“Concerto Grosso” маэстра Арлена

№ 19 (1145) 10.05.2014 - 16.05.2014 г

У серыі “Славутыя мастакі з Беларусі”, якую ладзіць выдавецтва “Беларусь” па заказе нашага Нацыянальнага мастацкага музея, выйшаў невялікага фармату альбом, прысвечаны творчасці народнага мастака Беларусі Арлена Міхайлавіча Кашкурэвіча. Аўтар — К.Барабанаў. У альбоме ў сціслай форме апавядаецца пра жыццёвы шлях майстра, пра этапныя творы, што прынеслі яму славу на радзіме і за межамі Беларусі.

Самая ранняя з прыведзеных у альбоме работ была створана ў 1959 годзе, самая позняя — у 2006-м. Ёсць пэўная сімволіка ў тым, што кніга выйшла з друку напярэдадні Дня Перамогі, бо тэма народнага Подзвігу ў Вялікай Айчыннай вайне была ў творчасці Кашкурэвіча стрыжнявой, і яе эмацыйнае водгулле адчуваецца і ў ягоных цудоўных работах “мірнай” тэматыкі.

У альбоме прыведзены такія шэдэўры Арлена Кашкурэвіча, як аркушы з серыі “Партызаны”, “Блакада”, ілюстрацыі да “Фаўста” Гётэ і “Карнікаў” А.Адамовіча. Псіхалагічны стан мастака ў апошнія гады жыцця адлюстраваны ў малюнках цыкла “Concerto Grosso”. Аўтар нібыта кажа, што жыццё — гэта вялікі канцэрт, дзе чалавек — і кампазітар, і выканаўца, і слухач адначасова. А музычны інструмент на гэтым “Concerto Grosso” — Душа...