"Пан Тадэвуш": з радзімы на... радзіму

№ 26 (1152) 28.06.2014 - 04.07.2014 г

18 чэрвеня пад час Дзён культуры Беларусі ў Францыі ў парыжскім тэатры “МС93” з вялікім поспехам прайшла нядаўняя прэм’ера Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы — спектакль “Пан Тадэвуш” паводле аднайменнай паэмы Адама Міцкевіча, напісанай 180 гадоў таму ў Парыжы. Паказ быў арганізаваны па ініцыятыве Пастаяннага прадстаўніцтва Беларусі пры UNESCO, падтрыманы прадстаўніцтвамі Польшчы і Літвы. Клопат па арганізацыі гастролей узяло Пасольства Рэспублікі Беларусь у Францыі. Спектакль сабраў каля 600 гледачоў. Артыстаў тройчы выклікалі на сцэну...

/i/content/pi/cult/485/10366/8-1.jpg

/i/content/pi/cult/485/10366/8-3.jpg

/i/content/pi/cult/485/10366/8-4.jpg

/i/content/pi/cult/485/10366/8-5.jpg

/i/content/pi/cult/485/10366/8-6.jpg

За гэтымі сціслым інфармацыйным паведамленнем — вялікая праца ўсяго тэатра і тых, хто яму дапамагаў, цэлы акіян эмоцый усіх удзельнікаў праекта. Мы звярнуліся да некаторых з іх па падрабязнасці ды ўражанні.

— Для мяне, — кажа мастацкі кіраўнік тэатра, рэжысёр-пастаноўшчык “Пана Тадэвуша” Мікалай ПІНІГІН, — быў важны не толькі спектакль і тое, як ён пройдзе, але і, галоўнае, сама гэтая падзея: вяртанне паэмы Адама Міцкевіча туды, дзе яна была напісана. І вяртанне — на беларускай мове: беларусы са сваім нацыянальным творам, са сваёй роднай мовай — у сталіцы Францыі.

Падрыхтоўка спектакля, прэм’ера, паездка — усё быццам ахінута нейкай містыкай. Яшчэ да таго, як была ажыццёўлена пастаноўка, раздаўся званок з Парыжа. Тэлефанаваў Павел Латушка — Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Францыі. Запытаўся, што мы павязём у Парыж на Дні беларускай культуры. Я кажу: “Пана Тадэвуша”. — “Цудоўна! Спаўняецца 180 гадоў з часу напісання гэтай паэмы”. А я і не думаў пра юбілей, мяне цікавіла сама тэма. І вось летась, у лістападзе, стаю ля помніка Міцкевічу ў Львове. Праз нейкі час — ля помніка яму ў Вільнюсе. Прыехаўшы ў Парыж, мы ў першы ж дзень ускладаем кветкі да помніка Міцкевічу там… Ці ж гэта не містыка?..

А тое, што ў праект не ўкладзена ніводнай дзяржаўнай капейкі? Тут і дапамога Пасольства, і моцная падтрымка спонсараў, калі грошы выдзелілі многія айчынныя фірмы ды прадпрымальнікі, і агульны энтузіязм паказаць у Еўропе тое, на што мы здольныя.

Вядома, там спектакль успрымаўся зусім інакш. Ужо адно тое, як палае Трыумфальная арка, задзейнічаная ў сцэнаграфіі, там набыло іншы кантэкст. І дзесяць хвілін апладысментаў напрыканцы спектакля — многае значаць…

— Я ніколі не думаў, што гэта магчыма, — кажа народны артыст Беларусі Мікалай КІРЫЧЭНКА, які іграе ў спектаклі Падкаморага. — Бо сам быў дырэктарам тэатра і добра ведаю, як складана вывезці, а тым больш за мяжу, такую колькасць людзей і такую магутную сцэнаграфію. Адна арка чаго каштуе! Таму мае першыя словы — не проста падзякі, а сапраўднага захаплення: і цяперашняму генеральнаму дырэктару тэатра Паўлу Палякову, і ўсім тым, хто гэтым займаўся. Асобныя словы прызнання — былому міністру культуры, цяперашняму Паслу Беларусі ў Францыі Паўлу Латушку, бо ён папраўдзе ўлюбёны ў тэатр і робіць усё магчымае для росквіту гэтага мастацтва, для папулярызацыі беларускага тэатра ў свеце.

У Парыжы я быў ужо не ўпершыню: наш тэатр выязджаў сюды з “Вяселлем” паводле Чэхава. Але цяперашняя падзея — зусім новы этап, бо мы прывезлі ў сталіцу Францыі сваю нацыянальную спадчыну, якая мае непасрэднае дачыненне да абедзвюх краін. Да прыўзнятага настрою і пачуцця ўрачыстасці моманту далучалася і хваляванне. Бо адна справа — проста прывезці спектакль, і зусім іншая — “стрэліць” ім не ўхаластую…

Без форс-мажору не абышлося: фура, што везла дэкарацыі, па дарозе зламалася. Мы чакалі, былі ў напружанні. Нарэшце, машына прыехала, але на манціроўку амаль не заставалася часу. І, зноў-такі, адбылося немагчымае: дзякуючы адданасці супрацоўнікаў, тое, што звычайна ўсталёўваюць два дні, было зроблена літаральна за тры гадзіны. Сцэна для нас там была нязвыклая: без аніякага подыума. Зала ідзе амфітэатрам, першы рад — літаральна на адлегласці выцягнутай рукі. Ёсць складанасці з акустыкай. У час спектакля ў зале стаяла цішыня, і было трывожна: ці то глядзяць і слухаюць так уважліва, ці то — проста з ветлівасці?.. Бачу, нейкі мужчына амаль увесь час глядзіць кудысьці ўбок, а не на сцэну. А потым звярнуў увагу, што практычна ўсе гледачы галовамі круцяць: то на сцэну, то ў цітры (французскамоўны пераклад, што быў змешчаны збоку). Хваляваліся і за тое, ці не парадзее зала пасля антракту: усё ж “Пан Тадэвуш” — спектакль даволі працяглы. Але ніхто не сышоў. І апладысменты былі такія, што ўсіх нас перапаўняў гонар за наш тэатр ды культуру…

— Чытаючы апошні маналог, — дзеліцца ўражаннямі Павел ХАРЛАНЧУК-ЮЖАКОЎ, выканаўца роляў Тадэвуша і Паэта, — я быццам пачуў голас самога Міцкевіча. Рэжысёр хацеў, каб гэты маналог прагучаў выбухова, з павышанай інтанацыяй, асаблівай патэтыкай. А на мяне штосьці такое націснула: я раптам адчуў, што нас слухае аўтар, які пісаў гэтую паэму тут, у Парыжы. І словы болю за сваю радзіму прагучалі вельмі ціха, натуральна, бы з ягоных вуснаў, а дакладней — з самой яго душы, што была дзесьці побач…

Гледачы бываюць розныя: тэатралы і не вельмі, тыя, хто завітаў на спектакль выпадкова… Выходзячы на сцэну, вельмі хутка адчуваеш, якая публіка сабралася гэтым разам. На нашай сцэне “Пан Тадэвуш” шмат у чым нясе адукацыйную нагрузку, бо распавядае нам нашу гісторыю, адкрывае тыя яе старонкі, якіх мы раней не ведалі. А ў Францыі спектакль праходзіў як сведчанне нашага нацыянальнага ўнёску ў агульную сусветную культуру. Таму і іграць там трэба было зусім інакш, шукаць новыя адценні, спосабы данясення сэнсу. Асабліва ў маналогах-зваротах, скіраваных непасрэдна да публікі. Хацелася не дэклараваць, якая ў нас багатая гісторыя і нацыянальная спадчына, што з часоў Сярэднявечча і Вялікага Княства Літоўскага была неад’емнай часткай еўрапейскай культуры, а дакрануцца да пачуццяў Міцкевіча, данесці ягоны боль за разбурэнне гэтых вытокаў…

У Парыжы я быў упершыню, таму ў вольны час намагаўся пабачыць як мага больш: Эйфелеву вежу, Версальскія сады, Манмартр, праехаліся мы і па Сене на рачным трамвайчыку. Але больш за ўсё ўразіла нават не архітэктура, а... слова “мерсі”. Яно гучала паўсюль, літаральна не сыходзіла з вуснаў гараджан і гасцей — і паўсюль квітнелі ўсмешкі на тварах, а сам горад ад гэтага станавіўся вельмі “хатнім”, утульным, такім жа ўсмешлівым. Вядома, у кожнага ёсць свае праблемы, жыццё без іх не бывае. Але такую ветлівасць, добразычлівасць, не толькі схаваную ў глыбіні душы, але і напісаную на тварах, хацелася б перанесці і ў нашу сталіцу, дзе людзі бываюць часам надта ўжо “зацыкленымі” на сваіх праблемах і кажуць “Дзякуй!” куды радзей…

Раскажу і пра такую дэталь. Акурат у той час, калі мы былі ў Парыжы, у тамтэйшых працаўнікоў метро была забастоўка: тую лінію, што ішла ў прыгарад, дзе мы выступалі, закрылі. Але паклапаціліся пра тое, каб людзі маглі без перашкод дабрацца да месца. Замест метро пусцілі аўтобус, які ездзіў да гадзіны ночы, і праезд у ім быў бясплатны.

Так што ўсё было добра, адзінае — не хапала любай жонкі і дзяцей, каб падзяліць гэтую радасць і “маленькія адкрыцці” з імі. Цяпер мару звазіць іх у Парыж — нават каб проста пасядзець там на траўцы ў цэнтры горада… У нас паўсюль шыльдачкі: “Па газонах не хадзіць”, а там выкарыстоўваюць кожны санціметр жывой прыроды. І, як ні дзіўна, газоны застаюцца зялёнымі…

На наступны дзень пасля спектакля ўсе мы былі запрошаны ў Пасольства. Яно знаходзіцца ў старым асабняку, і мне было цікава ўбачыць, што не толькі знешне, але і ўнутры ўсё засталося “некранутым”: там захавалася сама атмасфера даўніны. У нас у розныя гістарычныя перыяды амаль усё было разбурана. Нават тыя будынкі, што засталіся, пацярпелі значныя ўнутраныя перабудовы. Бывае, знешне — палац, а ўнутры — звычайнае “бюракратычнае” начынне ў духу савецкіх дзесяцігоддзяў. Тое, што робіцца сёння ў нас для аднаўлення помнікаў даўніны, многага каштуе. Пра гэта шмат гаворыцца, але яшчэ больш востра адчуваеш усю важнасць гэтага працэсу, неабходнасць беражлівага стаўлення да нацыянальнай гісторыі і культуры, толькі апынуўшыся ўдалечыні ад радзімы — як калісьці Адам Міцкевіч...

Фота аўтарства акцёраў тэатра і Вадзіма ЗАМІРОЎСКАГА прадастаўлены Нацыянальным акадэмічным тэатрам імя Янкі Купалы.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"