Па Вялікім Боры русалку вадзілі…

№ 25 (1151) 21.06.2014 - 27.06.2014 г

У сельскай культуры жыхароў вёскі Вялікі Бор Хойніцкага раёна яшчэ жыве традыцыя правядзення абраду “Ваджэнне русалкі”.

/i/content/pi/cult/484/10352/11-3.jpg

Менавіта гэта прыгажуня з вёскі Вялікі Бор стала сёлетняй галоўнай гераіняй "Русалля".

Абраду больш за 100 гадоў. У сярэдзіне 1990-х ён быў адроджаны жыхарамі вёскі, сярод якіх Жанна, Анатоль, Галіна, Віктар Харошкі, Марыя Кашперка, Віктар Малінок, Марыя Навуменка, Ганна Сачанка… І вось ужо цягам шаснаццаці гадоў вялікаборцы вядуць русалку ў поле. У наш час абрад праходзіць штогод у наступную нядзелю пасля праваслаўнай Троіцы.

Захавалася і старажытная легенда, звязаная з русалкай. Калісьці людзі верылі, што дзіця, якога не пахрысцілі, калі памрэ — “пойдзе ў русалку”. Аднойчы сабраліся вясковыя жанчыны пасля Троіцы і вырашылі “правесці русалку”. Аднаго юнака прыбралі “свяшчэннікам”, самі пераапрануліся, песні спявалі, весяліліся. Калі ішлі па вёсцы, то выйшаў да іх стары жыхар і кажа: “Што вы русалку дражніце? Не трэба!” Не паслухаліся яго і ўсё роўна гулялі “ў русалку”, хрысцілі яе. Неўзабаве з’явілася страшэнная хмара, сонца села… І раптам пайшоў моцны град, які пабіў ва ўсіх агародах ураджай. Толькі агарод таго чалавека, што заступіўся за русалку, нібыта хтосьці збярог. З таго часу, каб улагодзіць русалку, каб не было града і дзеці маленькія не паміралі нехрышчонымі, людзі пачалі рабіць русалчыны провады.

На ролю русалкі выбіраюць маладую незамужнюю дзяўчыну. “Ваджэнне русалкі” пачынаецца да захода сонца — пасля 18-й гадзіны. Удзельнікі абраду збіраюцца на паляне, спяваюць песні, плятуць маленькія вяночкі і адзін вялікі. Потым “апранаюць” дзяўчыну ў русалку. Вопратка складаецца з галінак і лісця дрэў. Шэсце на чале з русалкай накіроўваецца да поля. Жыхары хат, якія сустракаюцца на шляху святочнага шэсця, выходзяць на вуліцу, каб прывітаць аднавяскоўцаў і прымкнуць да іх. Усе хочуць дакрануцца да русалкі, аднак гэта немагчыма: русалка з аховай. Следам за ёй ідуць пажылыя жанчыны з абрадавымі вянкамі, потым — усе астатнія жыхары вёскі з кветкамі і невялікімі вянкамі ў руках. Чутны песні, сярод якіх — “Правяду русалачку да бору…”. Русальнае шэсце ідзе па шашы, паварочвае ўлева — на вясковую вуліцу, якая вядзе да поля. На полі запальваюць вялікае вогнішча. Удзельнікі абрада праводзяць русалку ў жыта, здымаюць вянок, разрываюць травяную “вопратку”, а потым уцякаюць ад яе. Русалка даганяе іх і пляскае ў далоні. Хлопцы-ахоўнікі гоняць яе далёка ў жыта. Потым усе вяртаюцца да вогнішча: водзяць карагоды, пяюць песні, скачуць праз агонь…

Абрад захаваў аграрна-магічную функцыю — пасля таго, як праводзяць русалку ў жыта, дарослыя жанчыны асвячаюць над вогнішчам вялікі абрадавы і маленькія вяночкі, разрываюць іх, раздаюць прысутным, каб яны неслі іх дадому, раскідалі на градкі з гуркамі, капустай, бульбай у сваім гародзе для добрага ўраджаю.

Людміла МЕЛЬНІКАВА, вядучы метадыст па народных традыцыях і абрадах Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці

Фота аўтара