Гомельскі "пілот" "Алфавіта"

№ 26 (1152) 28.06.2014 - 04.07.2014 г

Абмяркоўваем арт-праект
Сучаснае беларускае мастацтва паволі пачынае прамаўляць свае пазіцыі ў беларускай культурнай прасторы. Гаворка — не толькі пра сталіцу, а і пра рэгіёны, калі “асобна ўзятыя” праекты заўзятараў пачынаюць паварочваць “цяжкі карабель” нашага ўспрыняцця ў новым напрамку. “Алфавіт” — выстаўка сучаснага беларускага мастацтва, якая прайшла ў Гомельскай карціннай галерэі Г.Х. Вашчанкі, — той самы прыклад, калі, нарэшце, “у нас пачынае адбывацца штосьці не толькі ў цэнтры”. Праект, створаны мастакамі Міхаілам ГУЛІНЫМ, Таццянай КАНДРАЦЕНКА і тэарэтыкамі Ганнай САМАРСКАЙ і Вольгай РЫБЧЫНСКАЙ, быў падтрыманы гомельскай галерэяй па многіх пытаннях і стаўся своеасаблівым “пілотам”, які выявіў магчымасці размовы пра актуальнае мастацтва ў рэгіянальным кантэксце. “Пілот”, да слова, атрымаўся паспяховым, і “Алфавіт” у бліжэйшыя часы мае выправіцца ў іншыя абласныя цэнтры з мэтай наблізіць беларускае сучаснае мастацтва да гледача. Падвесці пэўныя вынікі выстаўкі, а таксама паразважаць пра тое, якой мусіць быць сёння размова пра сучаснае мастацтва, “К” і запрасіла куратарскую групу праекта, што падзялілася сваім досведам.

/i/content/pi/cult/485/10364/7-1.jpg

/i/content/pi/cult/485/10364/7-3.jpg

/i/content/pi/cult/485/10364/7-4.jpg

/i/content/pi/cult/485/10364/7-5.jpg

Фрагменты экспазіцыі. / Фота аўтара

Ідэя

— Шаноўнае спадарства, адкуль у цэлым нарадзілася гэтая ідэя зладзіць выстаўку актуальнага мастацтва менавіта па-за сталіцай? Ці не будзе перабольшаннем сказаць, што, нягледзячы на высілкі пэўных устаноў, Мінск даволі стрымана пакуль яго прымае, не кажучы пра рагіёны?..

Міхаіл ГУЛІН: 

— Наш праект і прызначаны менавіта для гэтага: выбудаваць камунікацыю з гледачом, які, магчыма, пакуль не знаёмы з актуальным мастацтвам або бачыць яго даволі рэдка. Ідэя “Алфавіта”, насамрэч, узнікла дзякуючы папярэдняй выстаўцы, што ладзілася ў Гомелі, — буйному праекту “Палацавы комплекс”, які быў ажыццёўлены ў Гомельскім палацава паркавым ансамблі ў 2012 годзе і да стварэння якога я меў дачыненне. Урокі падзеі былі такімі: не трэба грэбаваць тлумачэннямі і працай з гледачом. Высакамерная пазіцыя, што, маўляў, растлумачыць усё — гэта ўчарашні дзень, аказалася непрадуктыўнай, бо ўспрыняцце “Палацавага комплексу” было розным, а часам і праблематычным. Так і ўзнік “Алфавіт” як выстаўка, якая бярэ на сябе задачу растлумачыць, што такое сучаснае мастацтва. І нават сам момант экспанавання — гэта ўжо ілюстратыўны матэрыял, які дэманструе гледачу тэарэтычныя высновы. Іншымі словамі, мы вырашылі трошкі “адкруціць” назад…

Вольга РЫБЧЫНСКАЯ: 

— Акрамя таго, што “Алфавіт” — гэта адукацыйны праект, важна адзначыць і яго лакальны кантэкст. Гомель прымае праект у такім выглядзе: творы 24 мастакоў прадстаўлены ў чатырох блоках: жывапіс, фатаграфія, інсталяцыя, канцэптуалізм. Але ў выстаўкі для наступнага абласнога цэнтра акцэнт у створаным намі “алфавіце беларускага сучаснага мастацтва” можа быць зроблены на іншыя паняцці, значэнні і, магчыма, імёны, а значыць, адбудзецца своеасаблівае перайначванне праекта, зыходзячы з новага кантэксту.

Яшчэ адзін момант. Акрамя ўласна “лікбезу”, калі мы тлумачым, што такое інсталяцыя, канцэптуалізм, якімі могуць быць сучасны жывапіс, фатаграфія, “Алфавіт” — гэта і прасоўванне імёнаў беларускіх мастакоў. Па вялікім рахунку, мы часцяком і не ведаем, хто тут жыве ды працуе. І для нас было важна з дапамогай куратараў, аўтараў тэкстаў, медыятараў распавесці пра айчынных сучасных творцаў.

Ганна САМАРСКАЯ:

 — Магу дадаць, што гэты праект, можна сказаць, цалкам у трэндзе. Сёння існуе шэраг ініцыятыў, мэта якіх — прасоўванне беларускага мастацтва ў краіне і за яе межамі. Можна ўзгадаць тыя ж адукацыйныя праекты “На шляху да сучаснага музея”, “Еўрапейскае кафэ”, выставачны, амаль камерцыйна арыентаваны, Арт-праект “Zabor”… Назіраецца пэўны рух. Мне падаецца, што гэта цалкам слушная задача для сённяшняга часу і для многіх заўзятараў: выйсці з замкнёнага кола, напрыклад, з прасторы Мінска, — і рушыць далей па краіне, наладзіць дыялог, вырашыць, што мы можам зрабіць з новымі партнёрамі сумесна…

Каманда

Таццяна КАНДРАЦЕНКА: 

— Гомель ускрыў многія моманты для мяне асабіста як для мастака і тэарэтыка. У сталіцы ёсць пэўны асяродак, да якога мы, як ні круці, але прызвычаіліся, і ведаем, што за рэакцыю можна чакаць, як нас сустрэнуць. У Гомелі ж сітуацыя непрадказальная, таму што імёны, за якімі для нас стаіць пэўная гісторыя, там успрымаюцца цалкам наноў. Таму і лягчэй выяўляюцца розныя моманты ў камунікацыі. Надзвычай важна, што ў праекце была і лекцыйная частка. Мы ездзілі ў Гомель з выступленнямі, маглі бачыць рэакцыю публікі — на выстаўку, на лекцыі, — і тое быў для мяне самы важны досвед. Высветлілася: без гэтай наіўнай пазіцыі — што трэба звярнуцца да людзей, выбудоўваць дыялог, — няма анічога. Атрымалася, што для нас гэта своеасаблівы праект, які дапамагае вучыцца дыялогу.

— Над праектам працавала цэлая куратарская група. Якім чынам адбывалася ваша ўзаемадзеянне?

М.Г.: 

— Я адказваў за практычную частку — фарміраванне экспазіцыі, яе экспанаванне, дзяўчаты адказвалі за тэарэтычную частку і, варта адзначыць, дапамаглі мне з канчатковым выбарам аўтараў.

— Што ж маецца на ўвазе пад тэарэтычнай часткай?

Т.К.: 

— Кожная работа, якая была прадстаўлена ў экспазіцыі, мела тлумачэнне: што гэта за твор, у якім кантэксце знаходзіцца, што ён значыць, чаму ўвогуле з’явіўся… Без гэтай тэарэтычнай базы праект страчвае сваю існасць. Бо, як мы падкрэслівалі, сэнс “Алфавіта” — у тлумачэнні паняццяў актуальнага мастацтва. Адпаведна, кожнае з іх было раскрыта, праілюстравана творамі мастакоў. У Гомелі мы зрабілі акцэнт на чатыры літары: “І” — “Інсталяцыя”, “Ж” — “Жывапіс”, “К” — Канцэптуалізм”, “Ф” — “Фатаграфія”. Але, як казала Вольга, мяркуем, на іншых пляцоўках праект можа зведаць пэўную трансфармацыю.

М.Г.: 

— Я браў такі момант, калі ў выстаўцы прадстаўлены і “спрэчныя” мастакі. Напрыклад, жывапісец Аляксандр Фалей: можна выставіць яго творы як у прасторы актуальнага мастацтва, так і ў традыцыйнай галерэі. І ў кожным выпадку яны будуць глядзецца адпаведна кантэксту. Браў некалькі работ, які ілюструюць мае думкі. Браў маладых мастакоў. Але ж аснова — гэта, канешне ж, вядомыя аўтары, без якіх экспазіцыя не склалася б, бо яны сапраўды з’яўляюцца яскравымі прадстаўнікамі пэўных напрамкаў.

— Можна спытаць: чаму менавіта гэтыя мастакі?

В.Р.: 

— Калі даваць агульную фармулёўку, то можна сцвярджаць, што гэтыя аўтары праз абраныя медыя маніфестуюць сваё стаўленне да паўсядзённасці, актуалізуючы выклікі беларускага кантэксту — ад сацыяльна ангажаваных тэкстаў да экзістэнцыяльных.

Рэалізацыя

— Выстаўка пакінула самыя станоўчыя эмоцыі. Галоўны захавальнік фондаў гомельскай галерэі Алег Курашоў правёў цудоўную экскурсію, але, прызнацца, тыя тэарэтычныя матэрыялы, пра якія вы казалі, не трапілі ў поле маёй увагі…

М.Г.: 

— Зараз мы выходзім на моманты рэалізацыі выстаўкі. Праект доўжыўся два месяцы, ды, вядома, суправаджальныя матэрыялы маглі згубіцца. Мы не ў стане кантраляваць пэўныя рэчы. Тым не менш, экскурсія, якую здзейсніў Алег, нас радуе.

Т.К.: 

— Ва ўсялякім выпадку, мы далі Алегу тую базу, якой ён мог скарыстацца. Магчыма, для рознай аўдыторыі ён па-іншаму расстаўляў акцэнты, але ў яго быў тэарэтычны падмурак.

— Так, экскурсія прайшла на найвышэйшым узроўні…

М.Г.: 

— Гэта надзвычай важна, калі на месцах мы знаходзім аднадумцаў. І ў дадзеным выпадку нам пашчасціла  — пачынаючы ад дырэктара ўстановы Людмілы Шымбалёвай, якая аказала падтрымку праекту, да пастаяннага яго патранажу Алегам Курашовым — усё было на добрым, зусім не фармальным, узроўні.

Г.С.: 

— Можам згадаць і такі момант з боку ўстановы, як запіс на суправаджальныя лекцыі. Мы склалі спіс выступоўцаў, а галерэя ў адказ зрабіла такі ход: прапанавала наведвальнікам прагаласаваць, якія ж лекцыі іх сапраўды цікавяць. Гэта выдатнае менеджарскае рашэнне, якога мы нават не чакалі.

В. Р.: 

— Атрымалася класная гісторыя, калі людзі самі выбралі тое, што ім даспадобы. Калі ў выніку адмяніліся, магчыма, выдатныя сустрэчы, гэта і не надта добра, з іншага ж боку — мы разумеем сёння, якія пытанні больш цікавяць гамяльчан.

Т.К.: 

— Але мне здаецца, што часам пэўная незацікаўленасць узнікала з-за хібаў у фармулёўках. Напрыклад, сустрэча з Вольгай Сазыкінай была пазначана проста як “сустрэча”. Мяркую, што калі б была прыдумана больш цікавая фармулёўка, на яе выступленне прыйшло больш ахвотных.

Г.С.: 

— Трэба ўлічыць у будучым.

— Такім чынам гамяльчане абралі фаварытамі…

М.Г.: 

— Канстанціна Селіханава, Вольгу Рыбчынскую і Таццяну Кандраценка. Яшчэ мелася адбыцца лекцыя Сяргея Шабохіна, але мастак быў вымушаны ў той час з’ехаць з Беларусі…

Работа над памылкамі

— Тым не менш, нельга не заўважыць і пэўных хібаў у экспазіцыі… Не хочацца быць прадузятай, але яны былі…

М.Г.: 

— Тут мы сутыкаемся з такім паняццем, як “культура экспанавання”. Якія памяшканні аддадзены сёння ў гарадах, ды нават сталіцах, пад галерэі, музеі? Гэта пытанне, што патрабуе асобнай размовы. Галерэя імя Г.Х. Вашчанкі — у прыватнасці, гэта былы дзіцячы садок. Не ўбіць цвік у сцену, анічога. Выключальнікі — пяць штук у рад — гэта проста катастрофа: яны “забіваюць” кожную работу… Асабліва хочацца сказаць пра тэлевізары (дарэчы, гэта праблема не толькі рэгіянальных пляцовак): іх катастрафічна не хапае. У выніку на “Алфавіце” праз дэфіцыт апошніх мы былі вымушаны адмовіцца да відэаінсталяцыі Уладзіміра Парфянка. Яму, можна сказаць, абсталявання не хапіла. Прытым што на нашым праекце было паказана тры відэа, і я гэтым проста ганаруся. Такія моманты не знікнуць, і падобныя праблемы будуць і на наступных пляцоўках…

Т.К.: 

— Тым не менш, тое, як была зроблена экспазіцыя, мяне як мастака асабіста задаволіла. Зыходзячы з умоў, яны была выбудавана аптымальна.

— Разумею, што ваш праект — мастацкі, які не прэтэндуе на ісціну ў апошняй інстанцыі. Аднак, па выніках “пілоту”, што далей павінна ўяўляць з сябе размова пра сучаснае мастацтва?

М.Г.: 

— Самае галоўнае, лічу, — уступаць у гэты дыялог, спрабаваць яго весці. Памятаю сябе, калі маладым хадзіў у гомельскую галерэю “Green Hоuse”. Гэта былі 1990-я, там дэманстравалі нейкі авангард, я хадзіў, глядзеў, разважаў: што ж гэта такое? І сёння разумею, што тое было вельмі важна. Памятаю, як мяне — экзальтаванага юнака — абаяў Ісачоў (не будзем зараз паглыбляцца ў яго творчасць)… Магчымасць гэтых сустрэч, магчымасць наведвання цікавых выставак — перабольшыць значэння такіх падзей нельга. Па ўласным досведзе ведаю, што значыць займацца самаадукацыяй і самастойна даходзіць да тых рэчаў, якія насамрэч з’яўляюцца “прапіснымі ісцінамі”. Дзеля таго, каб маладыя людзі не гублялі час, мы ўсё гэта і робім. Таму і для нас гэта своеасаблівы эксперымент: знайсці той самы фармат размовы, калі дыялог будзе праходзіць найбольш канструктыўна.

В.Р.: 

— І нягледзячы на тое, што ў нас увесь час пытаюцца, а навошта нам гэта трэба, мы будзем і далей спрабаваць нешта зрабіць.

М.Г.: 

— Бо проста хочацца жыць цікава!..

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"