Крок да...

№ 26 (1152) 28.06.2014 - 04.07.2014 г

Да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і да Дня Незалежнасці нашай Радзімы Нацыянальная бібліятэка прадоўжыла тэрміны выстаўкі “Арт-крок”. Як сталы ўдзельнік экспазіцый пад гэтай назвай адзначу: яны сталіся добрай традыцыяй і праводзяцца ўжо дзявяты раз. “Арт-крок” — яшчэ адна прыступка, што вядзе да вяршынь творчасці. Ідэя праекта належыць мастаку, арт-куратару Фёдару Ястрабу...

/i/content/pi/cult/485/10365/9-1.jpg

В.Ціханаў. "Ля коміна".

/i/content/pi/cult/485/10365/9-2.jpg

Т.Малышава. "Воблака".

/i/content/pi/cult/485/10365/9-3.jpg

М.Бушчык. "Спакой".

/i/content/pi/cult/485/10365/9-4.jpg

І.Ясюкайць-Дударава. "Калі пажадаеш пайсці ў цішыню...".

Работы мастакоў, створаныя цягам апошняга года, не павінны былі раней нідзе экспанавацца. Але аўтары перагледзелі свае творы мінулага года, ацанілі поспехі, хутка стварылі новыя палотны ўжо ў 2014-м і парадавалі гледачоў знаходкамі ды адкрыццямі. Але абыякавасці ў нашых карцінах няма, і гэта — галоўнае!

Адкрывае выстаўку майстар жывапісу Уладзімір Кожух карцінай “Адвечнае”, рамантычнай па настроі, поўнай гармоніі і прымірэння. Наступныя ў экспазіцыйным шэрагу — творы Зміцера Сурыновіча. Адзін з іх — “Вершнік” — выкананы сёлета: у чырвонай гаме, ён адразу ж прыцягвае гледача яркім маляўнічым акцэнтам. Дыптых Віктара Ціханава “Ля коміна” належыць да сучаснага абстрактнага кірунку: угадваюцца чырвоныя вугольчыкі, якія цьмеюць у шэрым попеле згарэлых дроў, ахінутых дымам, нібы сферай... Вячэрняя безудзельнасць пасля дзённай мітусні — магчымасць падумаць аб праблемах быцця, адпачыць душой і набрацца сіл для заўтрашняга дня…

Алесь Забаўчык прадставіў свае жывапісныя пошукі ў работах “Мужчыны і жанчыны”, “Дыялогі з караедамі”, створаных зусім нядаўна. Свет душы сучасніцы, амытай вясновай парой — каханне, надзеі, рамантычныя перажыванні, малітвы, успаміны пра памятныя даты, матчына пяшчота да падрастаючых дзяцей, — такі складаны сплаў пачуццяў прачытваецца ў карцінах Марыі Шматавай, Вольгі Угрыновіч, Ірыны Ясюкайць-Дударавай (“Жаданне вандраваць па свеце”, “Паўгадзіны”, “Дзень нараджэння”, “Абуджэнне”, “Калі пажадаеш пайсці ў цішыню”).

Многія работы сённяшняй выстаўкі адлюстроўваюць цікавасць да гістарычнага мінулага, да падарожжаў — далёкіх і блізкіх — у творчасці бліскучага жывапісца Анатоля Бяляўскага (“Горы”, “Будапешт”, “Вавель”), а таксама Сяргея Пыжыкава (“Падарожжа па Крыме”), Ларысы Зарубінай (“Сілуэты мінулага. Нясвіж”), Наталлі Жыгамонт (“Дарожныя ўражанні”). Тэма зімы як пары года яшчэ адчуваецца, але ў прадчуванні вясны, — у цудоўных акварэлях Уладзіміра Рынкевіча (“Зімовы матыў I і II”), у яго своеасаблівым серабрыстым каларыце. У карцінах Віктара Данілава (“Зімовыя туманы”), Івана Козела (“Старая Лошыца”) абуджаюцца да жыцця птушкі, дрэвы і старыя дамы. Строгая бель колеру саступае вясёлцы фарбаў…

Дзесяць палотнаў Мікалая Бушчыка экспануюцца на асобнай сцяне. Яны глыбока індывідуальныя, імі можна доўга любавацца. Гэта, мяркую, самы малады па духу мастак сярод нас, удзельнікаў выстаўкі. Яркія, сакавітыя колеры яго палітры размяшчаюцца пластамі: блакітны, ружовы, жоўты, зялёны. Яго карціны — гэта філасофскія развагі аб раўнавазе ў кампазіцыі і ў прыродзе. Сам мастак называе гэтую серыю жывапіснай медытацыяй (“Спакой”, “Край зямлі”, “Спакой і спадзяванне”).

У выстаўцы бяруць удзел члены Грамадскага аб’яднання “Міжнародная гільдыя жывапісцаў”, члены Беларускага саюза мастакоў, фотамастакі — члены ГА “Фотамастацтва”. Вадзім Качан прадставіў гледачам серыю з пяці фотапартрэтаў — “Партрэт з партрэтам”. Сталыя мужчыны і жанчыны, за спінамі якіх пражытае жыццё, глядзяць нам у вочы. У руках кожнага — фотаздымак як кропка адліку. Юныя твары, прамяністыя вочы з маладымі надзеямі, з якімі героі ўступалі ў жыццё, а на кантрасце — сённяшні стан душы і цела. Гэта ўражвае!..

Віктар Суглоб парадаваў і гледачоў, і ўдзельнікаў выстаўкі серыяй з шасці цудоўных мастацкіх фатаграфій, якія не саступаюць жыпавісным палотнам па сіле ўздзеяння. Тонкі вясновы каларыт, тоны і паўтоны, гармонія і раўнавага ў прыродзе, натуральнае ўключэнне ў кругазварот жыцця такіх эпізодаў, як світанак і заход сонца, масток на рацэ, закінутая хатка, коні на выгане, птушкі ў гнёздах і буслы ў палёце… Няма ў кадры толькі чалавека, але ён назірае і фіксуе ўсё гэта, каб не спужаць, не парушыць зачараванне моманту.

На асобнай сцяне выстаўлены акварэлі Генадзя Капусціна, сярод іх —партрэты сяброў мастака (“Мастак Волкаў А.” і “Мастак Нясцяровіч Ф.”). Уражваюць разнастайныя па тэхніцы, пластыцы, матэрыяле і стылістыцы нацюрморты Алены Сеслікавай, Веранікі Віткоўскай, Юрыя Козела (адзін маленькі хлопчык нават дакрануўся пальчыкам да яблыка на карціне апошняга “Нацюрморт з куфлем”…). Наталля Рачкоўская выставіла трыпціх “Фрагменты I. II. III” у пастэлі.

Я, аўтар гэтага матэрыялу, сама мастак. Мне блізкія ды зразумелыя сённяшнія праблемы творчых пошукаў у мастацтве, таму і паспрабавала прадставіць чытачу ўспрыманне карцін у фармаце “мастак пра мастакоў”. Мае ж работы (“Замак”, “Вясна”, “Воблака”) выкананы ў тэхніцы манатыпіі, як акварэльны накід па памяці. Мне хацелася захаваць імгненны пейзаж, зменлівы прыродны стан, дэкараваны пацінай часу…

У выстаўцы ўзялі ўдзел сорак мастакоў. Ёсць і пачаткоўцы, якія ўпершыню экспанаваліся, напрыклад, Віктар Данільчык з работай “Двое”. Усе творы выстаўлены ў дзвюх галерэях НББ ды разлічаны на інтэлектуальную глядацкую аўдыторыю …

Таццяна МАЛЫШАВА, мастак