“Непатрэбныя” рэчы

№ 26 (1152) 28.06.2014 - 04.07.2014 г

Наталля ДОРАШ, журналіст, фатограф
— Для дачнікаў вывесілі аб’яву: з участкаў арганізаваны вываз непатрэбных рэчаў. Іх трэба скласці на ўзбочыне дарогі: у суботу прыедзе грузавік і павязе назапашаны гадамі хлам на сметнік. Суседзі павыцягвалі ржавыя халадзільнікі, зламаныя тэлевізары з яшчэ чорна-белымі экранамі, падраныя матрацы, скалечаную мэблю...

/i/content/pi/cult/485/10358/3-5.jpgЯ стала вырашаць, што б такое выкінуць з непатрэбных старых рэчаў і нам... Успомніла пра тумбачку 1950-х — часоў маладосці маіх бацькоў, якая шмат гадоў стаяла ў хляве. Выцягнула я яе з хлява на двор — вартае жалю відовішча. І ўспомніла, як у дзяцінстве мне падарылі гэтую тумбачку ў якасці доміка для лялек. Дзве яе паліцы служылі пакоямі для маіх пупсікаў, на іх я расставіла лялечную мэблю, а ў шуфлядзе стварыла лялечную гардэробную са складам абрэзкаў тканіны і стужак для пашыву лялечных строяў. Успомніла, як гэтая тумбачка адзін час была падстаўкай для кадкі з велізарнай агавай, як яна стаяла ў старым дачным доміку ля ложка таты і прапахла сардэчнымі каплямі...

“Мая дарагая, шаноўная тумбачка, — сказала я, — мне не хочацца цябе выкідаць. Я цябе адрэстаўрую і пакрыю мэблевым лакам — ты застанешся жыць. А зараз пастаўлю на цябе гэты букет жоўтых кветак, каб ты не пачувала сябе такой адзінокай і нікому не патрэбнай”.

А дачны сусед для вывазу на звалку вынес старую аконную раму. У яе акенцах атрымаўся “сакрэт”. Памятаеце, як мы, дзяўчынкі, рабілі іх? Выкопвалі ў зямлі неглыбокую ямку, на дно яе клалі фальгу або фанцік ад цукеркі, змяшчалі туды сарваную кветку і закрывалі гэтую прасторавую кампазіцыю аскепкам шкла. Прысыпаўшы “сакрэт” зямлёй, толькі мы ведалі пра схаваны скарб. Калі хлапчукі адшуквалі нашу інсталяцыю — адразу ж знішчалі яе... Такая вось была калісьці дзіцячая гульня...