Што кожны пранёс “Праз усю вайну”…

№ 26 (1152) 28.06.2014 - 04.07.2014 г

Валерый ДАЙНЭКА, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, саліст ансамбля “Беларускія песняры”
Чатыры гады таму я распавядаў на старонках “Культуры” пра тое, як рэагавалі слухачы ў 1980-я на песні з праграмы “Через всю войну” ансамбля “Песняры”, у прыватнасці — на пранізлівую кампазіцыю “Міша Камінскі”, якую мне давялося выконваць. Былі і слёзы пасля канцэртаў, і ўспаміны, і шчырая ўдзячнасць… Ці змянілася штосьці ва ўспрыняцці такіх твораў за трыццаць гадоў з часу іх стварэння?

/i/content/pi/cult/485/10360/5-1.jpgТак, мы сёння ведаем нашмат больш падрабязнасцей пра розныя эпізоды вайны з нацызмам — ад падману Гітлерам савецкага кіраўніцтва адносна выканання дамовы аб ненападзе да хатынскай трагедыі, пра што і песня “Міша Камінскі”. Цяпер сёй-той наўмысна акцэнтуе ўвагу, што, маўляў, спалілі вёску нацысты з удзелам паліцэйскіх фарміраванняў. Такая інфармацыя з закрытых дакументаў нам тады, у 1980-я, была невядомая. Але і сёння лічу нявартым, як тое робіцца зараз у пэўных выданнях ды сацыяльных сетках, чапляцца за падобныя факты ды выводзіць абвінавачванні на адрас таго або іншага народа: злодзеі ды падступнікі ёсць у кожнай супольнасці людзей.

Тады ж, напярэдадні 40-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, мы рыхтавалі “Через всю войну” на музыку Уладзіміра Мулявіна, тонка і цікава аранжыраваную Уладзімірам Ткачэнкам, Ігарам Паліводам і Барысам Бернштэйнам, ды звярталі ўвагу на паэзію тых літаратараў-франтавікоў, чые тэксты сталі асновай праграмы. І зноў жа, цяпер гучаць галасы: маўляў, тыя, хто тады ваяваў, былі ў нечым падмануты. Аднак згадваю словы песні “Рисунок тушью”: “Художник, не пиши полотна: пусть кисть не лжёт…”. Словы Валянціна Тараса, Сямёна Гудзенкі, Міхаіла Кульчыцкага, Аляксандра Твардоўскага ды іншых аўтараў далёкія ад маны: паэтамі (шмат хто з іх гінуў у акопах, памёр ад ваенных ран) знойдзена праўдзівая, гранічна шчырая інтанацыя, што прымушала суперажываць і праз дзесяцігоддзі пасля вайны…

Мне ў гэтай праграме пашанцавала з песнямі: “Баллада о фотокарточке”, “Рисунок тушью”, “Міша Камінскі” — вельмі моцныя тэксты вялікіх майстроў паэзіі. І эмацыйна гэта вельмі сур’ёзныя нумары, што патрабавалі ўнутранай аддачы і праз тое шмат забіралі сіл пры кожным выкананні. Я памятаю абсалютную цішыню цягам песень, якая выбухала апладысментамі пасля кожнага нумара…

Акурат тады, у 1980-я, многія з “Песняроў”, як і я, навучаліся ў Мінскім інстытуце культуры. Адна з маіх выкладчыц, пабываўшы на канцэрце, сказала мне, што калі я спяваю “Мішу Камінскага”, трэба нейкія эмоцыі прыхоўваць у сабе, бо так сябе “выкарыстоўваць” нельга. Мусіць, угледзела яна нешта ў тым выкананні, што прасякнула яе наскрозь. Ды паверце: проста так ад артыстаў са сцэны падобныя эмацыйныя стрэлы не ідуць. Каб іх пусціць, патрэбна ўвайсці ў вобраз песні, суперажываць ёй. Гэтак артыст і “расходуется”. Але, з іншага боку, такое ў нас мастацтва…

Я пераношуся ў думках у 1984-ты. Пасля таго, як праграму адпрацавалі, слухаў яе на пласцінцы, дзе крыху інакш расстаўлены нумары: “Баня”, “Тальяночка”, “Ліст беларускіх партызан” гучалі ў залах не напрыканцы праграмы, а давалі пэўную разрадку паміж складанымі нумарамі і слухачам, і артыстам. Пасля выконвалі ў 1980-х на канцэртах хіба “Тальяночку” і “Возвращение”. Апошняя, на маю думку, — проста геніяльная песня, дзе ў адно сышліся вершы Валянціна Тараса, музыка і вакал Уладзіміра Мулявіна, аранжыроўка Ігара Паліводы. Пра ролю апошняга скажу асобна, бо мінімальнымі сродкамі трэба было стварыць эфект духавога аркестра, для чаго ён граў на трох “клавішах” адначасова: у пройгрышы там чуваць драўляныя, духавыя інструменты…

Мераю па сабе: мае дзяцінства, юнацтва, наогул век да трыццаці-сарака гадоў былі спакойнымі дзесяцігоддзямі і ў свеце, а пасля пачалося мноства лакальных канфліктаў па ўсім зямным шары. Наогул, ніхто не мог нават падумаць у 1980-я, што свет яшчэ неаднойчы страсянуць войны, тым больш — паблізу ад нас… Таму і прыгадваю цяпер песню “Последние залпы”, якой завяршалася праграма: “В тот день, когда окончилась война…”.

І яшчэ. Калі дзесяць гадоў таму ў складзе “Беларускіх песняроў” узнаўлялі некаторыя фрагменты з праграмы “Через всю войну”, мне падумалася, што адной з найскладаных песень была “Война — совсем не фейерверк”. Там вельмі складаны рытмічны малюнак, прапісаны ў бліскучай аранжыроўцы Барыса Бернштэйна, там кожную нотачку “выпілоўвалі”, як мне памятаецца. Урэшце, унікаючы, ва ўсе тыя песні, пачынаеш верыць, верыць у свята. Хоць нас не было на вайне, але ваявалі нашы бацькі і дзяды…