Мелодыя для топ-турніру

№ 19 (1145) 10.05.2014 - 16.05.2014 г

Алег ЛІТВІНЮК, дырэктар фальклорнага калектыву Беларускай дзяржаўнай філармоніі “Купалінка”:
— Чэмпіянат свету па хакеі ў Мінску — выдатная магчымасць падтрымаць нашу зборную і паглядзець на гульню зорак сусветнага спорту. Атрымаўшы запрашэнне ад арганізатараў, “Купалінка” з радасцю пагадзілася выступіць на вялікай пляцоўцы “зоны гасціннасці” каля Палаца спорту.

Вядома, хочацца і самому пайсці на “вялікі хакей”. А таму загадзя набыў білеты на некалькі матчаў. Больш за тое: да нас прыедуць калектывы з Польшчы, з якімі мы падтрымліваем плённае супрацоўніцтва. Яны заахвоціліся наведаць Беларусь (візы, як вядома, уладальнікам білетаў на гульні Чэмпіянату не патрэбны), а таксама паглядзець на спаборніцтвы Чэмпіянату, бо ў тым ліку і іх зборная здолела прабіцца на гэты топ-турнір.