Ад "штучкі" да "збожжа"

№ 26 (1152) 28.06.2014 - 04.07.2014 г

Мікалай Андрэеў — пра магічных лялек і рэальныя рэчы
Мне здаецца заканамерным, калі бацькі ў памкненні разнастаіць забавы дзіцяці і развіць у малога пачуццё прыгожага прыводзяць яго менавіта ў лялечны тэатр. Адзін з іх — Мінскі абласны тэатр лялек “Батлейка”, што знаходзіцца ў Маладзечне. Гэта, бадай, самы малады тэатр такога кірунку, які ўзнік у гады перабудовы. “Батлейка” — лаўрэат і дыпламант шматлікіх тэатральных фестываляў, удзельнік розных творчых лабараторый і праграм.

/i/content/pi/cult/485/10362/6-1.jpg

Мікалай Андрэеў. / Фота аўтара

Творчыя людзі, якія жывуць у невялікім горадзе, не могуць не мець зносін і не могуць не знаходзіць агульных кропак судакранання. Галоўны рэжысёр “Батлейкі” (дарэчы, цягам акурат дзесяці гадоў) Мікалай АНДРЭЕЎ — той адзіны прафесійны рэжысёр “з боку”, якога я неаднойчы запрашаў на прэм’еры абласной драмы. З ім цікава пагутарыць пра тэатр (і не толькі), падзяліцца меркаваннямі, выслухаць парады і нават атрымаць крытыку на свой адрас. Дзесяцігоддзе яго працы ў “Батлейцы” — гэта часавы адрэзак творчага і жыццёвага шляху, да якога Мікалай Мікалаевіч ставіцца спакойна. Аднак дадзены факт паслужыў падставай для нашай размовы.

— Што ж вас прывяло ў рэжысуру менавіта тэатра лялек?

— Няшчасце. (Смяецца.) Я часта згадваю словы Зіновія Гердта (нагадаю, выканаўцы ролі Канферансье ў легендарным спектаклі “Незвычайны канцэрт” Маскоўскага тэатра лялек пад кіраўніцтвам Сяргея Абразцова. — А.Ч.): “Незвычайны канцэрт” мы адыгралі столькі тысяч разоў, у столькіх краінах, на дзясятках моў народаў свету… Уяўляеце, як гэта ўсё абрыдла?”. А калі сур’ёзна... Я з дзяцінства, з класа шостага, займаўся ў лялечным гуртку. Выбар быў невялікі: пайсці або ў драматычны гурток, або ў лялечны. Я выбраў другое. У гэтым захапленні быў своеасаблівы шарм, калі ты бярэш у рукі якую-небудзь “штучку”, гуляеш з ёй і пачынаеш назіраць, як у гледачоў загараюцца вочы. Лялька сама па сабе — гэта татэм, знак, які прыцягвае ўвагу чалавека, у ёй ёсць нешта магічнае. Мая праца і мой свет — гэта шчасце. Дарэчы, калі згадаць даты... Пасля заканчэння школы я ўладкаваўся на працу акцёрам у Гродзенскі абласны тэатр лялек. Было гэта акурат сорак гадоў таму...

— У 1987-м Мікалай Андрэеў — рэжысёр-пастаноўшчык, а з 1988 года — галоўны рэжысёр Гродзенскага абласнога тэатра лялек...

— Гродна можна па праве лічыць адной з культурных сталіц краіны. Я пакінуў тэатр у добрых і надзейных руках. Калі там працаваў, мне хацелася вялікага тэатра, дзе павінна было віраваць сапраўднае тэатральнае жыццё. Рэпертуар бачыўся мне класічным. Я нават хацеў назваць трупу “Тэатр класікі”, бо сам тамтэйшы будынак — гістарычнае і намоленае месца. Нешта ў гэтым кірунку ў мяне атрымалася зрабіць…

— Вы паставілі каля 50 спектакляў. Якія з работ у Гродне і Маладзечне лічыце самымі важнымі ды значнымі для сябе?

— У гродзенскім тэатры — гэта “Тутэйшыя” Янкі Купалы. Ён ідзе як вячэрні спектакль, і налета яму спаўняецца 25 гадоў. Тлумачыць даўгалецце актуальная на ўсе часы тэма: здольнасць чалавека прыстасоўвацца да ўлад, змяняючы свае погляды і перакананні. Не так даўно “Тутэйшых” паглядзела дырэктар Палтаўскага лялечнага тэатра, і, знаходзячыся пад станоўчым уражаннем, прапанавала мне паставіць гэтую п’есу ў іх. У Маладзечне ж адзначу спектакль “Голы кароль” Яўгена Шварца. У гэтай пастаноўкі не такі паспяховы пракатны лёс, як у “Тутэйшых”, але я ўсё часцей задумваюся пра яе аднаўленне і для гэтага шукаю на ролю аднаго акцёра. Вось ты ў мяне, Алег, і будзеш іграць!

— Але я зусім не ўмею працаваць з лялькамі!..

— У Гродне ў мяне быў такі выпадак: калі трупа драмы пераязджала ў новы будынак, яна, як мы жартавалі, забылася і пакінула ў ляльках аднаго свайго акцёра. Я сказаў яму: “Будзеш іграць!”. Ён адказаў тое ж, што і ты. Я настаяў. І ў яго, у артыста драмы, атрымалася працаваць з лялькамі лепш, чым у некаторых лялечнікаў! Калі чалавек — таленавіты артыст, то ён у любых абставінах — майстар. А талент дае Бог…

— Не так даўно адзін за адным прайшлі два фестывалі: “Лялькі над Нёманам” у Гродне і Беларускі міжнародны фестываль тэатраў лялек у Мінску. Якім убачылі ўзровень айчынных і замежных тэатраў?

— Праграма мінскага фестывалю, дзе па традыцыі прыняў удзел і наш тэатр “Батлейка” са спектаклем “Шматочкі па закуточках” у пастаноўцы Аляксандра Янушкевіча, па некаторых пунктах паўтарыла афішу гродзенскага фестывалю. Апошні ж быў максімальна насычаны: па шэсць спектакляў у дзень. Простаму гледачу складана ўспрыняць такі аб’ём інфармацыі, але калі ты сапраўдны прафесіянал, паглядзець усё не ўяўляецца праблемай. Адны спектаклі ўражвалі, іншыя пакінулі абыякавымі. Прыемна, што палова пастановак — работы тваіх знаёмых акцёраў і рэжысёраў. Лепшы спектакль паказаў тэатр з Беластока. І сцвярджаю гэта не таму, што калісьці там ставіў. Спектакль, які ён прадставіў — “Мантэкі і Капулеці”, — гэта работа, пад час якой уключаюцца мазгі, хочацца думаць і глядзець. Пастаноўка ідзе без слоў, у ёй выкарыстаны цікавы лялечны прыём, запазычаны з японскага тэатра: калі акцёры апранаюць на сябе будынкі — каркасы, выкананыя візуальна ў адпаведнасці з характарам персанажа. Ствараецца алегорыя: маўляў, у кожнага чалавека ёсць свой каркас — свая абалонка…

У беластоцкага тэатра моцная трупа і сур’ёзная школа — філіял варшаўскай, — якая рыхтуе акцёраў і рэжысёраў тэатра лялек. І ўсе “вяршкі” — лепшых выпускнікоў — тэатр імкнецца пакінуць у сябе. Яны шмат гастралююць, ездзяць па фестывалях і паказваюць моцныя ды добрыя работы авангарднага кірунку.

Ведаеш, усе тэатры Беларусі працуюць для душы і для касы. Запрасіць замежнага рэжысёра — гэта праблема, таму што ў нас няма такіх фінансавых магчымасцей. Нашы тэатры абыходзяцца ўнутранымі рэсурсамі ды імкнуцца падтрымліваць высокі ўзровень пастановачнага і выканальніцкага майстэрства. Цікавыя трупы працуюць у Гродне, у віцебскай “Ляльцы”, у Брэсце, не кажучы ўжо пра Мінск. Шмат моладзі ў Магілёўскім тэатры лялек. Напрыклад, узяць адну з яго апошніх рэзанансных прэм’ер — спектакль “Гамлет”: ён можа некаму падацца спрэчным, але яго галоўная вартасць у тым, што там прысутнічае асаблівая маладзёжная энергетыка. Пастаноўка створана маладымі, для маладых, на маладзёжнай мове і з маладзёжным поглядам на свет.

— Наколькі неабходны падобныя фестывалі менавіта ў абласных цэнтрах?

— Гродзенскі лялечны фестываль — самы малады. Ён узнік дзякуючы энтузіязму дырэктара тэатра Марыі Шабашовай ды галоўнага рэжысёра Алега Жугжды і неабходны для прэстыжу на міжнароднай арэне горада і яго ўлад, якія выдзяляюць грошы на правядзенне форуму. Гэта не толькі “міжсабойчык” для артыстаў-лялечнікаў. Ён неабходны самому тэатру, каб даць стымул для яго развіцця ды ўдасканалення. Яшчэ ён патрэбен і гледачу. На паказах — поўныя залы, і дзеці бачаць спектаклі з усяго свету, а значыць — бачаць свет! Нельга іх пазбаўляць гэтага задавальнення…

— Вельмі часта ў лялечных спектаклях назіраецца такі прыём, калі лялькі адыходзяць на другі план, а на першы выходзіць акцёр. Гэта творчы эксперымент ці жаданне рэжысёраў разбурыць стэрэатып успрымання лялечнага тэатра?

— Гэты прыём падобны да таго, што я называю эпічным тэатрам. Спакон веку было так: артыст перасоўнага, вандроўнага тэатра выходзіў да публікі, размаўляў з ёй, пераказваў сюжэт, а потым хаваўся за ўмоўную шырму і пачынаў працаваць з лялькай. Гэта добра забыты прыём аповеду. Яго потым распрацаваў ужо для драмы Бертольд Брэхт. Я заўсёды кажу сваім студэнтам: ёсць куча тэатральных прыёмаў. Які хочаш, такі і выбірай!

— Пасля трыумфу спектакля Алега Жугжды на ІІ Нацыянальнай тэатральнай прэміі, што сабраў шэраг узнагарод (за лепшую рэжысуру, за лепшы спектакль, за лепшую жаночую ролю), мне давялося прачытаць у Сеціве меркаванне: маўляў, лялькі перамаглі драму…

— Так сышліся зоркі. Ёсць чорная і белая палосы. Сёння добра ідуць справы ў лялечнага тэатра, заўтра — у драматычнага. Таму, лічу, ніхто нікога не перамог. Часам едзеш на фестываль і бачыш там работу, мацнейшую за сваю. У гэтым і ёсць хараство мастацтва: не ў спаборніцтве, а ў тым, што эмацыйна кранае цябе ды прымушае думаць…

— Ці ёсць дэфіцыт рэпертуару і драматургічных твораў, створаных спецыяльна для лялечнага тэатра?

— Гэты дэфіцыт быў заўсёды. Драматургі ў асноўным пішуць для драматычных тэатраў. Пры гэтым распаўсюджана такое меркаванне, што, калі сярод персанажаў п’есы прысутнічаюць, да прыкладу, Зайка або Каток, то яе можна ставіць і ў лялечным тэатры. Гэта стэрэатып і памылковае ўяўленне. Лялька павінна быць вобразнай і нешматслоўнай. Нас вучылі браць добрую літаратуру, знаходзіць у ёй лялечны вобраз, “лялечнасць” і самім рабіць інсцэніроўку. Гэтае “збожжа” павінен убачыць і мастак-пастаноўшчык, адчуць ды прыдумаць лялькі і афармленне. Асновай будучага спектакля можа быць які заўгодна літаратурны матэрыял. Вось у Брэсце ўзялі і паставілі пушкінскую трагедыю “Моцарт і Сальеры”. А яшчэ ёсць аповесць Льва Талстога “Халстамер” — чым не варыянт лялечнага спектакля? Я цвёрда перакананы, што ўсе дзеці ў першую чаргу павінны прайсці праз класіку: Шарля Перо, Ганса Хрысціяна Андэрсана… На ўзорах масавай культуры мы далёка не зойдзем.

— Ці ўласціва рэжысёрам-лялечнікам зайздрасць, прынамсі, творчая, да поспехаў калег, як тое пашырана ў драме?

— У нас усё прасцей. Лялечнікі сустракаюцца, як блізкія сваякі. Мой настаўнік Анатоль Ляляўскі — хадзячая энцыклапедыя і чалавек, які аб’ездзіў паўсвету, — казаў: паглядзіце на тую скрыначку. Гэта оперны тэатр, ён такі ж тэатр, толькі іншы.

— Чым адрозніваецца рэпертуар тэатра лялек, які знаходзіцца ў буйным горадзе, і тэатра ў такім горадзе, што параўнальны па насельніцтве з Маладзечнам?

— Чым большы горад, тым больш і кадравых магчымасцей, больш гледачоў, больш прасторы для фарміравання афішы. Тэатр — гэта сацыяльна замоўлены круг публікі. Наша публіка — гэта дзіцячая аўдыторыя ад 3 да 10 гадоў. Пад яе мы і фарміруем рэпертуар. Калі выходзіць на падлеткавую або дарослую аўдыторыю, абавязкова неабходна пралічыць верагодную колькасць паказаў спектакляў, прызначаных для гэтай катэгорыі.

Аднойчы я быў на фестывалі ў французскім Ліможы, дзе рыхтавалася пастаноўка “Вішнёвага саду”, рабіць якую запрасілі румынскага рэжысёра, сабралі каманду артыстаў, зрабілі дэкарацыю. Мне казалі, што спектакль можа прайсці ад сілы разоў дзесяць, а потым каманда будзе распушчана і дэкарацыі спалены!.. У нас інакш. Мы можам не спісваць дзіцячы спектакль, а пакласці яго на пару гадоў “на паліцу”. Дзеці растуць, а вось лялькі — не старэюць. А потым новае пакаленне гледачоў зноў пабачыць работу.

— Ці адчуваеце недахоп рэжысёрскіх і акцёрскіх кадраў?

— Такая праблема ў тэатры лялек заўсёды была, ёсць і, напэўна, будзе. У цяперашняй, вельмі вострай, звязанай з фінансаваннем культуры, сітуацыі прэстыж прафесіі імкліва падае. Акцёр і рэжысёр тэатра лялек становяцца падобнымі да блазнаватых. Катэгорыі ў рэжысёраў няма. Тым, хто працуе ў штаце, адмянілі выплату аўтарскіх адлічэнняў ад пракату спектакляў. А голы аклад на 30 000 рублёў большы, чым у акцёра, вядучага майстра сцэны. Гэта мізэр. Акцёрскія і рэжысёрскія кадры, вядома, выпускаюць. Самы яскравы прыклад — той жа Аляксандр Янушкевіч. Аптымізм падказвае, што нехта дый прыйдзе ў тэатр, таму што святое месца пустым не бывае. Нам дапамагае пачуццё гумару і іронія. Як кажуць, на душы яд, але блішчыць пагляд…

— Якім ідэям наканавана спраўдзіцца ў тэатры “Батлейка” бліжэйшым часам?

— Па-першае, мы даслалі заяўку на ўдзел у Трэцяй Нацыянальнай тэатральнай прэміі са спектаклем “Шматочкі па закуточках” па п’есе Рыгора Остэра. Заяўка пададзена па многіх намінацыях, у тым ліку як “Лепшы лялечны спектакль” і “Лепшы дзіцячы спектакль”. Я спадзяюся на ўдзел тэатра ў праграме і на тое, што арганізатары нададуць большую ўвагу прысутнасці дзіцячага рэпертуару ў праграме Прэміі.

Яшчэ думаю аб пастаноўцы сатырычнай камедыі “Мандрагора” італьянскага філосафа і пісьменніка часоў Сярэднявечча Нікола Макіявелі. Мае артысты кажуць, што яны ўжо для гэтага саспелі. Для дзяцей збіраемся выпускаць казку “Кот у ботах”. А там паглядзім. Што-небудзь яшчэ будзе...

 

Аўтар: Алег ЧЭЧАНЕЎ
акцёр, рэжысёр