Каб месца сустрэчы было падзеяй…

№ 25 (1151) 21.06.2014 - 27.06.2014 г

Рухавік “Маладзечна-2014” у кірунку… агляду, “салона”, майстар-класа?
ХІV Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне сабраў прыхільнікаў па ўсёй Беларусі. Тэлебачанне як ніколі поўна вяло запісы, зацікавіўшыся не толькі канцэртамі адкрыцця і закрыцця, але і фіналам Рэспубліканскага конкурсу маладых выканаўцаў, іншымі імпрэзамі, уключаючы паэтычную вечарыну. Штосьці ўжо транслявалася, штосьці — пакінута на далейшыя эфіры, сёе-тое выкладзена ў Інтэрнэт. Таму замест пералікаў-апісанняў фестывальных падзей, сведкамі якіх вы яшчэ зможаце стаць праз экран ці манітор, давайце скіруем позірк на тыя праблемы развіцця нашай эстрады, што на фоне святочнага ззяння становяцца яшчэ больш заўважнымі.

/i/content/pi/cult/484/10339/9-1.jpg

Сцэна фестывальнага амфітэатра. / Фота з фестывалю — Міхаіла МАРЖЭЎСКАГА
/i/content/pi/cult/484/10339/9-2.jpg
Уладальніца Гран-пры Аліна Молаш. / Фота з фестывалю — Міхаіла МАРЖЭЎСКАГА

Два туры двухаблічнага Януса

Конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні праходзіў у тры туры. Першы быў адборачным і праводзіўся на месцах: кожная вобласць і асобна Мінск павінны былі вызначыць трох спевакоў, якія і паедуць у Маладзечна. Там іх чакалі яшчэ два туры творчага выпрабавання, усе ў адзін дзень. Другі — пад фанаграму “мінус 1” у зале Палаца культуры. Трэці — на адкрытым паветры, у вялізным Амфітэатры, з Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестрам Беларусі на чале з народным артыстам краіны, прафесарам Міхаілам Фінбергам.

Адпаведна змяняліся і ўражанні ад агульнага конкурснага ўзроўню. Мяркуючы па першай песні ў “цяплічных умовах”, узровень можна было ацэньваць як дастаткова высокі. Мяркуючы па другой, ды яшчэ дадаўшы тэлеўражанні (а экран сваімі буйнымі планамі яшчэ больш, чым сцэна, высвечвае хібы), — яны змяніліся ледзь не прынцыпова. Асабліва на фоне выдатнай аркестравай раскошы. Часам так і хацелася папрасіць гукарэжысёра пакінуць толькі інструментальнае гучанне з шыкоўнымі сола. А між тым, менавіта гэты тур ішоў у эфіры ў прайм-тайм, паўтараючыся назаўтра зранку. Да таго ж, пры мантажы, каб захаваць інтрыгу, пераможцы былі пастаўлены ў фінал. Дадалася і магчымасць для параўнанняў — на жаль, зноў-такі, у шэрагу выпадкаў не на карысць цяперашнім канкурсантам, бо напярэдадні некалькі дзён запар той жа тэлеканал “Беларусь 3” спраўна круціў маладзечанскія запісы мінулых гадоў.

Канкурсантаў было шчыра шкада. Галасы ва ўсіх добрыя, усе стараліся спяваць як мага лепей. Але ж рэдка ў каго за плячыма вопыт выступленняў з жывым аркестрам, на адкрытым паветры ў нялепшых прыродных умовах, з тэлетрансляцыяй ды яшчэ і ў рэжыме марафона, калі дадзенае выступленне становіцца, з улікам рэпетыцый, чацвёртым на дзень, што, да таго ж, пачынаецца з пераезду ў Маладзечна. Дык што, вярнуць конкурс пад дах Палаца? Не, ні ў якім разе! Куды лепшае выйсце — сумяшчаць конкурс з майстар-класамі, як гэта прапануюць некаторыя выкладчыкі. Вядома, тады ён будзе цягнуць на большую “сумачку з грашыма”, але калі мы дбаем пра сапраўднае развіццё нацыянальнай культуры, а не проста пра вызначэнне, хто на якім месцы, дык такая падрыхтоўка таго каштуе і, што немалаважна, у будучым сябе абавязкова акупіць.

Што маецца на ўвазе? На тэлеканалах розных краін назапашаны багаты вопыт правядзення разнастайных праектаў з удзелам маладых выканаўцаў. Чаму б не сумясціць тыя напрацоўкі з гэтым конкурсам, які справядліва лічыцца галоўнай пляцоўкай будучыні нацыянальнага эстраднага мастацтва? Бо той жа Міхаіл Фінберг неаднойчы даводзіў, што менавіта на маладзечанскім спаборніцтве павінны ўзрошчвацца будучыя ўдзельнікі іншых фестываляў і конкурсаў — найперш “Славянскага базару ў Віцебску”.

Праца над памылкамі

Якія ж пралікі былі сёлета самымі распаўсюджанымі ў маладых выканаўцаў? І ці ёсць усё ж прагрэс — у параўнанні, скажам, з леташнімі, пазалеташнімі праслухоўваннямі?

Узрасла агульная культура сцэнічных паводзін: ніхто ўжо не прырастае да падлогі ў час спеваў, але, на жаль, амаль ніхто не сочыць за сваім тварам. У тых, хто ўжо працуе на карпаратывах, — устойліва шчаслівая ці проста лагодная ўсмешка, нягледзячы на тое, што песня, да прыкладу, пра расстанне. У іншых — на абліччы напісана ўсё тое, што спявак думае пра сваю горкую долю і астатнія трагедыі свету. У кагосьці — непахісна ваяўнічы настрой, незалежна ад пранікнёнай песеннай лірыкі.

Выбар песень — палепшаў: менш стала па-мастацку сумнеўных, пашырылася кола прафесійных аўтараў. Але не ўсе маладыя выканаўцы, нават тыя, хто ўжо можа лічыцца прафесіяналам, разумеюць, што конкурс патрабуе асаблівага стаўлення, з-за чаго нават вельмі добрую песню трэба абавязкова “давесці” да ўзроўню спаборніцтва. Гэта не значыць, што трэба яе неяк прынцыпова пераасэнсоўваць — часам дастаткова прадугледзець хаця б невялікую кадэнцыю на тым жа пройгрышы, каб максімальна поўна паказаць свае творчыя магчымасці і галасавыя даныя. Менавіта з-за гэтага, здаецца, усё ніяк не шанцуе Мікіце Фаміных, які і навучаны добра, і фразы ўмее выразна выбудоўваць, падаўжаючы іх да бясконцасці.

У сувязі з рэпертуарам асабіста ў мяне паўстала і пытанне, наколькі песня таго ж Стаса Наміна можа лічыцца беларускай? Можа, аўтара “пераблыталі” з Чэславам Нэмэнам — папраўдзе беларусам па паходжанні? Ці больш песень не знайшлося? Зразумела, кампазіцыя “Творыць Бах” была вельмі тактоўна перакладзена на беларускую мову незаменным у такіх сітуацыях паэтам Васілём Жуковічам. Але наўрад ці падобныя пераклады — менавіта той шлях, на які разлічаны маладзечанскія фестываль і конкурс, пакліканыя падтрымліваць сваё, беларускае.

Тым больш, што і з маўленнем у вакалістаў праблем хапала. У некаторых — словы пры спевах незразумелыя, у большасці — пастаянныя артыкуляцыйныя русізмы: “в”, “л” — замест “у нескладовага”, “г” — фрыкатыўнае, а не выбухное, “ч” — мяккае. У Амфітэатры выпаўзлі на паверхню і фальшывыя ноты. Асабліва багата іх аказалася ў пачатку песень, пакуль выканаўцы шукалі гукавышынныя арыенціры, і ў тых, скажам так, джазавых імправізацыях. Залішні трэмар — голасу, рук, з якіх ледзь не вывальваўся мікрафон, часам усяго цела — узнікаў таксама менавіта ў Амфітэатры, што сведчыла пра яго нервовае паходжанне. Ну, а тое, што сцэна і экран “высвечваюць” як перавагі, так і недахопы — даўно вядома. Тут кожны павінен дапамагаць сабе сам, разумеючы, што вынікаў трэба дасягаць паступова — цягам жыцця, а не з “наскоку”.

Вядома, асаблівая адказнасць кладзецца на тых, хто дасылае “ад імя вобласці” сваіх канкурсантаў. Бо яны павінны думаць не толькі пра дасягненне сённяшніх паказчыкаў, але і глядзець крыху наперад, дбаючы пра далейшае жыццё і кар’еру сваіх “пасланцаў”. Наўрад ці “Маладзечна-2014” — тая вяршыня, якую трэба штурмаваць з рызыкай страціць голас ці прынесці шкоду свайму здароўю.

Свістаць усіх у… салон?..

Дык хто ж апынуўся на верхніх прыступках? Трэцюю прэмію падзялілі Лідзія Заблоцкая і Андрэй Грыгор’еў. Другую — Наталля Ламака з крыху акадэмічнай манерай спеваў і Артур Міхайлаў, які прадставіць нашу краіну на конкурсе “Славянскага базару...”. На першае месца выйшла Кацярына Шумская, але ў параўнанні з леташнім “Белазаўскім акордам”, дзе яна амаль з тым жа рэпертуарам атрымала Гран-пры, тут не дацягвала вярхі, і спявала досыць аднастайна.

Гран-пры і прыз імя Уладзіміра Мулявіна абсалютна справядліва атрымала самая, бадай, маладая канкурсантка — Аліна Молаш, якая вучыцца ў Мінскім каледжы мастацтваў. Яна сапраўды была, як кажуць, на тры галавы вышэй за астатніх. Дапамаглі ёй і ранейшы вопыт (дастаткова таго, што пяць з паловай гадоў таму дзяўчынка ў складзе вакальнага трыа ўдзельнічала ў дзіцячым “Еўрабачанні”), і вельмі сур’ёзная падрыхтоўка (песні былі адшліфаваны ва ўсіх дэталях, пачынаючы з драматургіі), і прэм’ера песні “Адлятала птушка”, якую напісала Алена Атрашкевіч на словы згаданага Васіля Жуковіча — менавіта для сваёй выхаванкі і спецыяльна да гэтага конкурсу.

Праўда, пра апошнія абставіны маглі здагадацца толькі знаўцы, маючы перад вачыма праграму конкурсных выступленняў, раздрукаваную найперш для журы. На другім туры называліся толькі імёны канкурсантаў, а не іх песні. У тэлеверсіі трэцяга тура на пачатку кожнага выступлення на экране з’яўлялася больш поўная “аб’яўка”, але знікала яна так імгненна, што ўхапіць яе цалкам (а тым больш, запомніць) было амаль немагчыма.

Падзея, якую чакаюць цэлы год, павінна быць не толькі вулічным святам для гараджан, але і традыцыйным “месцам сустрэчы” кампазітараў і паэтаў — чымсьці яшчэ і накшталт “салона”, дзе будуць віраваць абмеркаванні, нараджацца новыя ідэі, праекты, стане наладжавацца супрацоўніцтва. Няблага было б пераняць і такую ўласцівую некаторым форумам традыцыю, як замова да іх новых твораў. Сапраўды, чаму фестываль і конкурс не могуць самі выступаць заказчыкамі? Дый ідэя конкурсу на новыя беларускамоўныя песні выказвалася ўжо колькі разоў. Бо фестываль павінен не проста канстатаваць, якія песні з’явіліся, а выступаць рухавіком гэтага працэсу…

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"