотыднёва на райвыканкамаўскіх планёрках кіраўнік Нараўляншчыны сур’ёзна аналізуе, што і з якой якасцю зроблена нашым аддзелам.

Праблемы ў нас, безумоўна, ёсць. Адна з іх, на мой погляд, звязана з аднаўленнем Палацава-паркавага комплексу Горватаў ХІХ ст. у раённым цэнтры. Вырашэнне гэтай праблемы ператварылася цягам апошніх гадоў у нязбыўную мару. У якія толькі праграмы мы ні ўключалі названы аб’ект... Нават на дзяржаўным узроўні было калісьці вырашана падступіцца, урэшце, да вырашэння набалелага пытання. Перашкодзіла эканамічная сітуацыя. Але спадзяванняў не пакідаем. Палац можа — і павінен! — стаць цэнтрам, што паяднае ўнутрыраённыя турыстычныя маршруты, якія ўжо цяпер прыносяць нам пэўны прыбытак. (Маршруты збольшага датычацца мінуўшчыны, звязанай з Вялікай Айчыннай вайной; на двух аддзелаўскіх аўтобусах мы возім ахвотных да воінскіх пахаванняў, да вёскі Лупень, што паўтарыла лёс Хатыні, да партызанскіх лясных стаянак. Дарэчы, экскурсію вядзе наш спецыяліст з ліку музейных работнікаў.)

Што можам, тое і робім: прыбралі тэрыторыю ў парку і ля палаца, рэгулярна аднаўляем плот вакол аб’екта. На іншае грошай пакуль няма. Палацавы брэнд застаецца пакуль марай. Але мы для таго і працуем, каб мары, няхай сабе і недасяжныя на першы погляд, абавязкова здзяйсняліся...

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"