З Будзёнаўкай зусім бяда?..

№ 25 (1151) 21.06.2014 - 27.06.2014 г

Чакаць рэінкарнацыі “забытых сядзіб”?.. Але хіба ёсць у нас лішнія помнікі?
Насуперак песімістычным прагнозам, дзяржаўная кампанія па продажы незапатрабаваных гістарычных сядзіб пакуль што прыносіць неблагія вынікі: звесткі пра паспяховыя аўкцыёны з’яўляюцца рэгулярна, а некаторыя з новых уласнікаў (на жаль, далёка не ўсе) ужо прыступілі да аднаўленчых работ. Адпаведна, лік “нічыйных” маёнткаў, унесеных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, паступова скарачаецца. Але застаецца і яшчэ адна праблемная катэгорыя: сядзібы, што не маюць адпаведнага статусу. З імі — зусім бяда.

/i/content/pi/cult/484/10344/4-5-1.jpg

/i/content/pi/cult/484/10344/4-5-3.jpg

/i/content/pi/cult/484/10344/4-5-4.jpg

 

Такія віды сёння сустрэнуць выпадковага турыста ў Будзёнаўцы. / Фота аўтара

У ноч на 9 мая згарэў сядзібны дом у Чарапоўшчыне. Апісаны ў мемуарах Васіля Быкава дыхтоўны будынак, які захаваў на дзіва шмат арыгінальных элементаў інтэр’еру, мог бы стаць турыстычнай перлінай азёрнага Ушацкага краю. Пэўна, ужо не стане. Больш за дзесяць гадоў дом прастаяў закінуты, але — цэлы. Урэшце, здарыўся заканамерны фінал.

Трохі іншы лёс напаткаў класіцыстычны палац знакамітага роду Кастравіцкіх у вёсцы Вялікія Навасёлкі, што на Дзяржыншчыне. Уласнік будынка вырашыў абкласці яго прыгожым зялёненькім сайдынгам — натуральна, з найлепшых намераў. Вынік амаль той самы, як і ў папярэднім выпадку: помнік, фактычна, страчаны.

Каб не абмяжоўвацца адной толькі канстатацыяй такіх стратаў, сёння вельмі важна звярнуць увагу на тыя “забытыя сядзібы”, якія даўно час заносіць у Чырвоную кнігу. Чамусьці іх надта шмат менавіта на Гродзеншчыне: ледзь не ў кожным раёне можна знайсці хоць адну. Мяркуйце самі: Астравецкі — дом, дзе наразіўся вядомы мастак Мар’ян Богуш-Шышка ў Тракеніках, Бераставіцкі — шыкоўная віла ў італьянскім стылі ў Лішках, Воранаўскі — сціплыя сядзібы ў самім Воранаве і Падварышках, Гродзенскі — вядома ж, маёнтак у Радзівілках, Дзятлаўскі — котлішча знакамітых Дамейкаў “Жыбартоўшчына”, Зельвенскі — сядзіба ў Аляксандраўцы, Карэліцкі — дамок у Райцы, пераўтвораны сваімі новымі дбайнымі гаспадарамі ў музей, Мастоўскі — у Вялікай Рагозніцы, Мастах Правых, і Малых Сцепанішках, Навагрудскі — у Вераскаве, Асташыне, а таксама фальварак “Мураванка” ў Шчорсах...

І не апошняе месца ў гэтым няпоўным спісе займае сядзіба ў Будзёнаўцы, што на Ашмяншчыне. З яе і пачнём...

Банальны алгарытм заняпаду

Вёска, якая цягам амаль 500 гадоў мела прыгожую назву Святы Дух, а ў век атэізму была перайменаваная ў “ідэалагічна правільную” Будзёнаўку, сёння стала своеасаблівым прадмесцем Ашмянаў — да ўскраіны гарадка ўсяго некалькі соцень метраў. І таму кантраст асабліва кідаецца ў вочы.

Сённяшнія Ашмяны выглядаюць куды больш прывабна, чым яшчэ гадоў пяць таму, сведчачы, што сучасныя выгоды цывілізацыі ў нашай краіне натуральныя і для маленькіх гарадкоў. Не ведаю, ці ставілася тут мэта “дагнаць і перагнаць” падобныя гарадкі па той бок недалёкай адсюль літоўскай мяжы, але... у кожным разе, атрымалася. Аднак прамінуўшы прыгожы новы мікрараён, ты амаль адразу трапляеш у валадарства запусцення. Шлях вядзе па аўтэнтычнай брукаванцы, а зарасці паабапал яе, відавочна, з’яўляюцца рэшткамі старой алеі. Неўзабаве паказваюцца і занядбаныя будынкі з мінулай эпохі, разбаўленыя сціплымі сучаснымі хацінамі.

Выраз “шляхецкая сядзіба” стаў устойлівым, але будзёнаўскі маёнтак не мае да шляхты ніякага дачынення. Яго збудаваў яўрэйскі купец Лэйба Стругач — яркі прадстаўнік мясцовай буржуазіі, якая набрала моц напрыканцы ХІХ стагоддзя. Аднак эпітэт “буржуазны” сюды таксама неяк не кладзецца: гаспадар меў куды лепшы густ, чым сучасныя “нуварышы”. Архітэктурную задуму яго “катэджа” можна назваць бездакорнай як агулам, так і ў дэталях: балкончыкі, порцікі, тэраса… Літаральна з кожнага ракурса гэтая асіметрычная пабудова выглядала выйгрышна, выяўляючы свае “разыначкі”.

Цяпер усё тое хараство можна ўбачыць хіба на архіўных фота — прычым не толькі “з пацінай часу”, але і літаральна трох-чатырохгадовай даўніны. На іх нават шыбы яшчэ на месцы. Сёння тынкоўка ўжо абдзёртая разам з дэкорам, паржаўленая бляха на даху мае некалькі дзірак, вокны забітыя дошкамі, і адно з іх нехта ўжо, вядома, “распакаваў”... Унутры — такое самае запусценне. Мяркуючы па ўсім, сядзіба карыстаецца попытам сярод таго кантынгенту “турыстаў”, які, згодна са статыстыкай МНС, найчасцей з’яўляецца прычынай пажараў: выпіў, закурыў...

Прыблізна ў гэткім жа стане знаходзяцца і іншыя ацалелыя будынкі сядзібы: драўляны свіранчык, годны стаць экспанатам любога скансена, флігель, напалову пазбаўленая даху стайня, да якой не прадзерціся праз навакольныя зарасці... Што ж здарылася з гэтым маёнткам за такі кароткі прамежак часу? Як выявілася, алгарытм заняпаду да болю банальны і тыповы. З падобнымі немудрагелістымі сюжэтамі даводзілася сутыкацца ўжо дзясяткі разоў.

На вуліцы Стругача

Фармальна маёнтак і дагэтуль “вісіць” на балансе аддзела адукацыі, спорту і турызму Ашмянскага райвыканкама. Да нядаўняга часу сядзібны дом выкарыстоўваўся ў якасці службовага жытла для настаўнікаў. Натуральна, умовы былі не надта, выгоды на вуліцы, сто гадоў без рамонту... Таму калі будынак, урэшце, быў прызнаны аварыйным, жыхары ўздыхнулі з палёгкай ды пераехалі ў сучасныя кватэры, якіх у Ашмянах, па ўсім відаць, будуецца нямала. Як толькі дом спусцеў, яго руйнаванне пайшло папраўдзе “сямімільнымі крокамі”. Тым больш, зроблены ён з дрэва — матэрыяла нетрывалага.

Намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Аляксей Дзервіс, які адказвае акурат за “гаспадарчую частку”, пра гэты аб’ект не забывае. Можа нават экскурсію пры патрэбе правесці. Аднак на сёння ён не бачыць тых перспектыўных варыянтаў выкарыстання сядзібы, якія б адпавядалі рэальным фінансавым магчымасцям аддзела. Сітуацыя зразумелая, зважаючы на тыя выдаткі, што запатрабуе якасная рэстаўрацыя.

— Тым больш, мы вымушаны выразна расстаўляць прыярытэты, — кажа намеснік старшыні Ашмянскага райвыканкама Аляксандр Саванец. — А сённяшні наш прыярытэт у галіне адраджэння спадчыны — гэта, безумоўна, завяршэнне рэстаўрацыйных работ на Гальшанскім замку, запланаваных Дзяржпраграмай “Замкі Беларусі”.

Варыянтаў лёсу сядзібы Стругача застаецца толькі два: альбо зраўняць з зямлёю гэты “рассаднік антысанітарыі” (а чуткі такія ўжо, дарэчы, ходзяць), альбо перадаць прыватнаму інвестару. Як запэўніў мяне Аляксандр Саванец, выбар мясцовых улад тут адзназначны: варыянт са зносам нават не разглядаецца.

— Мы знаходзімся ў актыўным пошуку інвестараў, каб вярнуць гэтую сядзібу да жыцця, — распавядае Аляксандр Саванец. — Месца там цудоўнае, і будзем вельмі рады, калі Ашмяншчына атрымае яшчэ адзін турыстычны аб’ект. Таму, карыстаючыся нагодай, хачу звярнуцца да кожнага, хто чытае гэтыя радкі на старонках “Культуры”: калі ў вас ёсць канструктыўныя прапановы, не вагайцеся, каб прыехаць у мой кабінет ды іх выказаць. І нават не сумнявайцеся, што з боку мясцовай улады вы атрымаеце толькі “зялёнае святло”.

Балазе, сама геаграфія спрыяе гэтаму пераўвасабленню. Паўз Ашмяны праходзіць буйная міжнародная аўтамагістраль, і больш чым верагодна, што нехта з падарожнікаў ахвотна скарыстаўся б магчымасцю заначаваць у густоўным маленькім гатэльчыку, размешчаным у зацішным месцы. Гэтая ніша пакуль незапоўнена — ні ў саміх Ашмянах, ні нават па той бок мяжы. Хаця логіка спажыўца тут навідавоку. Прастаяў на “Каменным Логу” пяць гадзін — і раптам захацелася выйсці з аўто, уладкавацца на балкончыку, выцягнуць ногі ды паесці хатняга селядца з ледзяным півам. І сказаўшы шчыры дзякуй Лэйбе Стругачу, ты заадно даведаешся і пра багатую гісторыю таго гарадка, праз які амаль усе як найхутчэй прамінаюць транзітам.

Між іншым, гаспадару таго маёнтка ашмянцам і сапраўды варта падзякаваць. У свой час ён стварыў, сучаснай мовай кажучы, “горадаўтваральнае прадпрыемства” — дражджавы завод, ды і іншых заслуг нямала. І менавіта таму тая вуліца, на якой сёння месціцца сядзіба, з нядаўніх часоў носіць імя Стругача.

— Прычым гэтае рашэнне прымалася адкрыта і дэмакратычна, з абавязковым апытаннем мясцовых жыхароў, — распавядае намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ашмянскага райвыканкама Людміла Каханоўская. — І трэба адзначыць, што людзі ахвотна ўхвалілі такую прапанову, выбраўшы яе сярод іншых магчымых варыянтаў.

Без сумневу, можна толькі радавацца з той нагоды, што паслядоўныя памкненні ўлад Ашмяншыны ў плане папулярызацыі мінуўшчыны свайго краю (пра іх мы пісалі ўжо нават не адзін дзясятак разоў) прыносяць свой плён. Але... паколькі вуліца Стругача вядзе да яго занядбанай сядзібы, радасць тут, пэўна, будзе заўчаснай.

Як запэўніў Аляксандр Саванец, усе юрыдычныя пытанні, што могуць узнікнуць на шляху продажу сядзібы, прынцыпова вырашальныя. Аднак яе “бамжацкі статус” усё ж спараджае пэўныя праблемы. Прыкладам, звыклы метад продажу — праз аўкцыён — у дадзеным выпадку не прымяняльны, бо будынак знаходзіцца ў аварыйным стане і не з’яўляецца помнікам спадчыны.

На жаль, прапаноў ад інвестараў пакуль няма. Нехта, як быццам, прыязджаў цікавіцца, але да справы так і не дайшло. Але ж гэта і не дзіўна. Думаецца, тут адыгрывае сваю ролю амаль паўсюдная для падобных выпадкаў праблема. У наш век кожны ведае, што без рэкламы і маркетынгу нават вязаныя шкарпэткі на блышыным рынку не прадасі — не тое, што сядзібу.

Аляксандр Саванец паведаміў, што звесткі пра сядзібу ў Будзёнаўцы размешчаны на афіцыйным сайце райвыканкама. Вырашыў гэта спраўдзіць, ды проста не даў сабе рады, патануўшы ў моры інфармацыі пра незапатрабаваную нерухомасць кшталту былога “сельпо”. Хацеў бы паглядзець на таго інвестара, які б адужаў па-
добныя пошукі.

Хто яго ведае, магчыма, эфект быў бы іншым, калі б звесткі пра тое, што кожны ахвотны можа набыць такі прывабны гістарычны аб’ект, з’явіліся б не толькі на банеры згаданага сайта, але і ў дзясятку разнастайных СМІ? Прычым неабавязкова на правах рэкламы, бо журналісты пра такія выпадкі паведамляюць ахвотна. Вядома, калі ім самім паведаміць...

Пытанне гарантый

На аптымістычныя прагнозы адно інвестара натхняе, даруйце за банальнасць, само жыццё. Ну чым тая ж Будзёнаўка горшая за Альшэва альбо Лынтупы, дзе заможныя (і замежныя) дзядзькі ўжо поўным ходам робяць рэстаўрацыю? Альбо за Сулу, дзе згубленыя пасярод “джунгляў” парэшткі гаспадарчага двара гадоў пяць таму пераўтварыліся ў прэзентабельны тураб’ект? У плане архітэктурна-мастацкіх вартасцей свайго жытла, Лэйба Стругач ані не саступіў шляхце. Наадварот, яго ўдала складзены з некалькіх розных аб’ёмаў мадэрнавы асабняк асіметрычнай канструкцыі можа даць фору многім куды менш арыгінальным палацам.

Урэшце, нават у тым выпадку, калі інвестар паспяхова знойдзецца, немінуча паўстае і яшчэ адно пытанне: дзе гарантыя, што сядзіба Стругача будзе адноўлена менавіта ў сваім гістарычным выглядзе? Па вялікім рахунку, яе павінен забяспечваць статус помніка спадчыны. Але паколькі маёнтак “у спісах не значыцца”, заканадаўства яго і не абараняе.

Па словах Аляксандра Саванца, пытанне аб уключэнні сядзібы ў Дзяржспіс пакуль нават не разглядалася. Але ад патэнцыйнага інвестара мясцовыя ўлады абавязкова будуць патрабаваць выканання пэўных умоў: па-першае, выкарыстанне новай уласнасці менавіта ў якасці турыстычнага аб’екта, па-другое — захаванне цэласнасці ўсяго сядзібнага комплексу (што, вядома, таксама вельмі важна), а па-трэцяе — па магчымасці аднаўленне аўтэнтычнага выгляду.

— Дамоў з сайдынгам у нас ужо і так не бракуе, і гэта зусім не той выпадак, калі можна прымяняць сучасныя матэрыялы, — кажа намеснік старшыні райвыканкама. — Хацелася б, каб новым уласнікам сядзібы стаў прадпрымальны чалавек, які па-добраму хворы на адраджэнне мінуўшчыны, каб яму карцела дбайна аднавіць аўтэнтыку, а не проста атрымаць прыбытак.

Варта адзначыць, што ўсе тыя патрабаванні ўжо абумоўлены заканадаўствам у дачыненні да тых аб’ектаў спадчыны, якія яно ахоўвае. Пад час “круглага стала” з нагоды апошняга Міжнароднага дня аховы помнікаў і памятных мясцін намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Аляксандр Яцко выразна даў зразумець: карэкціроўка актуальнага Дзяржспіса гісторыка-культурных каштоўнасцей — гэта менавіта карэкціроўка, а зусім не яго “абразанне”, як многія чамусьці падумалі. Адпаведна, тыя аб’екты, якія заслугоўваюць статуса помніка, маюць усе магчымасці яго атрымаць. Працэдура вядомая: кожны ахвотны можа вынесці прапанову на разгляд Навукова-метадычнай рады.

Натуральна, наданне статуса помніка аварыйнаму будынку — гэта вялізная рызыка. А раптам не атрымаецца, раптам мясцовыя ўлады займеюць яшчэ адзін галаўны боль? Ды і інвестыцыйнай прыцягальнасці дадатковыя абавязкі, будзем шчырымі, не дадаюць. Але, з іншага боку, менавіта ўнясенне ў Дзяржспіс з’яўляецца юрыдычнай гарантыяй захавання аўтэнтыкі. Хаця і сапраўды цяжка не пагадзіцца з Аляксандрам Саванцом: як сведчыць практыка, у дадзеным выпадку ад “чалавечага фактару” залежыць не раўнуючы ўсё.

Як спяваў Высоцкі, “хорошую религию придумали индусы...”. Ну і праўда, калі б дух хвацкага бізнесмена Лэйбы Стругача мог рэінкарнавацца ў кагосьці з сучаснікаў, праблема сядзібы ў Будзёнаўцы вырашылася б за пару гадоў. Але ні іудаісты, да ліку якіх належыў наш герой, ні хрысціяне ў рэінкарнацыю не вераць. У нашай ментальнасці замацаваны іншы падыход — як будзеш нешта рабіць, то атрымаеш і блаславенне звыш.

Мінск — Ашмянскі раён — Мінск