Этыка для музейшчыка

№ 25 (1151) 21.06.2014 - 27.06.2014 г

Ці адрозніваюцца музеі ў Беларусі ды, скажам, Люксембургу ці Мексіцы? Вядома ж, і даволі істотна: калекцыямі, праграмамі, падыходамі. І разам з тым, гэтыя ўстановы маюць падабенства: аб’ядноўвае іх Кодэкс музейнай этыкі ІКОМ.

Не так даўно гэты дакумент быў перакладзены і выдадзены на беларускай мове. А неўзабаве па Кодэксе музейнай этыкі ІКОМ — агульным для ўсіх музеяў дакуменце, які ўстанаўлівае мінімальныя стандарты прафесійнай дзейнасці — з’явілася і кіраўніцтва для трэнераў. Днямі з удзелам прадстаўнікоў ІКОМ Швецыі, міжнароднага фонду “Культура без межаў” адбыўся трэнінг музейных спецыялістаў Беларусі. З гэтай нагоды прапануем пазнаёміцца з некаторымі прынцыпамі музейнай дзейнасці, адзначанымі ў беларускім выданні Кодэкса, а таксама цікавымі палажэннямі з гэтага дакумента.

Так, згодна з Кодэксам музеі павінны паважаць цэласнасць арыгінала пры вырабе рэплік, рэпрадукцый або копій музейных прадметаў. Такім чынам, усе без выключэння копіі павінны маркіравацца як факсіміле. У дакуменце таксама адзначаецца, што музей можа быць апошнім прытулкам для рэчаў неўстаноўленага паходжання, незаконна сабраных або здабытых прадметаў з тэрыторыі, за якую ён нясе юрыдычную адказнасць.

Асобнае палажэнне прысвечана прэвентыўнай кансервацыі. Так, галоўны абавязак музейных супрацоўнікаў — стварэнне і падтрымка бяспечнага асяроддзя для музейных прадметаў ды калекцый не толькі ў экспазіцыях, але і ў фондасховішчах і нават пад час транспарціроўкі.

Адно з актуальных пытанняў, якія рэгламентуюцца Кодэксам, — рэстытуцыя каштоўнасцей. У прыватнасці, музеі павінны быць гатовы да дыялогу па вяртанні культурных каштоўнасцей краіне паходжання на падставе мясцовага і міжнароднага заканадаўства. Пры гэтым краіна паходжання прадмета павінна прадставіць неабходныя доказы, што артэфакт быў незаконна вывезены.

Музеям рэкамендавана развіваць сваю адукацыйную функцыю і прыцягваць шырокія аўдыторыі мясцовых супольнасцей, актыўна з імі ўзаемадзейнічаць. Установы гэтага кшталту могуць прадстаўляць рэсурсы або выконваць дадатковыя паслугі, пры гэтым могуць карыстацца матэрыяльнымі рэсурсамі, якія маюць шырокае ўжыванне не толькі ў музейнай дзейнасці.

Кодэкс ІКОМ мае шэраг палажэнняў, якія строга рэгламентуюць прафесійную дзейнасць музейных супрацоўнікаў. Так, музейшчыкі не павінны падтрымліваць незаконны абарот ці рынак культурных каштоўнасцей, непасрэдна ці ўскосна ўдзельнічаць у здзелках з прыроднымі ці культурнымі каштоўнасцямі дзеля ўласнай выгады, а таксама канкурыраваць са сваёй установай ні ў набыцці твораў, ні ў асабістай збіральніцкай дзейнасці. Акрамя таго, музейшчыкам трэба памятаць, што інфармацыя пра прадметы, якія паступілі ў музей для ідэнтыфікацыі, з’яўляецца канфедыцыйнай і не павінна разгалошвацца без дазволу ўладальніка.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"