БаБАХнем па кубачку джаза!

№ 6 (824) 09.02.2008 - 15.02.2008 г

Не верце тым, хто бае, быццам рэклама нарадзілася ў ХХ стагоддзі. Бо яшчэ ў ХVІІІ “Іаган Себасцьянавіч” (чытай — І.С. Бах) сваёй напаўжартоўнай “Кававай кантатай” прасоўваў напой, які толькі-толькі ўваходзіў у моду, на еўрапейскі рынак. А таго, хто быў супраць гэткіх кулінарных новаўвядзенняў (між іншым, па фінансавых меркаваннях, бо каштавала тады кава — о-го-го!), назваў у сваім творы Старадумам, быццам прадказаўшы класіцысцка-павучальную п’есу Дзяніса Фанвізіна.

 /i/content/pi/cult/148/1035/Bach1.jpg
 Сцэны са спектакля ““Бах… Кава… Джаз…”.
Чарговы (і абсалютна новы) зварот Беларускай оперы да гэтага твора (упершыню “Кававая кантата” была ўвасоблена на нашай опернай сцэне леташнім сакавіком) аказаўся не менш актуальным. Бо прэм’ера спектакля “Бах… Кава… Джаз…” прыпала акурат на той час, калі наша краіна, завяршыўшы Год дзіцяці, распачала Год здароўя. У спектаклі ж канфлікт пакаленняў вырашаецца на карысць дачкі, а Старадум, паводле новай версіі, злоўжывае куды больш моцнымі за каву напоямі, што і становіцца прычынай сямейных скандалаў. Ну, проста агітка “За здаровы лад жыцця!”, дый толькі!

Аказалася, “не толькі” — чым, уласна кажучы, спектакль і каштоўны. Бо нават тыя, хто ішоў выключна на сенсацыю (усё ж Бах у джазавай версіі гучыць у нас, пагадзіцеся, не так часта), у выніку пераканаліся, што трапілі на мастацтва — вечнае і, разам з тым, надзвычай жывое. Трапяткое, як подых флейты, — і напорыстае, бы тэмбр саксафона. Міхаіл Лявончык, выступіўшы “сааўтарам” І.С. Баха, здолеў не супрацьпаставіць дзве эпохі, як можна было б чакаць, а— спалучыць іх у адно гарманічнае цэлае. І менавіта ў гэтым, а не ў джазавых квадратах “паводле Баха”, — мастацкая актуальнасць партытуры (нагадаю, інструментальныя тэмы Баха ў джазавай апрацоўцы прапаноўваў калісьці беларускі габаіст Леанід Гурвіч, які, падобна М.Лявончыку, прадоўжыў сваю джазава-кампазітарскую адукацыю ў Германіі). Калі ў полістылёвых творах мінулых дзесяцігоддзяў канфліктавалі (ці наўпрост “паралелілі”, знаходзячыся ў розных вымярэннях) “разбуральная” сучаснасць і ідэалізаваная даўніна, што настальгічна ўспрымалася згублена-загубленай прыгажосцю, дык тут паміж імі дасягнута не звычайнае “перамір’е”, а плённае супрацоўніцтва. Заснаванае, тым не менш, на гэткім “суверэнітэце”. Традыцыі сімфаджаза і джаз-рока, узбагачаныя неакласіцызмам і канцэпцыйна парадаксальным мысленнем А.Шнітке (але без уласцівай яму трагедыйнасці), набылі новыя адценні. Кампазітар быццам здолеў знайсці тую “месяцавую сцяжынку” скрозь часы і геаграфічныя мясціны, што ўзнікала і ў рамане “Майстар і Маргарыта” М.Булгакава, і ў мюзікле нашага Уладзіміра Дамарацкага паводле аповесці “31 чэрвеня” Дж.Б. Прыстлі, прыўносячы ў іх фінал светлы спакой, а не чорную бездань.

Новых правілаў ігры (менавіта ігры, а не “гульні”) выдатна прытрымліваецца аркестр пад кіраўніцтвам маладога дырыжора Андрэя Іванова, дзе асабліва трэба вылучыць шматлікіх салістаў-інструменталістаў. І хаця гэткага ж па ўзроўні вакальнага джаза мы на прэм’еры, на жаль, не пачулі, вакалісты, паверце, заслугоўваюць больш чым пахвалы. Бо спеўную
 /i/content/pi/cult/148/1035/Bach2.jpg
манеру, што ні кажыце, змяніць куды больш складана.

Дый традыцыі вакальнага джаза, у адрозненне ад інструментальнага, пачалі развівацца на Беларусі літаральна з канца 1980-х — з нашай “Камераты” (а быў жа ў 1939-ым у яе “папярэднік”— ансамбль “Джазгол”, што існаваў у Беластоку, далучаным тады да Савецкай Беларусі). Выхаваныя пераважна на рускай класіцы ХІХ стагоддзя, сёння нашы оперныя салісты (нават у параўнанні з сакавіцкай “Кававай кантатай”) нашмат лепей спраўляюцца з нязвыклымі для іх фіярытурамі ХVІІІ стагоддзя.

Крыху часу — і джаз, трэба спадзявацца, стане для іх таксама больш “родным”. Бо здолелі ж яны засвоіць элементы танцавальнай лаціны! І тое, што тэатр смела ўзяў курс на “прымерку” (і прымірэнне) розных стыляў, на спалучэнне вакалу з пластыкай, не гаворачы ўжо пра акцёрства, трэба лічыць самай вялікай актуальнасцю прэм’еры.

Мастаку К.Булгакавай і рэжысёру Н.Кузьмянковай, можа, не хапіла грошай і годных умоў для ўвасаблення творчых фантазій. Бо цяперашняя сцэнічная прастора, што патрабуе паралельнага развіцця падзей, нагадвае сумесь хрушчоўкі з камуналкай, напханую канапамі-ложкамі. А можна ж столькі напрыдумваць! І пантаміму ці мадэрн-харэаграфію замест (альбо ў дадатак) некаторых вакальных фрагментаў, і тэатр ценяў, і больш развітыя інструментальныя “каментарыі”, і больш экстрэмальныя прасторавыя перамяшчэнні. Але, вядома, з іншым “сцэнарыем” сучаснай “кававай гісторыі”, бо аповед пра бацьку-п’янтоса і жаніха — капітана далёкага плавання надта “прыцягнуты” і нагадвае два слоганы: “Выходзьце, дзеўкі, замуж!” і “Піце каву, мужыкі!”. Паболей у спектаклі хочацца джаза. Дый Баха — таксама паболей! Можа, сапраўдную каву і трэба піць з маленькіх кубачкаў, але ж тады і маленькімі глыткамі, расцягваючы асалоду ў часе, а не каўтаючы, бы той “стапарык”. Таму так прагне душа яшчэ і развітай, кампазіцыйна адточанай, да дробязей прадуманай драматургіі, што адпавядала б бахаўскай грацыёзнасці, як адпавядае ёй той сцішана імпрэсіянісцкі “шоргат”, з якога пачынаецца дзея.

Сама ідэя гэтага спектакля настолькі геніяльная, што было б недапушчальнай памылкай пакінуць яе ў цяперашнім эмбрыёнавым стане, разлічаным на стомленую пасля працоўнага дня публіку, якую нельга “нагружаць”.

Спектакль, заснаваны на такой ідэі і дапрацаваны да стану “цукерачкі”, што так пасуе да кавы, мог бы ўпрыгожваць і бахаўскія, і джазавыя, і ўласна оперныя замежныя фестывалі.


Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Юрыя ІВАНОВА