Як сыграць на дзвюх струнах?..

№ 25 (1151) 21.06.2014 - 27.06.2014 г

Аргументы для вясковага развіцця: дзеянне і ўзаемадзеянне
Гэты артыкул цалкам прысвечаны Слонімшчыне. Папрацавалі тут, як падаецца, досыць прадуктыўна. Пашанцавала: яшчэ перад выездам з Мінска змаглі дамовіцца пра сустрэчу з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталляй Юнчыц. На новай пасадзе яна — літаральна лічаныя дні, але цудоўна ведае, чым павінна займацца. Таму імгненна пагадзілася сустрэцца, пагаварыць пра тэндэнцыі, праблемы і перспектывы, паказаць тое-сёе з досведу… Дзелавітасць Наталлі Станіславаўны і вызначыла выніковасць нашага знаходжання ў раёне.

/i/content/pi/cult/484/10349/10-1.jpg

Дом-музей Салейкаў.
/i/content/pi/cult/484/10349/10-3.jpg
Бібліятэкар з Дзераўной Жанна Хворык.
/i/content/pi/cult/484/10349/10-4.jpg

Будынак з установамі культуры вёскі Дзераўная.

/i/content/pi/cult/484/10349/10-5.jpg

 

У кабінеце начальніка аддзела Наталлі Юнчыц.

/i/content/pi/cult/484/10349/10-6.jpg

Дырэктар Слонімскага РДР Ніна Мароз.

/i/content/pi/cult/484/10349/10-7.jpg

Мама і сын: Надзея і Пётр Салейкі са Слоніма.

Песня для агранома на пенсіі

У вёску Дзераўная прыехалі недзе а 19-й вечара. Цэнтральны дом культуры (адразу падумалі, што новая назва ўстановы — вынік аптымізацыі) месціцца тут у адным будынку з мясцовым аддзяленнем сувязі і сельскай бібліятэкай. Вось якраз у апошнюю і хацелася трапіць, бо даўно не наведвалі вясковых “кніжнікаў” у натуральных для іх працоўных умовах. Наведалі. Бібліятэкар Жанна Хворык сустрэла спакойна і гасцінна, гаворку вяла ўпэўнена і аргументавана. Адразу патлумачыла прыцемкі ў пакоях: “Электрычнасць па невядомых прычынах адключылі”. Запэўнілі яе, што нават у сталіцы такая з’ява пад час навальніц і залеў ці не традыцыйная…

Так, асвятлення ў бібліятэцы не было, а вось чытач, гатовы сцярпець любыя нязручнасці, — прысутнічаў! Натуральна, не маглі не пазнаёміцца. Уладзімір Канстанцінавіч Гізоўскі — пенсіянер, раней працаваў у тутэйшай гаспадарцы старшынёй, аграномам. Адным словам, мясцовая інтэлігенцыя… І сядзеў былы аграном над… нотамі. Патлумачыў: “Выйшаў на пенсію і вырашыў песнямі заняцца.” Адразу бачна, творчы чалавек. З такімі мясцовы ЦДК не прападзе. Між іншым, Уладзімір Гізоўскі — ужо восьмы чытач, што завітаў сёння ў Дзераноўскую сельскую бібліятэку. Звычайна іх бывае за дзень удвая больш. Адсутнасць электрычнасці ўсё ж — фактар рашаючы і зразумелы….

А вось тое, што можа чытачоў аб’яднаць, — фарміраванне па-інтарэсах. У мясцовай бібліятэцы дзейнічае клуб “Спадчына”, разам з удзельнікамі якога і праводзяцца мерапрыемствы, прысвечаныя юбілеям беларускіх, у тым ліку мясцовых пісьменнікаў. Праўда, творцы на сустрэчы са сваімі чытачамі прыязджаюць не вельмі часта — транспартныя выдаткі — няўздымныя і для пісьменнікаў, і для самой бібліятэкі.

Што яшчэ прымусіла трохі зажурыцца: па словах бібліятэкара, мерапрыемствы ў клубе “Спадчына” досыць рэдкія — усяго адно на два месяцы. Праўда, акрамя літаратурных сустрэч бібліятэка можа пахваліцца краязнаўчымі даследаваннямі, а таксама экскурсіямі з дзецьмі па наваколлі, багатым на помнікі гісторыі.

Здавалася б, лета — для вясковай бібліятэкі — “мёртвы сезон”, ці не ўсе чытачы заняты сельскагаспадарчымі клопатамі. Не выпадкова, што ў Дзераўной у гэты час асноўны чытач — дачнікі са Слоніма, якіх улетку тут вельмі багата. Адмыслова для іх падбіраецца і тэматычная літаратура, прысвечаная ноу-хау ў вядзенні прысядзібных гаспадарак.

Падбірае адмысловую літаратуру Жанна Хворык і для мясцовага Дома культуры: да розных святаў, тэматычных вечарын. Мы ўжо наважыліся даведацца пра плённае супрацоўніцтва паболей ды разабрацца, як колішні аграном выконвае песенныя партыі, скіраваліся былі ў ЦДК, але Жанна Хворык спыніла, патлумачыўшы, што клубнікі з’ехалі ў райцэнтр па сцэнічныя касцюмы. Відаць, надзвычай дарагія ды доўгачаканыя тыя строі, што работнікі Дома культуры сарваліся з працы поўным складам і без адпаведнай абвесткі на клубных дзвярах… Вырашылі пакінуць разгляд дадзенай праблемы на заўтрашні дзень і скіраваліся да слонімскай гасцініцы.

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

Мне падабаюцца бібліятэкі, дзе працуюць упэўненыя людзі. Просьба не блытаць упэўненасць з катэгарычнасцю. Апошняя — прыкмета пэўнай абмежаванасці. Першая — доказ таму, што чалавек ведае, чаго жадае ад жыцця, якое атаясамлівае з працай. Катэгарычнаму цяжка ўдасканаліць пункт уласнага гледжання, таму ён жыве састарэлымі, але добра знаёмымі пастулатамі. Упэўнены не баіцца памыляцца, рушыць наперад паступова, але мэтанакіравана. Такой і падалася мне Жанна Хворык. Цікава было б прасачыць за яе далейшым прафесійным лёсам.

Ткацтва з дзяцінства?

Апошні раз мы былі ў Слоніме гадоў пяць таму. Тэрмін — ладны. У горадзе за гэты час адбыліся істотныя вонкавыя змены. (І ўвогуле нашы райцэнтры, за рэдкім выключэннем, мяняюцца ў станоўчы бок літаральна на вачах.) Маем на ўвазе не толькі новы тэатр, які выглядае цяпер нібы жаніх-прыгажун на доўгачаканым вяселлі. Да ладу прыведзены астатнія гістарычныя будынкі (храмы, касцёлы ды манастыры). У раёне — новы кіраўнік Алег Таргонскі, актыўны і дзейсны. Пасля яго прыходу на парадак дня было вынесена пытанне паскарэння ўзвядзення тэатральнага будынка, а будаўніцтва лядовага палацу прызнана на сёння не надта актуальным — замест яго вырашана ўзводзіць спартыўна-аздараўленчы комплекс. Вельмі шматзначны ў плане аптымізацыі нюанс….

Начальнік аддзела Наталля Юнчыц прыйшла ў культуру з сістэмы адукацыі. На гэты досвед забывацца не збіраецца. “Нашы аддзелы, — кажа яна, — павінны працаваць у самым шчыльным кантакце”. І гэта, як аказалася, даволі аргументаваныя словы. Вось тое судакрананне дзвюх сфер, якога мы так даўно чакаем.

Яскравы прыклад узаемадзеяння культуры і адукацыі — увядзенне ў абавязковую праграму дашкольных навучальных устаноў заняткаў па ткацтве. Наталля Юнчыц лічыць такі падыход да выхаваўчай справы ідэалагічна вывераным:

— Вы не ўяўляеце, як хутка дзеткі асвойваюць народныя рамёствы! Ткацтва ж ім дазваляе развіваць творчыя здольнасці, маторыку. Апошнім часам у дашкольнікаў усё часцей сустракаюцца дэфекты маўлення, абумоўленыя асаблівасцямі сучаснага выхавання бацькамі: не паспела дзіця навучыцца размаўляць, як яму ўжо падсоўваюць тэлевізар і камп’ютар. І вельмі важна, каб дзіця як мага раней пачынала ўсведамляць сябе праз нацыянальнае спрадвечнае рамяство, праз нашу традыцыйную культуру.

Цяпер зразумела, чаму Раённы дом рамёстваў у Слоніме — адзін з лепшых у вобласці? Пра ягоныя здабыткі і праблемы — крыху ніжэй.

33 мільёны для Паганіні

А як жа быць з клубнікамі Дзераўной? Павіншаваць з чарговай перамогай! У іх учора сапраўды была святочная нагода праехацца ўвечары да райцэнтра. Апрача сцэнічных строяў, вакальны гурт ЦДК атрымаў акустычную сістэму, мікшарны пульт, радыёмікрафон, лазарную светламузыку… Усяго — больш чым на трыццаць мільёнаў рублёў.

Па словах кіраўніка аддзела, усё гэта — вынік праектнай дзейнасці. Больш за тое, дывідэнды ад яе атрымалі мясцовыя служба сацыяльнай аховы, сельсавет, школа… Зноў, заўважце, шчыльны міжведамасны саюз, што сустракаецца па Беларусі надзвычай рэдка. Для школы ён даў магчымасць стварыць цяпліцу і музей, для сельсавета адкрыліся больш канкрэтныя перспектывы далейшага сацыяльнага развіцця Дзераўной. Пра здзейсненыя мары ЦДК вы ўжо ведаеце. Самы час запытацца: “Адкуль жа грошы?”

А з’явіліся яны ў выніку рэалізацыі Праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Тэрытарыяльны падыход да развіцця вёскі”. Фінансуецца ён Еўрапейскай Камісіяй. Дарэчы ініцыятары новай карыснай справы — менавіта клубнікі Дзераўной. Сваю мясцовую ініцыятыву яны назвалі досыць арыгінальна: “Дзве струны”. Мы доўга высвятлялі этымалогію гэтай назвы і зразумелі яе так: на поўным наборы струн здзівіць гучаннем — любы зможа, а на дзвюх — толькі Паганіні, значыць — віртуоз ды прафесіянал высокага кшталту. Мы парадаваліся за клубнікаў, бо творчая амбіцыйнасць яшчэ нікому не перашкодзіла.

Адзіная заўвага: работнікі культуры, пакідаючы сваю ўстанову (усякае ў жыцці здараецца) павінны абвесціць наведвальнікам, куды, наколькі і з якой прычыны яны зніклі. Працоўную дысцыпліну ў нас яшчэ ніхто не адмяняў.

Аптымальна — значыць узважана

Так, установа культуры ў Дзераўной названа ЦДК невыпадкова. У раёне — дзевяць такіх цэнтральных аб’ектаў. Сельскія клубы з’яўляюцца іх структурнымі падраздзяленнямі. Як нам давялі, на Слонімшчыне ў фаворы — нязмешаныя тыпы ўстаноў культуры. Маўляў, кожны павінен займацца сваёй канкрэтнай справай. Можна пагадзіцца. У клубе-бібліятэцы, як правіла, — якасныя паслугі атрымаць надзвычай цяжка. “Паўтара” супрацоўнікі літаральна разрываюцца паміж кніжнымі паліцамі і сцэнай. На справе атрымліваецца, што такая ўстанова — толькі памяшканне для стыхійных вясковых пасядзелак: ёсць столь над галавой — дый добра.

Таму працэс аптымізацыі вельмі ўважліва адсочвае старшыня райвыканкама. Ніхто не спяшаецца зачыняць сельскія аб’екты. Але працэс гэты, як паказвае жыццё, — непазбежны. І тактыка пры гэтым абрана, скажам, не ад добрага жыцця. Паколькі на Слонімшчыне існуе пэўная кадравая праблема (дзе яе няма?), дык пад увагу пры скасаванні ўстаноў бярэцця найперш наяўнасць вакансій. У ходзе менавіта такіх захадаў народны калектыў “Чараўніцы-каравайніцы” з Прырэчча перанеслі ў ЦДК Навасёлак. Але вакансій тых у сферы раённай культуры — больш за дзясятак. Ліквідуючы гэты прабел за кошт аптымізацыі, не паставіць бы пад пагрозу інтарэсы вяскоўцаў!

Так, любы маланаселены ды аддалены пункт раёна знаходзіцца пад культурным кантролем не толькі цэнтральнага куставога клуба, але і ў пастаянным полі зроку аўтаклуба ды аўтабібліятэкі. За месяц асобна ўзятую вёску ўстановы на колах наведваюць не радзей раза ў месяц. Але начальнік аддзела цудоўна ведае, што і кадравую праблему вырашаць трэба неадкладна. Рэцэпты тут — усім знаёмыя: вучыць сваіх, а прыезджым — добраўпарадкаванае жыллё прадстаўляць. Хоць рэцэпты і знаёмыя, але не заўжды прыдатныя для хуткай рэалізацыі. Тут таксама варта, як падаецца, актыўна падключаць міжведамасныя рычагі ды стымулы.

Хто за РДР?

Ідучы на сустрэчу да Наталлі Юнчыц у райвыканкам, звярнулі ўвагу на інфацэнтр, які знаходзіцца непадалёк. Установа размяшчаецца пад адным дахам з Раённым домам рамёстваў. Здавалася б, такое суседства для турыстаў — ці не найлепшае. Можна і інфармацыйны буклет атрымаць і сувенір у РДР набыць. Але, як аказалася, не ўсё так празрыста. Першая праблема, якую акрэсліла Наталля Юнчыц: узаемадзеянне паміж установамі пабудавана не на належным узроўні. Галоўны ж клопат: катастрафічны недахоп плошчаў Раённага дома рамёстваў. Мы на ўласныя вочы пераканаліся, што сувенірная крама ледзь спраўляецца з дадатковай нагрузкай выставачнай мастацкай залы.

Што ўжо казаць пра дзейнасць майстроў. Да прыкладу, надзвычай папулярнымі сярод насельніцтва сталі майстар-класы. Заняткі платныя і абыходзяцца для дарослых у 10 тысяч за адно наведванне. А вось сувенір, які на такім занятку зроблены, можа каштаваць і 50 тысяч. Таму і прыходзіць у РДР вельмі шмат ахвотных навучыцца народным рамёствам — усіх жа прыняць праз згаданую праблему не атрымліваецца.

Адзінае выйсце, якое ўжо ўзгоднена з кіраўніцтвам раёна, — перасяленне інфацэнтра.

Але супрацоўнікі РДР шукаюць і іншае выйсце з сітуацыі: наведваюць з майстар-класамі сярэднія школы горада, гімназіі, а неўзабаве, спадзяюцца ў РДР, будуць запрашаць майстроў і ў дзіцячыя садкі — ужо запланаваны навучальныя семінары, курсы для выхавацеляў дашкольных устаноў.

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

З задавальненнем прагуляўся па вечаровым Слоніме. Пазітыўнаму настрою спрыяла не толькі выдатнае надвор’е, але і гарадская атмасфера: дагледжаныя аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны, якія давялося пабачыць, цікавы ландшафтны дызайн. Можна толькі ўявіць, як яшчэ пераўвасобіцца Слонім да сёлетніх абласных Дажынак! Так, да свята хлебаробаў мясцовы Дом культуры чакае капітальнага рамонту з заменай практычна ўсіх камунікацый. Па словах Наталлі Юнчыц, праводзяцца актыўныя работы па добраўпарадкаванні і гісторыка-культурных аб’ектаў у Альберціне. Хочацца спадзявацца, што такі імпэт і разуменне важнасці культурнага складніку ў жыцці грамадства застануцца ў раёне назаўжды.

Сямейны падрад Салейкаў

Знаёмства з гэтая сям’ёй “К” распачала яшчэ ў 2008 годзе. Надзея і Віктар Салейкі ўразілі сваім майстэрствам універсальных майстроў-рамеснікаў. Іх дом і тады нагадваў адмысловы музей сямейнага натхнення… За гэтыя гады падрос сын Пеця. Ён цяпер — таксама знаны майстар. Не так даўно скончыў Беларускі дзяржаўны педінстытут імя Максіма Танка, адслужыў у войску, пасля чаго вырашыў дапамагаць бацькам у іх цікавым рамястве, адметнасцю якога з’яўляецца адмысловы аўтарскі стыль.

Дзякуючы крэатыўным работам, сёння вырабы сям’і Салейкаў карыстаюцца вялікім попытам, у тым ліку ў замежжы. Не выпадкова, каб паспяваць выконваць усе замовы, Пётр далучае да працы і сваіх сяброў. На пытанне, ці не баіцца ён канкурэнцыі і капіравання стылю, хлопец смела адказвае “не”. Па яго словах, творчы почырк сям’і Салейкаў пастаянна ўдасканальваецца, мяняюцца ды змешваюцца стылі і тэхнікі. Ды і сумленная канкурэнцыя, на думку Пятра, нікому яшчэ не перашкаджала.

І вельмі важным падалося тое, што Надзея Салейка — галоўны генератар рамесніцкіх сямейных ідэй — не абмяжоўвае свае інтарэсы толькі хатнім музеем, але і на грамадскія інтарэсы вельмі актыўна працуе. Калі казаць канкрэтна, з’яўляецца пастаянным “куратарам” творчых спраў, якімі заняты яе калегі ў РДР.

Агульнае (не)лірычнае заканчэнне

Пасля камандзіроўкі на сталічным рынку “Маскоўскі”, пасярод сувенірнай разьбы па дрэве, заўважылі пару работ Салейкаў. Сямейны падрад нарошчвае абароты і пашырае межы! Такі падыход да справы з’яўляецца характэрным і для аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Слонімскага райвыканкама. А галоўная тэндэнцыя, звязаная з яго дзейнасцю, — шчыльныя і доўгатэрміновыя сувязі з сацыяльнымі службамі і з сістэмай адукацыі. Доказ таму — творчы праект Дзераўной, прарослы з ініцыятывы мясцовых клубнікаў “Дзве струны”. Такіх бы ініцыятыў знізу — ды паболей па ўсёй Беларусі. Бо ініцыятыва зверху — не ініцыятыва, а загад. А па загадзе — якое натхненне?

Чытайце пачатак аўтапрабегу па Міншчыне, Гродзеншчыне і Брэстчыне ў № 22 і № 23.

 

Чытайце ранейшыя аўтападарожжы журналістаў "К":
Магілёўшчына і Гомельшчына;

Міншчына, Брэстчына, Гродзеншчына
;

Віцебшчына, Магілёўшчына;

Гродзеншчына, Віцебшчына і Міншчына
;
Міншчына, Віцебшчына, Магілёўшчына.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"