Чалавечы маштаб экспазіцыі

№ 26 (1152) 28.06.2014 - 04.07.2014 г

Храм Перамогі: “актывацыя” Памяці
Адкрыццё новага будынка Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і яго новай экспазіцыі прымеркавана да Дня Незалежнасці. Карэспандэнты “К” днямі наведалі гэты авангардысцкага выгляду музейны гмах на праспекце Пераможцаў: пабачылі залы, ужо гатовыя прыняць наведвальнікаў (у іх засталося хіба што падлогу лішні раз падмесці), залы, дзе завяршаецца мантаж экспазіцыі, і памяшканні, у якіх яшчэ шчыруюць адмыслоўцы па аздобе. Не бяромся вызначыць ступень гатоўнасці аб’екта ў працэнтах: колькі ад запланаванага здзейснена, колькі зрабіць засталося. Але калі глядзіш на спакойную і зладжаную працу будаўнікоў, тэхнічных спецыялістаў, дызайнераў, мастакоў, то не сумняваешся, што работа завершыцца ў запланаваны тэрмін пры высокай якасці...

/i/content/pi/cult/485/10363/2-10.jpg

/i/content/pi/cult/485/10363/2-12.jpg

/i/content/pi/cult/485/10363/2-13.jpg

/i/content/pi/cult/485/10363/2-14.jpg

/i/content/pi/cult/485/10363/2-21.jpg /i/content/pi/cult/485/10363/2-22.jpg

/i/content/pi/cult/485/10363/2-15.jpg

/i/content/pi/cult/485/10363/2-16.jpg

/i/content/pi/cult/485/10363/2-17.jpg

/i/content/pi/cult/485/10363/2-18.jpg

/i/content/pi/cult/485/10363/2-19.jpg

/i/content/pi/cult/485/10363/2-23.jpg

Адным з першых новую экспазіцыю пабачыў удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, генерал Аляксандр Фень — кансультант праекта.

/i/content/pi/cult/485/10363/2-20.jpg

Першае, на што звяртаеш ўвагу у новым музеі, гэта тое, што экспанаты, памятныя па старой экспазіцыі, у новым кантэксце глядзяцца інакш: больш эфектна, больш прывабна. Адна справа, калі зброя ляжыць пад шклом у вітрыне, і іншая — калі яе трымае ў руках салдат (манекен, але — “як жывы”), апрануты ў вайсковую форму часоў Вялікай Айчыннай / Другой сусветнай.

Памятаю, што ў старой экспазіцыі мелася шмат фотаздымкаў. Для свайго часу гэта была, бадай, адзіная магчымасць пераканаўча прадставіць хроніку падзей і выявіць іх эмацыйны змест. Такі экспазіцыйны ход цалкам апраўданы. Ён універсальны. Кадры кіна- і фотахронікі, знятыя ваеннымі карэспандэнтамі з рызыкай для жыцця, не могуць не хваляваць, асабліва калі яны тычацца гісторыі тваёй краіны. А некаторыя з франтавых фоташэдэўраў увайшлі ў нашу свядомасць нароўні з шэдэўрамі жывапісу і скульптуры. Але, відаць, каб прывабіць ваеннай гісторыяй сённяшнюю моладзь, што прызвычаілася да інфармацыйных тэхналогій, якія іхнім бацькам і не сніліся (а менавіта да яе, да пакалення Незалежнасці, найперш звернуты пасыл, увасоблены ў новай канцэпцыі музея), патрэбна відовішча іншага характару: з эфектам прысутнасці, або, як цяпер кажуць, з інтэрактывам. Таму ў залах знаходзяцца інфармацыйныя экраны, на якіх дэманструюцца відэаматэрыялы. Да таго ж эфект прысутнасці ствараюць дыярамы і фігуратыўныя кампазіцыі.

Упершыню пачуўшы, што баявая тэхніка ў новым музейным комплексе будзе размешчана ў залах, я, памятаю, падумаў: навошта? Існуе даўно адпрацаваная экспазіцыйная схема для ваенных музеяў, калі танкі, гарматы, самалёты, ракеты ды іншыя буйнафарматныя тэхнічныя аб’екты размяшчаюцца на адкрытых пляцоўках побач з будынкам асноўнай экспазіцыі. Калі такой магчымасці няма, бо ў гарадской прасторы бракуе месца, дык для цяжкой тэхнікі ствараецца філіял, часам — на немалой адлегласці ад самога музея. Але каб танкі ў залах… Аднак у дадзеным выпадку атрымалася надзвычай удала. Танкі, самалёты, гарматы ў залах Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны скампанаваны ў інсталяцыі — гэткія прасторавыя кампазіцыі, якія візуальна ўзнаўляюць эпізоды баёў. Інакш кажучы, тое, што раней прадстаўлялася гледачу ў выглядзе карціны алеем на палатне, зараз адлюстравана рэальна, прадметна.

Змена прасторавага фармату ўплывае і на ўспрыманне экспанатаў. Я бачыў танк “ИС-2” у комплексе мемарыялу “Буйніцкае поле” пад Магілёвам на адкрытым абшары. Такі ж ёсць і ў экспазіцыі, пра якую я вяду гаворку. У абмежаванай прасторы выставачнай залы “ИС-2” яшчэ больш уражвае памерамі і магутнасцю, выяўленай праз брутальны дызайн. Пачынаеш разумець, чаму з’яўленне гэтага монстра на полі боя шакавала немцаў, выклікала жах у салдатаў Вермахта, чаму трафейнымі “ИСамі” немцы ўзбройвалі свае элітныя танкавыя дывізіі…

Варта згадаць, што новая экспазіцыя адлюстроўвае не толькі ваенныя падзеі, але і перадваенны ды пасляваенны час, распавядае пра перадумовы канфлікту глабальнага маштабу, якім была Другая сусветная вайна, і пра яе наступствы. І што вельмі важна — перадваенныя, ваенныя і паваенныя падзеі трактуюцца не з агульнасавецкага гледзішча, як па зразумелых прычынах было раней, а з пазіцый суверэннай беларускай дзяржавы.

Экспазіцыя, якая распавядае пра жыццё Беларусі напярэдадні вайны, цікавая не толькі інфармацыйнай насычанасцю, але і блізкім да тагачаснай рэчаіснасці ментальным ладам. У ёй праз побытавыя рэаліі перададзена атмасфера стваральнай працы ды падсвядомай засцярогі — як у спякотны сонечны дзень у прадчуванні навальніцы… Прынамсі, так успрыняў убачанае я. Увогуле, у новай экспазіцыі, хоць яна і распавядае пра падзеі глабальнага зместу ды мае на мэце адлюстраванне базавых чыннікаў нашай дзяржаўнай ідэалогіі, захаваны, так бы мовіць, чалавечы маштаб. Маю на ўвазе псіхалагічнае ўздеянне музейных артэфактаў на гледача. Гэтую тэзу варта растлумачыць.

Для чаго чалавек прыходзіць у музей? У кожнага свая матывацыя. Але, сярод іншага, музей дае чалавеку магчымасць глядзець на тое, што адбалела, нібыта зверху і здалёк. Часавая адлегласць і сам статус артэфактаў, які набылі колішнія рэчы, стварае ўражанне, што мінулае адышло ў нябыт, на твой сённяшні дзень не ўплывае, цябе наўпрост не датычыцца. Часта музейныя экспазіцыі будуюцца менавіта па такім прынцыпе адчужанасці, абстрагавання ад злабадзённай рэчаіснасці. У падобных экспазіцыях дамінуе тая або іншая палітычная дактрына, філасофская ідэя ці забаўляльны чыннік. А вось згаданы вышэй “чалавечы маштаб”, які канцэптуальна прысутнічае ў дадзенай экспазіцыі, якраз і нагадвае, што мінулае нікуды не дзелася — яно па-ранейшаму жыве ў нашай свядомасці і ў пэўнай ступені робіць нас тымі, хто мы ёсць…

У гэтым музеі можна лёгка ўявіць сябе савецкім пагранічнікам у ноч з 21 на 22 чэрвеня 1941 года; наводчыкам гарматы “трыццацьчацвёркі” ў баі пад Прохараўкай на Курскай дузе, які ўвайшоў у гісторыю як “танкавы рукапашны бой”; адчуць радасць сустрэчы Вызвалення ў Мінску ў ліпені 1944-га і Перамогі ў Берліне ў маі 1945-га… Усё гэта закладзена ў нашу генетычную памяць, жыве ў падсвядомасці і пры пэўных умовах “актывізуецца”. Экскурсія па новай экспазіцыі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны такія ўмовы стварае.

Мне здаецца, дарэчы згадаць адну старую прыпавесць. Мінак запытаўся ў трох рабочых: што яны робяць? “Камень апрацоўваю”, — адказаў адзін. “Гліну лапачу”, — другі. “Я будую сабор!” — сказаў трэці…

Гледзячы, як зладжана і годна працуюць у музеі, які ствараецца, будаўнікі, мантажнікі, мастакі, дызайнеры, адміністратары, я думаў, што гэтых людзей аб’ядноўвае пачуццё далучанасці да вялікай справы. Яны будуюць сабор! Зрэшты, не толькі яны — уся Беларусь спрычынілася да будаўніцтва музея, якому наканавана стаць храмам Перамогі, “кафедральным саборам” Гісторыі…

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"