Выйсці з ГЦК, каб туды і вярнуцца…

№ 25 (1151) 21.06.2014 - 27.06.2014 г

Нататкі неабыякавага пра культуру ў горадзе юнацтва
Згадваючы ў прыватных размовах горад Жлобін, большасць маіх суразмоўцаў расплываецца ва ўсмешцы і вымаўляе практычна адну і тую ж фразу: “Гэта там, дзе мяккія цацкі прадаюць?” Усе яны хаця б аднойчы праязджалі праз чыгуначную станцыю гэтага горада і ўсякі раз назіралі аднолькавую карціну: пад час нядоўгай стаянкі дзясяткі прадаўцоў кідаліся да дзвярэй вагонаў, каб збыць свой тавар пасажырам. Стыхійны гандаль праз пэўны час быў упарадкаваны. Мяккая цацка так і не стала гарадскім брэндам. А вось памяць аб прадпрымальніцкім клопаце гараджан і яго выніках, якія неслі выключна станоўчыя эмоцыі, засталася.

/i/content/pi/cult/484/10340/12-1.jpg

Жлобінскі ГЦК.

Вуліцы дзяцінства

Асабіста для мяне Жлобін — месца, дзе я нарадзіўся, скончыў школу. Гэта ўспаміны дзяцінства і рамантычнага юнацтва. У 12-гадовым узросце мае аднакласніцы прывялі мяне ў Раённы дом культуры на заняткі ўзорнай тэатральнай студыі, якой кіравала Тамара Кісялёва — асоба ў многіх адносінах нестандартная. За плячыма ў яе былі ленінградская тэатральная школа і цудоўная вывучка. Прырода надзяліла яе педагагічным талентам: цалкам захопленая сваёй справай, яна пагружала ў свет тэатра і нас, студыйцаў. Мы з задавальненнем беглі на рэпетыцыі, а ДК быў другім домам, кіраўнік — другой маці, з кім мы іншым разам дзяліліся самым патаемным, студыя ж — адной вялікай сям’ёй. Захапленне тэатрам паступова прывяло мяне, адзінага са студыі, на прафесійную сцэну.

Кожны год я імкнуся прыязджаць дадому. Мой шлях ад вакзала пралягае і праз Цэнтральную плошчу, дзе знаходзіцца ЦК, куды я стараюся зайсці ў госці. Далей іду па Першамайскай. Тут знаходзяцца адзіны ў горадзе кінатэатр і мая СШ № 5. Леташнія рэспубліканскія “Дажынкі” абнавілі аблічча Жлобіна. Насупраць школы з’явіўся Парк скульптур з выявамі кшталту “піянер-канструктар” (ён жа — “гароднінавод”, ён жа — “усім рабятам прыклад”). Тут выстаўлена і ленініяна: збор выяў “правадыра сусветнага пралетарыяту” ў пластыцы. Праўда, гаворка не пра аўтарскія работы, а пра масавыя штампоўкі.

Кіно майго дзяцінства — слязлівыя індыйскія меладрамы, французскія камедыі, баявік пра Зора, японскі фільм жахаў “Легенда пра дыназаўра”… Рэканструяваны летась кінатэатр “Радзіма” прыкмет дзейнасці праз афішы пакуль не падае. А вось рэкламныя тумбы на аўтобусных прыпынках анансуюць культурныя мерапрыемствы. У дзень майго прыезду паведамлялі пра гастролі заапарка і запрашалі на дзве імпрэзы ў Гарадскі цэнтр культуры. Уласна, менавіта настальгічныя ўспаміны прымусілі мяне пацікавіцца, чым і як жыве сёння знаёмая з дзяцінства ўстанова.

Камерцыя — камерцыяй

Наша гутарка з дырэктарам Цэнтра культуры Ганнай Жырко пачалася з тэмы эканамічнай. Пазабюджэт фарміруецца ад выручкі за правядзенне разам з супрацоўнікамі 
ЗАГСа 45-хвілінных урачыстых шлюбных цырымоній па спецыяльным сцэнарыі з фальклорным ухілам. Маладыя атрымліваюць хлеб-соль, сямейны абярэг. Лагічна працягваючы ланцужок мерапрыемстваў, спецыялісты Цэнтра распрацавалі сцэнарый, прысвечаны з’яўленню на свет нованароджанага. Ідэя падаецца цікавай і дастаткова новай. Са святочных падзей у фае Цэнтра праводзяцца дзіцячыя дні нараджэння, а на даму работнікі віншуюць з юбілейнымі датамі.

На інфармацыйным стэндзе я налічыў 17 гурткоў, аб’яднанняў па інтарэсах для дарослых і дзяцей, пераважна вакальнага, харэаграфічнага і інструментальнага кірункаў. Гуртковая дзейнасць — яшчэ адзін стабільна выніковы пункт аказання платных паслуг. Большасць гурткоў працуюць на бясплатнай аснове, меншая частка — на платнай. Крытэрый адбору ў тую ці іншую катэгорыю просты: рэйтынг попыту, папулярнасці. У Цэнтры да апошніх адносяцца зноў жа харэаграфічныя і вакальныя ансамблі.

Самае складанае ды працаёмкае — прыцягнуць увагу патэнцыйнага гледача і пераканаць яго выкласці з кішэні ад 10 да 35 тысяч рублёў за білет. У Цэнтры, відаць, акурат з гэтай прычыны асабліва папулярныя шоу і конкурсы прыгажосці: для дзяўчат, юнакоў і дзяцей. Самым паспяховым у камерцыйных адносінах праектам Цэнтра стаў вакальны конкурс “Зорныя пары”. Як заўважыла Ганна Жырко, білеты на яго разыходзіліся, бы гарачыя піражкі ў базарны дзень. Прататыпам ідэі стаў фармат вядомай тэлеперадачы. У ЦК вырашылі паўтарыць поспех. І не прагадалі! Удзельнікі ж для конкурсу адбіраюцца на прадпрыемствах горада, дзе адбываюцца агляды мастацкай самадзейнасці.

Камерцыя — камерцыяй. Але… Калі тэлебачанне дае нагоду для пераймання, дык чаму б не ўзяць на ўзбраенне інтэлектуальную гульню “Што? Дзе? Калі?”, як, скажам, на Астравеччыне, пра што “К” не так даўно пісала.

Не мінаюць Цэнтр і зоркі нашай эстрады. Давялося пачуць водгукі аб прафесіяналізме Мікалая 
Скорыкава, які адпрацаваў увесь канцэрт “жыўцом”…

Будні аддзела

Ганна Мікалаеўна распавяла і пра тое, што кожную штатную адзінку і, адпаведна, супрацоўніка давялося адстойваць перад кіраўніцтвам у рамках працэса аптымізацыі. А з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Жлобінскага райвыканкама Валянцінай Няхай мы пагутарылі пра будні мясцовых работнікаў культуры, закрануўшы, вядома, і мясцовы “рэцэпт”рашэння аптымізацыйных клопатаў.

Спачатку ж пра даробак. Адрамантаваны ДШМ №1, раённая і дзіцячыя бібліятэкі, ГЦК, заапарк. Распачата рэканструкцыя Гісторыка-краязнаўчага музея. Працягваецца рэканструкцыя сядзібнага дома ў Чырвоным Беразе. ЦБС прыняла ўдзел ў абласной акцыі “Ноч бібліятэк”… Галоўны спецыяліст аддзела Лілія Вашкоўская з імпэтам распавяла пра свой праект “Рускі партрэт у беларускім інтэр’еры” — рэгіянальны фестываль дзіцячай творчасці, які стартаваў у 2002 годзе. Ён праходзіць раз на два гады і разлічаны на навучэнцаў ДМШ, школ мастацтваў ды выхаванцаў узорных калектываў... Дык вось, на правядзенне апошняга па ліку форуму не было выкарыстана ні капейкі з бюджэтных сродкаў. Бюджэт фестывалю быў сфарміраваны сёлета выключна з уступных унёскаў удзельнікаў і выручкі ад продажу білетаў на цырымоніі адкрыцця, закрыцця і ад паказальнага канцэрта.

Ганарацца работнікі культуры і абласным фестывалем песні воінаў-інтэрнацыяналістаў “Час выбраў нас”. Ён прайшоў у пятнаццаты раз. Штосьці падобнае ладзілася калісьці ў Віцебску, але менавіта жлобінскі фэст цяпер застаецца дэ-факта адзіным у краіне мерапрыемствам такога кірунку. І Валянціна Няхай марыць пра тое, каб змяніць ягоны статус з “абласнога” на “міжнародны”. А гэта — пашыраная геаграфія, прэстыж горада, падтрымка традыцый і самабытнасці так званай афганскай песні…

І зноў аптымізацыя…

Яна закранула, натуральна, і ўстановы культуры раёна. Шыхаўскі СК рэарганізаваны ў бібліятэку-клуб. Чырвонабярэжская сельская ДШМ далучана да Дзіцячай школы мастацтваў №1 горада Жлобіна. У выніку скарочана штатная адзінка дырэктара і 0,25 адзінкі прыбіральшчыка службовых памяшканняў. Аднак у якой ступені падобныя крокі садзейнічаюць развіццю рэгіянальнай культуры, як дапамагаюць ім жыць, — асабіста мне не зразумела. Знікае штатная адзінка, адпаведна знікае яе фінансаванне. Ці я не маю рацыі?

Падаецца, супрацоўнікі ГЦК трымаюць руку на пульсе, прапаноўваюць гараджанам разнастайныя кан’юнктурныя мерапрыемствы. Чаго вартая толькі назва адной з конкурсных праграм — “Залатая цешча”! Добра гэта ці кепска, асабліва з пункту гледжання якасці паслуг, — меркаваць не мне, бо я не меў магчымасці бачыць іх на ўласныя вочы. Але будзе цудоўна, калі мае “вандроўныя нататкі” прачытаюць работнікі культуры краіны і падзеляцца сваімі меркаваннямі і досведам на старонках “К”. Час падштурхоўвае да таго, каб падтрымліваць адно аднаго і дзяліцца крэатывам. Хто мяне аспрэчыць?

Аўтар: Алег ЧЭЧАНЕЎ
акцёр, рэжысёр