Вектары — ва ўсе бакі

№ 6 (824) 09.02.2008 - 15.02.2008 г

Формула “спачатку было Слова” ў сучасным Заслаў’і не дзейнічае. Бо там спачатку была... Музыка. ХХІ стагоддзе пачалося для гэтага горада з фестывалю, ідэя правядзення якога належала нястомнаму крыэйтару падобных і многіх іншых творчых праектаў — народнаму артысту Беларусі, прафесару Міхаілу Фінбергу.

 /i/content/pi/cult/148/1036/Vektary1.jpg

Іграе камерны аркестр на чале з Валерыем Сарокам.

А ўжо сёлета, на VІІІ такім свяце “Заслаўе-2008”, што было прысвечана 200-годдзю з дня нараджэння В.Дуніна-Марцінкевіча, да камернай беларускай музыкі далучыліся не толькі выстаўкі жывапісу і навуковыя канферэнцыі, але і літаратурнае слова (прытым, што навуковыя каментарыі да кожнага твора гучалі з вуснаў доктара мастацтвазнаўства, прафесара Вольгі Дадзіёмавай заўжды).
І так ужо павялося, што “радзімай” гэтага свята стала Заслаўская дзіцячая школа мастацтваў, хоць яе зала і разлічана літаральна на жменьку слухачоў.
А больш і няма дзе ў Заслаў’і канцэртам адбыцца! Але гэты “мінус” мясцовыя ўлады змаглі ператварыць у “плюс”. Бо ў выніку збудаваўся саамы дасканалы і ўстойлівы тып інфраструктуры, які дзейнічае пры любых абставінах. Школа як масток між мінулым і будучым. Як пераемнасць і назапашванне традыцый. Крок да прафесійных вяршынь. Штуршок да шляхетнасці як стану душы. Повязь навук і відаў мастацтваў. Кропка, вектары ад якой пралягаюць ва ўсе бакі… І хаця гэты спіс можна працягваць, дадамо яшчэ ўсяго адзін пункт: школа як сімвал “малога горада” — самадастатковага і, пры ўсёй яго залежнасці ад цэнтра, вельмі ўплывовага.Дзверы ў школьную залу не зачыняліся, бо жадаючымі патрапіць на свята поўнілася ўсё фае. І было з-за чаго! Нават мінчукі маюць рэдкую магчымасць паслухаць не толькі творы знакамітага кампазітара Дзмітрыя Смольскага, але і яго самога. Не аматар ён “гутаркі гутарыць”, але тут не толькі правёў зацікаўленую творчую сустрэчу, але і прыехаў назаўтра на свой аўтарскі вечар. Яго творы, што гучалі ў пералажэнні для разнастайных камерных складаў Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі, дадатковы раз пацвердзілі дакладнасць тэмбравага мыслення кампазітара: нават у апрацаваных варыянтах чуўся тэмбрава-фактурны арыгінал.
А як не адзначыць майстар-клас выбітнога піяніста Ігара Алоўнікава? Бо гэта быў і “адкрыты ўрок”, і гэткі ж адкрыты канцэрт — з адкрыццём твораў беларускай музыкі і асаблівасцей іх выканання. Да выстаўкі ў гонар Дуніна-Марцінкевіча, зладжанай
 /i/content/pi/cult/148/1036/Vektary2.jpg
Музычнае прывітанне гасцям і ўдзельнікам свята.
сталічным Музеем гісторыі беларускай літаратуры, далучыўся надзвычай паэтычны, з любоўю зроблены фільм “Белвідэацэнтра”, ідэя і арганізацыя паказу якога зноў-такі належала аркестру і ажыццяўлялася ў школьнай зале. Канцэрт, прысвечаны юбілею славутага драматурга і асветніка, будаваўся на музыцы яго сяброў — Станіслава Манюшкі, з якім яны разам ладзілі музычна-тэатральныя пастаноўкі, Міхала і Аляксандра Ельскіх (апошні быў яго першым біёграфам), Напалеона Орды, а таксама нашага сучасніка Уладзіміра Кур’яна, якому належыць сваё аўтарскае музычнае бачанне “Сялянкі” Дуніна-Марцінкевіча, “зашыфраванай” як спектакль “Ідылія” ў Купалаўскім тэатры.
Але, па словах самога М.Фінберга, “галоўным канцэртам” стаўся той, што з нацыянальнай музыкі, харэаграфіі і паэзіі ўжо ў другі раз спляталі да фэсту выкладчыкі і навучэнцы Заслаўскай ДШМ. Узрушылі не толькі асобныя юныя выканаўцы (Маша Цудзіла з 2-га класа, Света Мельнікава з 3-га), але і перавага разнастайных па складзе ансамбляў, у адным з якіх іграў сам дырэктар Валерый Шкурскі.
Школа як цэнтр фестывалю... Гучыць? Але сёлета на свяце прысутнічалі прадстаўнікі Італьянскага Пасольства, захапляльную экскурсію правяла для журналістаў старшы навуковы супрацоўнік Гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Заслаўе” Канстанцыя Шаховіч (паказала нават фрагмент уласнага батлеечнага спектакля), госці пазнаёміліся з выстаўкай Віктара Данілава, прысвечанай заслаўскім краявідам. Свята як яшчэ адзін турыстычны маршрут? Ды, пэўна, гэта ўжо тэма для іншага артыкула…

Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Віктара КАВАЛЁВА