“Лічбы на сэрцы” — у Светлагорску

№ 6 (824) 09.02.2008 - 15.02.2008 г

Так, знакаміты цыкл жывапісных твораў народнага мастака СССР і Беларусі, Героя нашай краіны Міхаіла Савіцкага экспануецца зараз у Светлагорскай карціннай галерэі “Традыцыя” імя Германа Пранішнікава. Гэта стала магчымым дзякуючы ініцыятыве Беларускага саюза афіцэраў і добразычліваму стаўленню да нас Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, якому належаць творы. Дванаццаць вялізных жывапісных карцін, прасякнутых трагічнай памяццю мастака, які сам спазнаў у поўнай меры ўсе жахі фашысцкага Бухенвальда. З аўтапартрэта “Вязень 32815” і пачынаецца экспазіцыя.

 /i/content/pi/cult/148/1037/Lichby.jpg

Фрагмент экспазіцыі.

Амаль усе карціны — сюжэтныя і нават ілюстратыўныя ў лепшым сэнсе гэтага слова, бо “ілюструюць” яны саму сутнасць фашызму, саму трагедыю тых, каму была наканавана “індустрыя смерці”. Міхаіл Андрэевіч бачыць і ў фашысцкім пекле нескаронасць чалавечага духу. Асуджаныя на знішчэнне гэтым яшчэ выразней кантрастуюць з тымі, хто іх на яго асуджае.

Нейкім цемрашальствам Сярэднявечча прасякнуты “Танец з агнём”. Ды і іншыя творы не абяцаюць лёгкага сузірання. Наўрад ці можна спакойна ўспрымаць карціны “Адбор”, “Спяваючыя коні”, “Этэрсберг. Галгофа ХХ стагоддзя”, “Наглядчык”, “Летні тэатр”... Аднак і ў Бухенвальдзе былі не толькі пакорліва безнадзейныя ахвяры, аб чым эмацыянальна і па-мастацку пераканаўча сведчаць карціны “Уцёкі”, “Пракляцце”, “Мадона Біркенаў”, “SOS” і іншыя.

З часу стварэння “Лічбаў на сэрцы” прайшло амаль 30 гадоў. Выраслі пакаленні, якія не ведаюць жахаў вайны. Аднак памяць аб ёй — незабыўная. Вось чаму, як бы ні было псіхалагічна цяжка, а паглядзець мастацкія сведчанні бухенвальдскага пекла неабходна. І невыпадкова ці не першымі ў галерэю завіталі выкладчыкі гісторыі школ горада і раёна, якім аднаўляць і захоўваць сувязь часоў.

Нядаўна ў чарговы раз гутарыў з Міхаілам Андрэевічам па тэлефоне. Запрасіў яго прыехаць на адкрыццё выстаўкі ў Светлагорск. Але ён адмовіўся: узрост не той, ды і карціна маштабная трымае ля мальберта.

— Гэта таксама аб вайне, але тэма яшчэ нікім не кранутая ні ў жывапісе, ні ў літаратуры. Праўда, іншы раз перашкаджаюць — прыходзяць параіцца, просяць дапамогі. Як адмовіш?..

— А вы павесьцена дзвярах аб’яву: “Мастака няма — ён працуе”, — пажартаваў я. Міхаілу Андрэевічу гэта, відаць, спадабалася.

— Давядзецца,— сказаў ён і засмяяўся...


Ізяслаў КАТЛЯРОЎ,
дырэктар Светлагорскай карціннай галерэі
“Традыцыя” імя Германа Пранішнікава