Музеі, якія ёсць і якіх… няма

№ 25 (1151) 21.06.2014 - 27.06.2014 г

Кастусь АНТАНОВІЧ, рэдактар аддзела газеты “Культура”
Апошнім часам можна назіраць выдатную тэндэнцыю — штогод на Беларусі з’яўляюцца новыя аб’екты культуры, галоўным чынам музеі — як прыватныя, ведамасныя, так і дзяржаўныя. Здавалася б, варта толькі парадавацца за рупліўцаў, якія здолелі ў няпростых эканамічных варунках стварыць і падтрымліваць на плыву новую ўстанову.

/i/content/pi/cult/484/10343/4-33.jpgПраблема ж, аказваецца, не толькі ў тым, каб стварыць музей, але і каб яго ўключыць у турыстычную інфраструктуру. Паколькі неаднаразова даводзілася пісаць, як даволі цікавыя самабытныя музеі трапляюць у цень іх больш раскручаных суседзяў. Скажам, у праспектах многіх айчынных турыстычных фірм, прысвечаных падарожжу ў Нясвіж, не прадугледжаны візіт у мясцовы краязнаўчы музей. Я ўжо не кажу пра музеі, якія ляжаць непадалёк ад шляху да палаца Радзівілаў. І такіх, паверце, не так ужо і мала.

З іншага боку, ці гатовы турыст выправіцца ў падарожжа, скажам, выключна для наведвання аднаго музея Кузьмы Чорнага ў вёсцы Цімкавічы, што размяшчаецца не так далёка ад згаданага Нясвіжа? На жаль, пытанне рытарычнае. Дзеля паўгадзіннай экскурсіі па дому класіка айчыннай літаратуры сталічны, а тым больш замежны госць не паедзе. Гэтае ж можна сказаць і пра Малую Багацькаўку на Мсціслаўшчыне — радзіму Максіма Гарэцкага — дзе, акрамя мясцовых школьнікаў, мала хто і бывае. А калі і апынаецца там, дык ці то выпадкова, ці то з нагоды памятнай даты.

У выніку атрымліваецца сітуацыя, калі адны музеі ледзь спраўляюцца з няспыннымі плынямі людзей, а іншыя маркоцяцца ў чаканні хоць бы выпадковага кліента. Па сутнасці, для большасці турыстаў іх не існуе.

З гэтай нагоды не можа не хваляваць будучыня музея Васіля Быкава, які гэтымі днямі адкрываецца ў дачным доме пісьменніка ў Ждановічах. Здавалася б, тыя Ждановічы — побач з Мінскам, і ніякай цяжкасці з доступам да музея ў шматлікіх прыхільнікаў творчасці нашага выдатнага творцы не павінна быць. У рэальнасці ж, каб знайсці музей, — трэба трошкі пастарацца. Прынамсі цяпер, калі ўстанова толькі пачынае працаваць. Думаецца, з цягам часу з’явяцца і ўказальнікі, і схема праезду да творчай майстэрні Васіля Быкава, прынамсі,  на сайце Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, чыім філіялам музей-дача і з’яўляецца. Але ці вырашаць такія захады самую галоўную праблему: прыход масавага турыста? Асабліва ўлічваючы, што галоўная функцыя новай установы культуры — паказаць атмасферу пісьменніцкай дачы, дзе ў летні час ствараліся знакавыя творы айчыннай літаратуры. На жаль, шараговаму патэнцыйнаму гледачу гэтага будзе мала… Не сакрэт, што маецца ў музея-дачы Васіля Быкава і шэраг тэхнічных клопатаў: адсутнасць на дадзены момант паркоўкі для вялікіх турыстычных аўтобусаў (урэшце, у музеі адначасова могуць змяшчацца якраз толькі невялікія групы), пытанні з ацяпленнем. Нямала і іншых, мяркую, цалкам вырашальных пытанняў…

Цешыць адно: супрацоўнікі Музея гісторыі беларускай літаратуры не сядзяць, чакаючы ўхвалы за створаны аб’ект культуры, а актыўна працуюць над тым, каб на музеі-дачы заўсёды былі госці. Для гэтага, лічу, патрэбны мінімум два складнікі: інтэрактыўнасць — зараз прапрацоўваецца пытанне па набыцці асабістага аўтамабіля Васіля Быкава — “Волгі”, — якая захоўваецца ў родных пісьменніка, а таксама ўключанасць у турыстычныя маршруты. На парадку дня, наколькі мне вядома, прапанаваць турфірмам сумясціць у адзін маршрут наведванне комплексу “Лінія Сталіна” і музея-дачы Васіля Быкава.

Хочацца верыць, што “маленькія” музеі ў нашай краіне маюць будучыню, толькі для гэтага трэба іх актыўна падтрымліваць на высокім узроўні, з падключэннем валанцёрскага руху, ствараючы адмысловыя сайты, каталогі, турыстычныя буклеты, сувенірную прадукцыю, і ў рэшце рэшт, проста наведваючы гэтыя самабытныя ўстановы, якія і адлюстроўваюць адметнасць нашага краю.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"