Аўдыя & Відэа-3

№ 26 (1152) 28.06.2014 - 04.07.2014 г

Аўдыя- і відэаработы айчынных выканаўцаў рэцэнзуюць гэтым разам кампазітар, прадзюсар Яўген АЛЕЙНІК (А) і спецыяльны карэспандэнт газеты “Культура” Алег КЛІМАЎ (В).

/i/content/pi/cult/485/10367/9-4.jpg

Аўдыя

Гурт “Landau”, сінгл “Снежань”

А.: Цікавы эксперыментальны беларускамоўны рок! Адразу ацаню народную школу вакалу салісткі, што, уласна, і надае музыцы нацыянальную афарбоўку, робіць яе першакрыніцай, а не перайманнем “хрыпатым” блюзменам. Хачу параіць смела працаваць з электроннай музыкай, з сэмпламі: пры больш выглянцаваным гуку бачу ўсе перспектывы для спробы заявіць пра сябе ў замежжы. Пры правільнай камерцыялізацыі гуку і аранжыровак у бок традыцый амерыканцаў з “Evanescence”, у “Landau” адкрыюцца новыя гарызонты. У першым трэку я б падчысціў “цюнам”: выкананне “субтонам” настолькі “прысела” на вушы слухачам за гады панавання студыйнага R’n’B, што людзі перасталі ўспрымаць натуральнае гучанне такой манеры выканання, аддаючы перавагу вычышчаным партыям. Аднак трэк “Vera” — лідар майго хіт-парада з усяго апісанага. З задавальненнем пазнаёміўся б з музыкантамі, паколькі адчуваю падабенства ў прадстаўленні сучаснай музыкі.

В.: Прыгожы, пяшчотны, паветраны, лёгкі поп-рок, нават пост-рок, не без уплыву трып-хопу, ад брэсцкага гурта “Landau”. Празрыстая лідар-гітара, бас, які хіба пазначае сябе, ненадакучлівая электроніка, часам — густая агульная гукавая атмасфера, ненастырны жаночы вакал, які расстаўляе драматургічныя акцэнты, напеўныя мелодыі, рэлакс-настрой. Нічога не трэба дадаваць у аранжыроўкі — усяго ў меру. Выдатнае ўражанне пакідае гэты сінгл, які складаецца з трох беларускамоўных кампазіцый. Вось такія песні патрэбны нашаму радыйнаму і тэлевізійнаму фармату ды слухачу, чый густ даўно сапсаваны прымітыўнай папсой і другарадным рокам. Хочацца прадчуваць падзею, чакаючы паўнавартаснага альбома гэтай найцікавай, па-сапраўднаму жывой каманды. Зычу і далей рухацца абраным шляхам, які вылучаецца на фоне калег!..

Гурт “Super Besse”, міні-альбом “Musique pour les filles*”

А.: Не пашанцавала музыкантам з датамі нараджэння. У 1980-я гэта быў бы самы папулярны гурт у СССР. Тады было вельмі модна, не ўмеючы граць і спяваць, прыкрыцца тэкстамі з намёкам на філасофію або проста скажонымі галасамі вымаўляць у мікрафон незразумелыя словы — і тысячы падлеткаў перапісваюць трэк з касеты на касету, адмотваючы плёнку на алоўку… Мне ж здаецца, што час запісу “на каленцы” ўжо прамінуў. Ён, уласна, і не наступаў ва ўсім свеце... Цяпер сур’ёзна. Аранжыроўкі з прэтэнзіяй на элітарнасць, але без навыкаў ігры. Тэксты другасныя настолькі, наколькі могуць быць другаснымі пошукі нестандартных фраз у поўным адрыве ад сэнсу. Ды і вокладка дыска кажа пра гурт: калі вас выгналі з ВНУ, але ў душы вы філосаф у пошуку сэнсу жыцця, такая музыка — для вас. Не магу не прыгадаць словы Далі пра аматараў паспекуляваць на дзіўным і няправільным, называючы гэта высокім мастацтвам: “Перш чым стаць кубістам — навучыся маляваць”.

В.: Мінскі гурт, які выконвае пост-панк і крэда якога — lo-fi-гучанне, набірае абароты. У кампазіцыях калектыву наўмысна і не дапускаюцца тэхнічныя агрэхі, пабочны шум, скажэнні, выпадковы фон. Калі б не заява для прэсы, што ўсё згаданае — абраная імі стратэгія і тактыка, то дадзены “бруд” прапускаеш міма вушэй, і ён арганічна ўпісваецца ў канцэпт саміх песень — энергічных, тэмпавых, не па-вар’яцку хуткіх, а крыху стрыманых. Панку, як вядома, уласцівы нейкі пратэст. У выпадку “Super Besse” панк якраз і ёсць “пост” — не такі агрэсіўны, амаль ветлівы, паважлівы і, пры ўсёй рытмічнай прамалінейнасці ды не занадта фантазійных мелодыях з аранжыроўкамі, прадуманы, што і адчуваецца. Для танпляцовак з крыху прасунутай моладдзю, знаёмай з творчасцю карыфеяў жанру, — самае тое. Ды і проста падурэць пад такія трэкі можна. Ва ўсіх сэнсах прыемнае трыа...

Гурт “Avias”, альбом “Колеры”

А.: З першых акордаў чутны якасны студыйны запіс. “Выдатна” выстаўляю яго прадзюсару. Песня “Колы агляду” пачынаецца з пройгрышу, які ўспрымаецца як “фірмовы”. Чуваць, хлопцы добра папрацавалі на рыфамі: гітарныя і басовыя партыі больш разнастайныя, чым вакальныя. Імпануе рамантызм, выдатна раскрыты ў аранжыроўках такіх песень, як “НЛА”, “Маўклiвы горад”. Аднак слабым месцам (выказвацца крытычна падштурхоўвае жанр рэцэнзіі) лічу вакал. Гэта самы вялікі біч беларускай рок-музыкі — спеў “у нос” штучнымі падхрыпаватымi галасамі. У якасці вакальнага прыкладу для дадзенага тыпу музыкі магу прывесці Дэйва Грола, саліста “Foo Fighters”: голас хрыплы, але — свабодны і натуральны. У саліста “Avias” добрыя задаткі, але трэба папрацаваць над манерай, выкараніць штампы і выкрышталізаваць сваю, натуральную, манеру выканання. У цэлым, уражанне вельмі добрае. Беларуская мова тут слухаецца лёгка.

В.: Адзiн з тых мінскіх гуртоў, што сёння ў трэндзе. Калектыў і сам па сабе добры, і асобна добрая яго бубначка. Каманда, схільная да грандж-гучання. Шчыльны, насычаны гук, без асаблівага выпінання якога-небудзь інструмента. Беларускамоўныя тэксты “за жыццё”, меладычныя трэкі, наколькі тое магчыма пры досыць агрэсіўнай падачы матэрыялу. Парачка хітоў (або нумароў, якія прэтэндуюць на іх) — “НЛА” і “Абяцанае”. У цэлым, дэбютнік у трыа атрымаўся моцны, упэўнены, адметны. Рэвалюцыі ў айчынным рок-свеце ён не зрабіў і культурнага шоку не стварыў, але пацвердзіў тое, пра што я напісаў у першым сказе: перад намі — бэнд, на які ходзяць, ад якога чакаюць песень, які знаходзіцца ў шэрагу тых, хто падпірае прызнаных хэдлайнераў па жанры і вось-вось пяройдзе ў вышэйшую лігу. Далёка не першы на маёй памяці ансамбль, што пачынаў гэтак жа баявіта, дзёрзка, без аглядак на аўтарытэты. Вельмі не хочацца праз час прысвяціць гэтым музыкантам нататку з адваротным зместам…

Відэа

Гурт “Дай дарогу!”, кліп на песню “Танкіст”

А.: Вось прыклад творчасці “без прэтэнзіі”. Хлопцы напісалі смешны, з класным саўндам трэк, знялі відэа. І з самага пачатку зразумела, з якім пачуццём усё ўспрымаць: з пачуццём гумару. Для камерцыйнага ажуру, на мой погляд, не стае адмовы ад нецэнзурнай лексікі (хоць мяне гэта весяліць) і больш шчыльнага запісу вакалу. Напрошваецца аналогія з “Offspring”, і менавіта яна патрабуе больш дбайнай працы з гукам ды хітовасцю песні. Я бачу ў трэка патэнцыял, паколькі беларускі прадукт, апеты ў ім, папулярны ва ўсім свеце. Аднак шмат што можа ўткнуцца ў адсутнасць хітовага прыпеву. Калі раптам “Дай дарогу!” захочуць выціснуць з песні максімум, раю перапісаць мелодыю прыпева, зрабіўшы яго больш запамінальным, і папрацаваць над гучаннем голасу.

В.: Усім тым, хто гуляе ў камп’ютарныя танкавыя бітвы, прысвячаецца... Відэашэраг у брэсцкіх альтэрнатыўшчыкаў атрымаўся павучальны. Брутальнага выгляду “перац” сярэдняга веку з салідным піўным жыватом паліць тэхніку мінуўшчыны або верагоднага праціўніка. Сыночак зазірае яму праз плячо, жонка спрабуе адцягнуць мужа ад той справы, але высілкі яе дарэмныя. У рэшце рэшт, яна не вытрымлівае і выклікае брыгаду санітараў. Але на месца “збітага лётчыка” за рычагі з педалямі ды гармату заступае яго сын. І ўсё — спачатку... Дынамічна, брутальна, без купюр у тэксце. Мараль: вось што чакае тых, хто забыўся на ўласную сям’ю. Памятай пра гэта, дзіця, і за камп’ютарам праводзь не больш за сорак хвілін у дзень!..

Чытайце таксама:

Аўдыя & Відэа-1

Аўдыя & Відэа-2

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"