Белым шоўкам па белым палатне

№ 25 (1151) 21.06.2014 - 27.06.2014 г

Раённы цэнтр народнай творчасці ў чарговы раз папоўніў скарбонку сваіх узнагарод. Дыпломам ІІ ступені ўзнагароджана народная майстрыха з вёскі Дарапеевічы Сцепаніда Сцепанюк. Яна разам з Валянцінай Струнец, дырэктарам РЦНТ, і народным ансамблем народнай песні “Рыцкі куфэрак” гарадскога ДК прымала ўдзел у VІ Рэспубліканскім фестывалі-кірмашы рамёстваў “Вясновы букет”.

/i/content/pi/cult/484/10351/11-1.jpg

Іван Андрайчук і Наталля Пішчык у вясельных строях  жаніха і нявесты Маларытчыны пачатку ХХ стагоддзя, які адноўлены і вытканы Сцепанідай Сцепанюк.

Палітра традыцыйных рамёстваў рэгіёна — надзвычай багатая. Узяць, да прыкладу, калекцыю адзення нашага строю (дзесяць спадніц, чатыры жаночыя і тры мужчынскія кашулі, чатыры фартухі, пяць гальштукаў). А ёсць яшчэ і ручнікі (два дзясяткі вышытых і тканых), сумкі з ільну (тканыя, з маларыцкім арнаментам), палавікі, вырабы з бісеру і саломкапляценне.

Валянціна Мікалаеўна — спецыялістка па правядзенні майстар-класаў па завязванні плата (наміткі), а Сцепаніда Аляксееўна — па вырабе льняных нітак з кудзелі на калаўроце… Яна ж выткала вясельны ўбор нявесты і жаніха. Асаблівае захапленне выклікае белая сукенка нявесты: на палатне белымі шаўковымі ніткамі вытканы характэрныя карункі адноўленага маларыцкага арнаменту пачатку ХХ стагоддзя.

Сцепаніда Сцепанюк — асоба знакамітая, яркая. Вось што яна кажа пра пяты раённы агляд-конкурс абрадавага фальклору “Спадчына зямлі Маларыцкай”, у якім прымала ўдзел (на творчым спаборніцтве фальклорныя калектывы раёна прадстаўлялі элементы вясельных абрадаў сваіх населеных пунктаў):

— Усе нявесты былi апрануты ў нацыянальны касцюм. Пасля ўбачанага самой захацелася аднавіць-выткаць вясельны ўбор дзяўчыны пачатку ХХ стагоддзя сваёй мясцовасцi. Дапамаглі гэта зрабіць успаміны вяскоўцаў-старажылаў, а таксама — фотаздымкі. Усё ўзважыўшы, прыкінуўшы, села за кросны.

— Любоў да ткацтва — гэта таксама і пастаянны эксперымент, пошук новых форм, узораў, спалучэнняй колеру і фактуры, — сцвярджае Валянціна Струнец. — У сваім вясельным уборы Сцепаніда Сцепанюк гэтым разам выкарыстала не традыцыйны белы і барвовы колеры, якія характэрныя маларыцкаму строю. Яна выткала маларыцкі арнамент белым шоўкам на белым палатне. Тканіна, што з’явілася з-пад яе рук, набыла новы духоўны сэнс і магутны энергетычны імпульс.

Мікалай НАВУМЧЫК

Маларыта

Фота аўтара