І хіба можа сэрца не радавацца, калі выступаюць музычны калектыў з Латвіі “Ластаўкі”, ансамблі “Прымакі” з Польшчы, з Расіі — “Раздолле”? І гэта не проста канцэрты: яны сведчаць пра імкненне дыяспары за мяжой і нацыянальных таварыстваў у нас удзельнічаць у грамадскім і культурным жыцці краіны, паказаць еднасць і агульнасць інтарэсаў. Як грамадзянін Беларусі, як педагог, не магу не радавацца, што ў той час, калі ў розных краінах успыхваюць канфлікты, наша шматнацыянальная Бацькаўшчына жыве спакойным, насычаным духоўным жыццём.
Нельга не заўважыць, што супольныя намаганні як дзяржавы, так і актывістаў згаданых аб’яднанняў даюць станоўчы вынік, ствараюць у грамадстве атмасферу сяброўскасці, сардэчнасці, даверу паміж людзьмі розных веравызнанняў і нацыянальнасцей. Вось мне аднойчы пашчасціла прысутнічаць ў Мінску на свяце “Сабантуй”, якое зладзілі прадстаўнікі аб’яднання “Татара-башкірская культурная спадчына “Чышма”, і яно пакінула незабыўныя ўражанні.