Дакрануцца да сакральнага

№ 19 (1145) 10.05.2014 - 16.05.2014 г

Праект “Спадчына Беларусі” “выйшаў у народ”
Да Чэмпіянату свету па хакеі Мінск упрыгожыўся яшчэ адной яскравай выстаўкай. Гаворка ідзе менавіта пра публічную прастору горада — праспект Незалежнасці, дзе на агароджы парку Чалюскінцаў з’явілася новая “экспазіцыя”, прысвечаная культуры нашай краіны. Славуты праект “Спадчына Беларусі”, знаёмы многім, у тым ліку па шыкоўных фаліянтах фатаграфій, днямі “выйшаў у народ”, у поўным сэнсе гэтага слова. Цяпер маляўнічыя фотапалотны з выявамі архітэктурных помнікаў Беларусі можа ўбачыць кожны ахвотны: для гэтага дастаткова выйсці на згаданы праспект і яшчэ раз упэўніцца ў тым, якім культурным багаццем валодае наша краіна. Варта адзначыць, што вядомы праект журналістаў, лаўрэатаў прэміі “За духоўнае адраджэнне” Алега ЛУКАШЭВІЧА і Аляксандра АЛЯКСЕЕВА здолеў ажыццявіцца ў новай іпастасі дзякуючы арганізацыйнай падтрымцы Арт-цэнтра Вольгі і Андрэя Смалякоў.

/i/content/pi/cult/486/10369/6-1.jpg

Аляксандр Аляксееў (злева) і Алег Лукашэвіч.

/i/content/pi/cult/486/10369/6-3.jpg

"Экспазіцыя", якую складана не заўважыць.

/i/content/pi/cult/486/10369/6-4.jpg

Пад час адкрыцця выстаўкі.

Эксклюзіўна для “К” аўтары славутай “Спадчыны Беларусі” распавялі пра галоўную мэту іх праекта і пра тое, які шлях за гэты час удалося прайсці іх “дзецішчу”.

— Алег, Аляксандр, праект “Спадчына Беларусі” атрымаў яшчэ адно ўвасабленне — гэтым разам ступіўшы на тэрыторыю public-art. Ці не падаецца вам, што тыя этапы, якія праходзіў ваш праект пачынаючы з 2004 года — ад часу, калі быў выдадзены першы альбом, — у чымсьці перагукаюцца са станаўленнем беларускага грамадства, яго адкрытасці, цікавасці да ўласнай культуры, яе форм прэзентацыі?

— Сапраўды, мы жывём у цікавую эпоху. Мы не проста сведкі, а ўдзельнікі і стваральнікі гісторыі маладой дзяржавы. Распачынаючы працу над нашым праектам у 2001 годзе, мы першымі на Беларускім тэлебачанні стварылі больш за 100 серый праграмы “Наша спадчына”. Тыя выпускі сталі сапраўдным адкрыццём для шырокага кола гледачоў: так маштабна пра айчынную гісторыю на тэлебачанні да нас ніхто не расказваў. Гэтая праца і стала падмуркам да стварэння прадстаўнічага фаліянта — кнігі-альбома. Мы першыя, хто пад адной альбомнай вокладкай змясціў не толькі Мінск, але і ўсе рэгіёны Беларусі.

Галоўнымі мэтамі выдання былі ўздым самасвядомасці беларусаў, разбурэнне стэрэатыпаў аб краіне, якая нібыта акрамя фальклору і прыгожай прыроды больш нічога не мае. Нам гэта ўдалося — можна сказаць, новае пакаленне вырасла на нашых альбомах. “Спадчына Беларусі” была названа альбомам № 1 у нашай краіне. Яе тыраж у 42 500 экзэмпляраў стаў не толькі рэкордам у нацыянальным кнігавыдавецтве, але і сведчаннем вялікай запатрабаванасці ды цікавасці да нацыянальнай гісторыка-культурнай спадчыны. Сёння экзэмпляры нашай кнігі ёсць у Папы Рымскага і Каралевы Вялікабрытаніі, у буйных бібліятэках свету, ва ўніверсітэтах, у дыпламатычных установах, прыватных зборах знакамітых людзей — ад рэжысёра Пола Верхувена да сына Марка Шагала. Ступіўшы на тэрыторыю public-art, мы пашыраем кола грамадскасці, у тым ліку і замежнай, якая такім чынам можа дакрануцца да нашай гісторыі...

— На якім мы зараз этапе (усведамлення беларускай культуры), на вашу думку? Што не заўважаем па-ранейшаму? Чым пачынаем сапраўды ганарыцца?

— Шлях, які прайшла незалежная Беларусь за такі кароткі адрэзак часу, — проста фантастычны. Мы нават не маглі ўявіць дзесяць гадоў таму, што адновяцца замкі ў Нясвіжы і Міры, палацы ў Гомелі і Крычаве, сядзібы ў Скоках і Мерачоўшчыне, ажывуць руіны ў Косаве і Ружанах. Знакавы для Беларусі помнік ХІІ стагоддзя — Спасаўская царква ў Полацку. Да нашых дзён захаваўся манументальны роспіс, які быў выкананы пры жыцці Прападобнай Ефрасінні Полацкай. Нам пашчасціла бачыць гэтыя ўнікальныя фрэскі пад самым купалам, калі яшчэ стаялі будаўнічыя рыштаванні. Сёння дзякуючы руплівай працы рэстаўратараў кожны можа ўбачыць гэты цуд. Спіс можна доўжыць. Тое, што Мір і Нясвіж штогод наведваюць сотні тысяч чалавек — яскравы прыклад цікавасці да нацыянальнай спадчыны. І гэтым сапраўды можна ганарыцца. Сёння шмат маладых людзей неабыякава ставяцца да нашага мінулага, вывучаюць гісторыю, вандруюць па краіне, а гэта сведчыць аб добрай будучыні Беларусі.

— Фотаэкспазіцыі, фотаальбомы, цыкл фільмаў, выстаўка ў публічнай прасторы… Што далей? Пра што думае, словамі вядомай сацыяльнай сеткі, што плануе рабіць далей тандэм Лукашэвіч-Аляксееў?

— Зараз мы скончылі працу над вялікім тэлевізійным праектам “Мастакі Парыжскай школы. Ураджэнцы Беларусі”. Восем стужак раскажуць пра выбітных майстроў: Марка Шагала, Хаіма Суціна, Надзю Хадасевіч-Лежэ, Міхаіла Кікоіна, Восіпа Любіча, Льва Бакста, Восіпа Цадкіна, Шрагу Файбіша-Зарфіна. Мецэнатам праекта выступіў “Белгазпрамбанк”. Прэзентацыя для журналістаў пройдзе 13 мая, а першымі гледачамі цыкла стануць прыхільнікі тэлеканала “Беларусь 1”...

Фота Ганны ІВАНОВАЙ

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"