Спадчына Скарыны: якія захады варта зрабіць?

№ 25 (1151) 21.06.2014 - 27.06.2014 г

Алесь СУША, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці
Днямі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася знакавая падзея ў культурным жыцці нашай краіны — грамадскасці былі прадстаўлены першыя пяць тамоў факсімільнага выдання “Кніжная спадчына Францыска Скарыны”.

/i/content/pi/cult/484/10345/5-1.jpg

Зусім хутка — у 2017-м — будзем святкаваць 500-годдзе айчыннага кнігадрукавання. Ля яго вытокаў, як вядома, стаяў Францыск Скарына. Менавіта па прычыне выключнай значнасці яго спадчыны для айчыннай, агульнаславянскай і ў цэлым еўрапейскай культуры мэтазгоднай выглядае распрацоўка комплекснай праграмы мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і святкаванні ў 2017 годзе паўтысячагадовага юбілею нашага кнігадрукавання. Такая праграма мае ўключыць шэраг навуковых, мастацкіх, адукацыйных і асветніцкіх мерапрыемстваў ды мець не толькі нацыянальны характар.

Не выпадкова першы блок мерапрыемстваў звязаны з ушанаваннем імя і спадчыны Скарыны на міжнародным узроўні. А гэта — падрыхтоўка і ўключэнне святочных мерапрыемстваў у каляндар памятных дат UNESCO і абвяшчэнне 2017-га — годам Францыска Скарыны. Распачалася ў звязку і з названай нагодай распрацоўка намінацыйнага дасье па атрыманні Мінскам статусу кніжнай сталіцы свету. Гэты дакумент будзе ўзгадняцца з усімі зацікаўленымі бакамі на міжведамасным узроўні.

Міжнародны характар мае таксама праца па вяртанні спадчыны Францыска Скарыны на Радзіму першадрукара, бо толькі нязначная частка яго выданняў маецца ў нашай краіне. Адзіная калекцыя з 10 фаліянтаў сёння захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. А вынікі навуковай і даследчай працы паказваюць, што ў свеце захавалася не менш за 350 друкаваных асобнікаў і каля 40 рукапісных спісаў з кніг Скарыны.

Так, выданні — унікальныя і выключна рэдкія. Аднак існуе магчымасць набыць іх у прыватных уладальнікаў. Прынамсі, даступныя для набыцця кнігі сёння вядомы беларускім спецыялістам. Урэшце, рэальнае вяртанне першадрукаў Скарыны магчыма ў вельмі абмежаваным маштабе. У гэтай сітуацыі неабходна ажыццяўленне альтэрнатыўных мерапрыемстваў па зборы спадчыны знакамітага палачаніна і ўводу яе ў навуковы і грамадскі ўжытак беларусаў і еўрапейскіх суседзяў. Кажу, у прыватнасці, пра часовае вяртанне арыгіналаў у час кніжных выставак: такую практыку ўпершыню ўвяла Нацыянальная бібліятэка Беларусі ў 2012-м паказам адзінаццаці пражскіх выданняў са збораў бібліятэкі Верхнялужыцкага навуковага таварыства. Падобныя праекты, сумесныя з замежнымі зборамі, чакаюцца і ў будучыні.

Яшчэ адным альтэрнатыўным кірункам з’яўляецца віртуальная рэканструкцыя спадчыны і прадастаўленне шырокай аўдыторыі доступу да яе праз сучасныя тэхналогіі. Работа ў такім напрамку распачата ўжо даволі даўно, але паўнавартаснае афармленне яна атрымала ў межах рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гг. У яе рамках асобным заданнем прадугледжана стварэнне электроннай бібліятэкі “Францыск Скарына — беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар”. Пры выкананні гэтага задання ўжо сёння вядуцца работы па выяўленні, вывучэнні, правядзенні навуковай экспертызы і стварэння навуковага апісання выданняў з замежных збораў, іх алічбоўка, ідзе распрацоўка праграмнага забеспячэння электроннай бібліятэкі і ствараецца матэрыяльна-тэхнічная база. Дзякуючы ўзаемадзеянню Нацыянальнай бібліятэкі з замежнымі партнёрамі ўжо атрыманы лічбавыя копіі некалькіх дзясяткаў выданняў першадрукара.

У якасці яшчэ аднаго шляху вяртання спадчыны Скарыны мусіць стаць факсімільнае ўзнаўленне поўнага камплекту яго выданняў: НББ і з банкам-партнёрам распачалі агульнанацыянальны праект, і вось ужо першыя пяць тамоў пабачылі свет. Шматтомнае факсіміле ўпершыню дазволіць сабраць поўны рэпертуар кніг, якія былі надрукаваны Францыскам Скарынам у Празе і Вільні. У яго аснову пакладзены электронныя копіі найлепш захаваных кніг першадрукара, якія зберагаюцца ў бібліятэках і музеях Беларусі, Расіі, Украіны, Германіі і іншых краін. Усе выданні суправаджаюцца каментарыямі навукоўцаў, а таксама ўпершыню створанымі перакладамі прадмоў і пасляслоўяў на сучасныя беларускую, рускую і англійскую мовы.

Запланаваны комплекс мерапрыемстваў да 500-годдзя айчыннага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання, безумоўна, дазволіць прадставіць Рэспубліку Беларусь як краіну з багатай культурнай спадчынай, даўнімі традыцыямі кніжнай культуры, цесна знітаванай з культурамі іншых еўрапейскіх краін.

Фота Юрыя ІВАНОВА