"У аповесці вашай — усё пра мяне..."

№ 25 (1151) 21.06.2014 - 27.06.2014 г

Сваімі ўспамінамі пра Васіля Быкава з "Культурай" дзеліцца журналістка Вольга Ягорава.

/i/content/pi/cult/484/10355/14-2.jpg

Згадваю: Васіль Быкаў, вядомы пісьменнік, распавядаў, як малым з хлопцамі за вёску Бычкі хадзіў на возера і торкаў там баброў. Дзеці баяліся, што куснуць... А потым, распавядаў творца, раскулачвалі ў акрузе бацькоў тых хлопцаў, адпраўлялі сем’і цягніком на край свету. А ён, хлапчук Вася Быкаў, пазайздросціў быў, што на цягніку едуць...

***

...Віцебск. Мы гутарым пра лёс Марка Шагала. Быкаў апавядае, скажам, пра тое, чаму Шагал менавіта так, а не інакш ілюстраваў Гогаля... Я амаль нічога тады не ведала пра яго, а Быкаў, не зразумеўшы маёй збянтэжанасці, пачаў проста і свабодна распавядаць не столькі пра Шагала-мастака, як пра шматпакутны яўрэйскі народ,

***

Упершыню пісьменнік сам адкрыў мне дзверы свайго дома. Кветкі аддаў жонцы Ірыне Міхайлаўне, стоячы ў звычайным хатнім адзенні... Паклікаў да сябе ў кабінет і паказаў вялікую бібліятэку.

— Васілька, табе трэба прыняць лекі... — Ірына Міхайлаўна падала бутэлечку з пульверызатарам.

— Пасля... — сказаў ён.

Мы сядзім з ім ціха. І дзіўна, што не ўключаем святло...

***

Самы драматычны момант у ягоным жыцці, здаецца, у шэсцьдзясят шостым, калі Пімен Панчанка ў “Маладосці” надрукаваў “Мёртвым не баліць”. Пасыпаліся абвінавачванні “за акопную быль”... Маўляў, права мае толькі веліч Перамогі. А ўвесь бруд, жах, страшны боль быццам бы і не пра нас, па-за намі...

— Няўжо не тое пішу? — адчайваўся і сам Быкаў.

Выручыў Твардоўскі (памятаеце, “все минёт, а правда останется...”?): аповесці Быкава ўвайшлі ў “Новый мир”, як свае... І зноў жартаваў Быкаў: "Дык не, няма ж у мяне нічога, акрамя белага лістка!".

***

Аднойчы Быкаў сказаў:

— Дзіўлюся, піша салдат: “Прачытаў у аповесці вашай — усё пра мяне... Адкажыце, можа, гэта сапраўды пра мяне, можа, мы дзесьці сустракаліся?” А сам жа ён ваяваў зусім у іншым месцы, а не там, дзе я...

***

Усе нашы сустрэчы з Быкавым былі ціхімі. У Адамовіча, згадваю, на Вялікдзень, сядзім, размаўляем... Ён збіраўся ехаць у Маскву.

— Ці шчаслівыя вы? — чамусьці пытаюся, не ведаючы навошта. —Напішыце мне на аркушыку.

“Я шчаслівы ў той меры, у якой не сорамна быць шчаслівым у наш час”, — вывеў ён.

І тут уваходзіць Быкаў. Ён пайшоў да Веры Сямёнаўны, жонкі Адамовіча, даўшы нам дагаварыць...

— А цяпер — з Вялікаднем... — усміхаючыся, даў па чырвонаму яйку...

***

“Я ад яе атрымаў у спадчыну тое, што ўвайшло ў мой характар, але ў жыцці потым мне гэта заўсёды перашкаджала. Смешна, але як бы я не стараўся, як бы не напружваўся, нічога не атрымліваецца... Нават у трамвай заўсёды заходжу апошнім...” Гэта — пра маці, Ганну Рыгораўну, напісаў Быкаў.

Дасталося ёй! Пахаванку даслалі ў вёску Бычкі... А яна зразумела па-свойму — як ліст... Верыла: жывы.

Ёсць той абеліск і цяпер, дзе імя Васіля Быкава, загінулага разам з усімі, вырашылі не сціраць, раз так Бог загадаў...