Нават коска — цікавая

№ 25 (1151) 21.06.2014 - 27.06.2014 г

Крытык Міхась Тычына: “Без Быкава ўявіць ХХ стагоддзе немагчыма”
Да 90-годдзя з дня нараджэння Васіля Быкава выйшла яго аповесць “Мёртвым не баліць” — у першым аўтарскім варыянце, без правак савецкай цэнзуры, якіх было каля дзвюх соцень. Вернутыя ў тэкст купюры выдзелены ў тэксце “афарбоўкай” і выявай нажнічак на палях — для больш відавочнага параўнання версій. Пра гэта выданне, а таксама пра іншыя кнігі славутага пісьменніка і саму яго асобу мы гутарым з навуковым рэдактарам кнігі, даследчыкам творчасці Быкава Міхасём ТЫЧЫНАМ.

/i/content/pi/cult/484/10354/14-1.jpg— Цяпер мы маем новую, невядомую дагэтуль, сапраўдную аповесць Васіля Быкава “Мёртвым не баліць”. Кніга, безумоўна, прыцягне ўвагу чытача. Але сама аповесць складае ў ёй менш чым палову тома. Усё астатняе, названае “Пасляслоўем”, — вельмі падрабязныя, па-журналісцку аформленыя каментарыі Сяргея Шапрана. А насамрэч — асобнае амаль дэтэктыўнае даследаванне, дзе прасочваецца гісторыя стварэння аповесці і яе лёс. Упершыню гэта аповесць была надрукавана ў часопісе “Маладосць” у 1965-м, калі яго ўзначальваў Пімен Панчанка. Менавіта ён прапанаваў змяніць назву “Ноч пасля свята” на “Мёртвым не баліць”. А вось з перакладам на рускую мову ўзніклі праблемы. У газеце “Правда” з’явіўся крытычны артыкул без подпісу (звычайна такім чынам пазначаліся матэрыялы, якія выяўлялі пазіцыю ўлады), пачалося шальмаванне твора і пісьменніка. Больш падрабязна пра гэта і многае іншае распавядаецца акурат у згаданым “Пасляслоўі”. Тут ёсць і тыя матэрыялы, што з’яўляліся ў друку, і ўспаміны сведкаў падзей, і выявы рукапісных старонак тэксту, і фотаздымкі, у тым ліку рэдкія, і замалёўкі самога Быкава.

Акадэмічны падыход да выданняў іншы. Каментарыі там бываюць максімальна сціслымі, пералічваюцца толькі самыя важныя факты: дзе і калі было напісана, выдадзена... Сяргей Шапран, настойваючы на журналісцка-публіцыстычным падыходзе, спрачаўся са мной як са спецыялістам і вырашыў даваць усё без скарачэнняў. Хтосьці можа сказаць, што гэта, маўляў, “правінцыйны” погляд. Але сёння, мабыць, так і трэба, ён меў рацыю. Выхаду кнігі папярэднічала вялікая праца. І гэта не адзіны том, падрыхтаваны Сяргеем, бо той апошнім часам увогуле вядзе сур’ёзную даследчую работу, выяўляе ўсё новыя дакументы. Ён вёў пошукі ў архівах — дзяржаўных і сямейных, наладзіў перапіску з расійскімі калегамі і даследчыкамі творчасці Быкава: з Рыгорам Бакланавым, Лазарам Лазаравым. Некаторы час таму родныя пісьменніка перадалі яму цэлы стос рукапісаў. Сярод іх быў і чарнавік гэтай аповесці, і некаторыя іншыя матэрыялы. А машынапіс, некрануты цэнзурай, Шапран адшукаў у Дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. Хаця нават сам Быкаў лічыў, што ўсё гэта страчана.

— Кажуць, Быкаў скептычна ставіўся да “захавання кожнай паперкі”, што бывае ўласціва некаторым творцам.

— Не, штосьці ён сам здаваў у архіў. Але і сапраўды часта выказваўся, што рукапісы нікому не патрэбныя. Ірваў іх, паліў: маўляў, свет і так перапоўнены дакументамі. Памятаю, як ён быў незадаволены, калі яго параўноўвалі з Дастаеўскім. Звычайна ў пісьменнікаў наадварот: ставяць побач з Львом Талстым, а яму мала — трэба, каб з Шэкспірам.

— Ведаю, што ў свой час Быкаў сам папрасіў вас, каб вы ўзначалілі падрыхтоўку васьмітомніка яго твораў.

— Была такая справа. Гэту звестку прынёс адзін з блізкіх сяброў Васіля Уладзіміравіча — Рыгор Барадулін, які адразу запаліўся гэтай ідэяй. Быкаў на той час знаходзіўся ў Германіі, і ўся наша перапіска ішла па электроннай пошце. Я склаў праект, але Быкаў быў згодны не з усімі пунктамі. Адштурхоўваючыся ад акадэмічных патрабаванняў, я сыходзіў з храналогіі. Быкаў жа хацеў у першых тамах змясціць тое, што лічыў самым актуальным. Але і тут ён “забракаваў” адну аповесць, якую я прапанаваў: маўляў, час для гэтай “павястушкі”, як ён яе называў, яшчэ не наспеў. Гэта было яму не ўласціва. Звычайна ён адразу здаваў свае творы ў выдавецтва, і самым вялікім ягоным жаданнем было — каб хутчэй надрукавалі, бо праблема часу і своечасовасці для яго была вельмі важнай.

— А што на конт адкрыццяў апошняга часу?

— Акурат, тое, што робіцца ў гэтым сэнсе з поўным выданнем творчасці Быкава, з’ява шмат у чым унікальная. Выяўляюцца тыя тэксты, на якія аўтар ці сам забыўся, ці лічыў іх не вартымі ўвагі. А ёсць яшчэ чарнавікі, накіды. Разам з тым, нанова друкуюцца і ўжо вядомыя творы. Калісьці ў серыі “Школьная бібліятэка” выходзілі творы, уключаныя ў школьную праграму, я рабіў да іх прадмовы. А потым аб’ядналі і тыя аповесці і тэксты маіх прадмоў — атрымалася прыгожае, добра аформленае падарункавае выданне, якое распаўсюдзілі пераважна па амбасадах замежных дзяржаў.

Наогул, без Быкава ўявіць ХХ стагоддзе — немагчыма. І не толькі ўласна літаратуру, але і іншыя віды мастацтваў. Бо паводле яго прозы здымаліся кінастужкі, ставіліся п’есы, пісаліся шматлікія музычныя творы...

— Балет Яўгена Глебава “Альпійская балада”, опера Генрыха Вагнера “Сцяжынай жыцця” паводле “Воўчай зграі”, араторыя “Чытаючы Васіля Быкава” таго ж аўтара. Але ж Быкаў і сам пісаў кінасцэнарыі!

— Шмат іх выявіў усё той жа Шапран. Для Быкава заўсёды было вельмі важна знайсці аднадумцаў. Так адбылося ў свой час з фільмам Ларысы Шапіцька “Узыходжанне” паводле аповесці “Сотнікаў”.

— Але ж засталося і нерэалізаванае...

— Летась Шапран выдаў кнігу са знаходкамі гродзенскага перыяду жыцця і творчасці Быкава, дзе ёсць і прыпавесці на рускай мове, якія раней не выдаваліся, і шмат незавершаных рэчаў: накіды, нататкі, кароткія гісторыі, нават падобныя да анекдотаў. У расійскім часопісе “Сибирские огни” за кастрычнік мінулага года была надрукавана (з маёй прадмовай, дарэчы) перапіска Быкава з Алесем Адамовічам, якую мы падрыхтавалі з дачкой Адамовіча. Але гэта толькі невялікая частка яго эпісталярнай спадчыны. Выданне лістоў Быкава, гутарак з ім яшчэ наперадзе. Але час ідзе, людзі, якія яго добра ведалі, сыходзяць. Трэба спяшацца. У свой час Талстой цікава выказваўся наконт будучага літаратуры. Ён лічыў, што яна непазбежна саступіць месца візуальным відам мастацтва, спаборнічаць з якімі ёй не заўсёды па плячы. Застанецца хіба дакументалістыка, якую нішто не заменіць. Зараз з дакументалістыкай шчыльна звязана кіно, усё актыўней звяртаецца да яе тэатр. Словы аказаліся прарочымі? Як бы тое ні было, але ў дачыненні да Быкава сёння ўсё цікава — кожнае ягонае слова і нават кожная коска. Чым далей, тым больш зразумела, што Быкаў застаўся для нас невядомай зоркай, і мы будзем нанова адкрываць для сябе яго творчасць яшчэ не раз. Думаю, нечаканага будзе багата...

ФОта Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"