Рэйсы, “экзотыка” і свае сродкі на кірмаш

№ 26 (1152) 28.06.2014 - 04.07.2014 г

“Славянскі базар у Віцебску”: да пачатку — дзесяць дзён і…
Па сутнасці, да пачатку XXIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” засталося ўсяго дзесяць дзён: перадфорумныя мерапрыемствы стартуюць 8 ліпеня, а ўрачыстае адкрыццё адбудзецца 10-га. Хоць афіцыйна фэст закрыецца 14 ліпеня, але яшчэ да 16-га ў горадзе маюць праходзіць канцэрты пад брэндам “Славянскага...”. “К” па традыцыі вырашыла высветліць, як установы культуры горада і вобласці рыхтуюцца да форуму, чым збіраюцца здзіўляць патрабавальную публіку, для чаго і накіравала свайго карэспандэнта да месца будучых святочных падзей. “Інспекцыя” наша сталася, натуральна, выбарачнай, і пра яе вынікі — у гэтым матэрыяле.

/i/content/pi/cult/485/10368/10-1.jpg

/i/content/pi/cult/485/10368/10-3.jpg

У "Здраўнёва" ў людны дзень. / Фота Юрыя ІВАНОВА
/i/content/pi/cult/485/10368/10-4.jpg

Калектыў майстроў Гарадоцкага РДР.

“Здраўнёва” — па-за кольцам…

Загадчык філіяла Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Музея-сядзібы Ільі Рэпіна “Здраўнёва” Аляксей СУХАРУКАЎ — старадаўні сябар нашай газеты, а сябру — і пытанне наўпрост.

— Аляксей Васільевіч, мы неаднаразова пісалі пра тое, што да вас дабірацца складана: 16 кіламетраў ад Віцебска, аўтобусы ж кіламетры з тры не даязджаюць да сядзібы… Можа, нешта змянілася ў станоўчы бок?

— Так, справа, нарэшце, зрушылася з мёртвай кропкі: да нас пайшлі рэгулярныя рэйсы ў аўторак, чацвер, суботу, нядзелю — у ранішнія і вячэрнія гадзіны. І няхай такі графік больш задавальняе дачнікаў, але падобны варыянт — лепшы за тое, што існавала раней…

Некаторая няпэўнасць у словах Аляксея Сухарукава звязана з тым, што “Здраўнёва” наўпрост не ўваходзіць у лік тых устаноў культуры, якія афіцыйна задзейнічаны ў праграме фестывалю. Хоць музей да яго спраўна рыхтуецца кожны год, прапаноўваючы наведвальнікам цікавыя выстаўкі ды імпрэзы. Будуць яны і сёлета. Сапраўднай сенсацыяй мае стаць сумесны праект з Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатрам імя Якуба Коласа, перспектыўную запатрабаванасць якога загадчык філіяла ахарактарызаваў словам “бомба”, ухіліўшыся ад яшчэ якіх-небудзь падрабязнасцей, адно дадаўшы: “рэпетыцыя” запланавана паралельна з віцебскім Днём горада. І зусім не “рэпетыцыяй” станецца свята Купалля ў самы пярэдадзень форуму — таксама сумесны праект: музея ў Здраўнёве, Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі ды латвійскіх партнёраў.

— Сёлета мы адзначаем і дзве знакавыя даты, — кажа Аляксей Васільевіч. — Шэраг мерапрыемстваў прысвяцілі і яшчэ прысвецім 170-годдзю з дня нараджэння Ільі Рэпіна, а таксама юбілею філіяла — 25-годдзю. Гэта значыць, наплыву наведвальнікаў мы чакаем, але ж дасюль не вырашана іншая праблема: на тэрыторыі сядзібы няма ніводнага пункта харчавання. Пытанне пра тое ўзнімаецца сістэматычна. Спадзяюся, пасля частковага вырашэння транспартнага пытання гарадскія ўлады дапамогуць “разруліць” і гэтае…

А наогул, Аляксей Сухарукаў лічыць, што ўстанове не зашкодзіла б уваходжанне ў “залатое кольца “Славянскага базару…”. Тады б і плынь наведвальнікаў узрасла, а значыць — і пазабюджэтных грошай. Сама ж установа атрымала б дадатковую рэкламу, што, магчыма, дапамагло б цывілізаваць тое ж “харчовае пытанне”. Дый паднавіць некаторыя будынкі самы час…

Урэшце, пра эстэтычны бок і казаць не выпадае. “Здраўнёва” — месца невыказнай прыгажосці. Ніякі наймагутны фотаапарат не здолее перадаць увесь гэты надзвычайны пейзаж: старасвецкую ліпавую алею, від з акна сядзібы на Заходнюю Дзвіну... Так, з густам у Ільі Яфімавіча было ўсё ў парадку, ды і “рыэлтар”, які прапанаваў мастаку гэты куточак, быў чалавекам з разуменнем патрэб творчай асобы...

Пад вывескай  Дома рамёстваў

Дом рамёстваў і фальклору, які знаходзіцца ў Гарадку (29 км ад Віцебска), — знакаміты, а ў нечым і культавы асяродак традыцыйных народных промыслаў для ўсёй Беларусі. Самому адміністрацыйнаму цэнтру раёна сёлета яшчэ толькі трэба будзе прыняць у сябе Фестываль-кірмаш працаўнікоў сяла “Дажынкі”, а пакуль культурныя сегменты горада “трэніруюцца на котках”. Ужо выбачайце за кінацытату…

— Ніводзін “Славянскі базар…” не абыходзіцца без нашай прысутнасці, — з гонарам зазначае дырэктар Гарадоцкага дома рамёстваў і фальклору Васіль СІМАНКОВІЧ. — Мы прадстаўлены на ім падворкам, нашы ўмельцы дэманструюць свае работы ў “Горадзе майстроў”, а ў конкурсах народных рамеснікаў па разьбе па дрэве, лозапляценні, ткацтве, роспісе па тканіне, якія праводзяцца на фестывалі, мы рэгулярна заваёўваем прызавыя месцы…

У заслугу сваёй установе Васіль Паўлавіч ставіць тое, што яе супрацоўнікі прыклалі рукі да адраджэння такіх старажытных рамёстваў, як, напрыклад, вышыўка па сетцы, ажурнае ткацтва. Прычым выкарыстоўваюць яны пры стварэнні сваіх работ тыя ж самыя традыцыйныя тэхналогіі. Што гэта азначае для гасцей фестывалю? Тое, што ўбачыўшы над прылаўкам шыльду “Дом рамёстваў і фальклору, г. Гарадок”, яны мусяць дакладна ведаць: менавіта тут можна набыць аўтэнтычную гістарычную рэпліку. І такі важны адносна беларускай культуры, нават самаідэнтычнасці, факт: прадаўцы і майстры, якія гандлююць такім таварам, заўсёды ў Сіманковіча апрануты ў нацыянальныя касцюмы.

— Добра, калі ў наш Дом прыходзяць навучацца навыкам старадаўніх прафесій дзеці людзей, якiя ў iм працавалі і працуюць. Але сваю задачу я бачу і ў тым, каб юнакі і дзяўчаты больш глыбока падышлі да пытання: каб за сваім вырабам яны бачылі мінулае, карані, цікавіліся імі, вывучалі іх, а калі гэта магчыма — давалі ім другое жыццё, — перакананы Васіль Пятровіч.

“Дах” для рамеснікаў

У кантэксце фестывалю ў самім Віцебску на момант камандзіроўкі панавала адноснае зацішша (калі ажыятаж першых дзён паступлення ў продаж білетаў спаў, а ўрачыстасці да Дня горада яшчэ не пачаліся). Але людзі каля кас ёсць, стаяць, пераступаючы з нагі на нагу, выпытваюць падрабязнасці пра мерапрыемствы, выбіраюць, прыцэньваюцца…

Я ж параіў бы гасцям форуму абавязкова адкласці пэўную суму грошай на яго матэрыяльны складнік — на набыццё твораў мастацтваў, выкананых зусім не саматужным спосабам. Пра тое ж праз наша выданне нагадала вядучы метадыст Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці, мастацтвазнаўца Людміла Вакар. Але калі для пакупнікоў такая “экзотыка” з’яўляецца, хутчэй, рэчыўным напамінам пра незабыўныя дні, вечары і ночы, праведзеныя ў горадзе, або прадметам, неабходным у побыце, то для рамеснікаў іх “дзецішчы” — нагода паспаборнічаць...

— Наш Цэнтр традыцыйна з’яўляецца адным з куратараў “Горада майстроў”, які збірае пад сваiм “дахам” умельцаў з усёй Беларусі. Сярод іх праводзіцца адкрыты конкурс па якім-небудзь рамястве (пра гэта крыху раней казаў вам і Васіль Сіманковіч з Гарадка), дзе ўдзельнічаюць і замежныя майстры з Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы, Латвіі. Сёлета ў пераліку павінна апынуцца і Эстонія, — анансуе “свой” праект Людміла Уладзіміраўна. Так, на сёлетнім “Славянскім…” пройдзе конкурс майстроў мастацкага роспісу “Фарбы нябёсаў”. Ён вызначыць лепшых у васьмі намінацыях: “Роспiс па тканiне”, “Набіванка”, “Сучасны дэкаратыўны роспiс па тканiне”, “Роспiс па дрэве”, “Роспiс па шкле”, “Лакавая мiнiяцюра”, “Малярская дэкарацыя”, “Роспiс па керамiцы”.

— У фестывальныя дні адкрыецца і выстаўка маляваных дываноў, — працягвае рэкламаваць мерапрыемствы Цэнтра Людміла Вакар. — Яна складаецца з двух раздзелаў: рэтра — з калекцыі Абласнога краязнаўчага музея, і сучасныя работы…

Кірмаш за свой кошт і калізіі

Ужо калі i Людміла Уладзіміраўна згадала “Горад майстроў”, то варта сказаць пра пастаянную блытаніну, звязаную з ім і “Задзвiнскiм кiрмашом” — “притча во языцех”, лічы, але — фестывальнага значэння. Мы паспрабавалі разабрацца ў калізіі, але пра ўсё — па парадку...

Культурна-гістарычны комплекс “Залатое кольца горада Віцебска “Дзвіна” будзе радаваць фестывальны люд традыцыйным кірмашом народных рамёстваў і мастацтваў “Задзвiнскi кiрмаш”. Вуліцы Чайкоўскага і Ільінскага аддадуць ва ўладу... зноў-такі, умельцам, якія спецыялізуюцца на вырабе адпаведнай прадукцыі, выкананай у адзінкавых экзэмплярах, майстрам, што працуюць у самых розных жанрах мастацтва, творчым аб’яднанням, клубам і гурткам — агулам каля тысячы чалавек з Беларусі, краін Балтыі, Украіны, Расіі. Тры падворкі, размешчаныя на тэрыторыі комплексу, стануць пляцоўкамі трох святаў прафесіяналаў разьбы па дрэве, кавальскай справы і ганчароў. А ў дадатак да іх — дзве канцэртныя сцэны.

— Будзе шумна, гучна, прыгожа, ярка! — абяцае дырэктар “Дзвіны” Віктар Кібісаў. — Да звычайных жа хваляванняў напярэдадні “Славянскага базару…” дадалося тое, што гэтым разам “Задзвiнскi кiрмаш” мы праводзім за кошт пазабюджэтных сродкаў, заробленых намі.

І вось момант: майстры, якія гандлююць на “Задзвiнскім кiрмашы” ўласнаручна вырабленай прадукцыяй, скардзяцца на засілле ў шэрагах прамысловых тавараў, часцяком — кітайскай вытворчасці, перакупшчыкаў. На іх погляд, гэта прыніжае аўтэнтычную значнасць мерапрыемства, ды і ў выпадку выяўлення няякаснага тавару нашым, як кажуць, па галаве “настукаць” можна, а да кітайскіх вытворцаў не дацягнуцца...

— Гэта элементарная блытаніна, — кажа Віктар Дзмітрыевіч. — Мы — не “Горад майстроў”, дзе ўсё насамрэч аўтэнтычнае. Мы — звычайны кiрмаш, толькі ў фестывальным увасабленні! Мы таксама хацелі б гандляваць выключна прадукцыяй народных рамеснікаў, але ўступаюць у сілу эканамічныя законы, калі нам проста трэба зарабляць, каб развіваць і свой Комплекс, і фінансаваць будучыя “Задзвiнскiя кiрмашы”. Аднак, калі б людзі былі катэгарычна супраць такога суседства, мы задумаліся б. Пакуль жа народ ідзе сюды ды з задавальненнем купляе і шырспажыў, і нешта абсалютна эксклюзіўнае…

Ну вось і разабраліся... А асноўныя службы “Славянскага базару ў Віцебску” сканцэнтраваны ў яго “штабе” — так называюць журналісты тую ўстанову, у якой яны праходзяць абавязковую акрэдытацыю. У ёй мы з вамі там пабываем. Гаворка, вядома, — пра Цэнтр культуры “Віцебск”…

Пра бачанне форуму яго дырэктарам Аляксандрам СІДАРЭНКАМ чытайце ў бліжэйшых нумарах “К”.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"