Маналіт у “кароткім метры”

№ 25 (1151) 21.06.2014 - 27.06.2014 г

“Рускі” Гарэцкага: класіка ў стылі Post-дак
Днямі ў Мінску прайшла рэтраспектыва стужак, прысвечаная стагоддзю пачатку Першай сусветнай вайны. Наш кінематограф прадстаўляла карціна 1930-х “Першы ўзвод” Уладзіміра Корш-Сабліна. Між тым, у праграму прасілася новая работа Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” — кароткаметражны фільм “Рускі”, зняты па аднайменнай навэле Максіма Гарэцкага рэжысёрам Віктарам Аслюком.

/i/content/pi/cult/484/10337/8-1.jpg

На кадры з фільма "Рускі" выканаўцы галоўных роляў Міхаіл Барсковіч (злева) і Аляксандр Ждановіч.

Пераможца і лаўрэат шматлікіх міжнародных кінафорумаў Віктар Аслюк звычайна працуе на глебе кінадакументалістыкі. Да ігравога кіно да гэтага моманту ён звяртаўся толькі раз, у 2007 годзе выпусціўшы поўнаметражны фільм “Нябачаны край” па прозе Міхася Зарэцкага.

“Рускі” — твор камерны, усяго толькі адна з навэл у кнізе “На імперыялістычнай вайне”, напісанай у выглядзе нарысаў-замалёвак з натуры ў 1914 —1919 гадах і ўпершыню надрукаванай у 1926. Два салдаты двух варожых імперый, Расійскай і Аўстра-Венгерскай, сустракаюцца на маленькім кавалачку шматкіламетровага фронту, каб распіць пару глыткоў гарэлкі і пагутарыць амаль на адной і той жа мове. Бо, як вынікае з іх дыялогу, адзін аказваецца селянінам з Магілёўшчыны, а другі — з украінскай часткі тагачаснай Аўстрыі.

Па сваёй драматургіі “Рускі” набліжаны да дасканаласці: навэла першапачаткова была напісана як асобны твор. На вайне, зрэшты, што не гісторыя, то драма, нават, самая невялікая. А ў дадзеным выпадку, наогул, ідэальна разлічаная на “кароткі метр”, які, мяркуючы па ўсім, член Еўрапейскай кінаакадэміі Віктар Аслюк задумаў даўно. Два героі навэлы Гарэцкага, Рускі і Аўстрыец, нават не шрубкі — парушынкі ў д’ябальскім механізме катастрофы сусветнай вайны. На ролю “рускага” беларуса рэжысёр запрасіў Міхаіла Барсковіча — непрафесійнага акцёра, егера з Віцебшчыны, які некалькі гадоў таму сыграў, фактычна, самога сябе ў “Паляўнічым” расійскага рэжысёра Бакура Бакурадзэ. А яго візаві — ці то галічаніна, ці то валыняніна ў аўстра-венгерскай форме, Віктар Аслюк, наадварот, даверыў добра вядомаму прафесіяналу — акцёру Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага Аляксандру Ждановічу.

На такім акцёрскім кантрасце акцэнт у “Рускім” атрымаўся крыху іншым, чым у Гарэцкага. Адзіным, чым адрозніваліся персанажы ў кнізе, была вайсковая вопратка рознага ўзору, якая не замінала двум учорашнім сялянам выдатна разумець адзін аднаго. У фільме Віктара Аслюка дуэт выканаўцаў працуе на відавочным кантрасце — “простага” выразу твара і вонкавага аблічча Міхаіла Барсковіча і “еўрапейскіх” вусікаў Аляксандра Ждановіча. У выніку, калі “рускі” страляе ў спіну “аўстрыйца”, тое відавочна супярэчыць задуме Гарэцкага. Але, верагодна, кладзецца на аўтарскую інтэрпрэтацыю Аслюка і працяжную, трывожную інтанацыю, што надае фільму падабраная музыка Віктара Капыцько.

Вайна ў Гарэцкага — сапраўдная, складаецца не столькі з кавалерыйскіх атак і артылерыйскіх абстрэлаў, колькі з нуднага прамежкавага стану. Апошняе не так часта трапляе ў поле зроку баталістаў, затое прысутнічае ў прозе таго ж Рэмарка. Гэтым адчуваннем прасякнута і аўдыякніга “На імперыялістычнай вайне”, некалькі гадоў таму начытаная мінскім акцёрам Алегам Вінярскім. Вайна — ёсць суцэльнае штохвіліннае чаканне смерці, а не парадны гераізм, сцвярджае сваёй прозай Гарэцкі. Ні спадарожнік любой вайны голад, ні што іншае не можа пазбавіць гэтага невыноснага пачуцця. Гэтым страхам чалавек даводзіцца да жывёльнага стану і слухае адно свае інстынкты. Менавіта, гэтыя адчуванні і павінна несці карціна Віктара Аслюка.

Нягледзячы на знешнюю відавочнасць, проза Гарэцкага, як і проза іншага ваеннага пісьменніка-мадэрніста Ісака Бабеля, вельмі складаная для экранізацыі ў сілу прастаты канструкцыі: яе амаль немагчыма раскласці на элементарныя часціцы кінамовы. Канцэпцыя фільма Віктара Аслюка ніякага “расчлянення” на асобныя складнікі не прадугледжвае. Актуальны ў свеце арт-хаўснага кіно стыль Pоst-дак, да чаго відавочна імкнецца рэжысёр, у ідэале ўяўляе своеасаблівы маналіт, цэласную плынь, далёкую ад прынцыпу “мантажу атракцыёнаў” Сяргея Эйзенштэйна, на якім грунтуецца ўсё першае стагоддзе кіно.

Зрэшты, у “Рускім”Аслюка ёсць выразна распазнавальная аўтарская канцэпцыя, як мастацкая, так і ідэйная. Гэты кароткаметражны фільм — смелая спроба зняць экзістэнцыяльную драму на фоне ваеннай катастрофы, асабістую і, што, мяркуючы па ўсім, нашмат больш важна для рэжысёра, нацыянальную. Народы, якія апынуліся па розныя бакі лініі фронту забіваюць адзін аднаго за чужыя інтарэсы, хоць салдаты варожых армій не проста блізкія, але і ва ўсіх сэнсах разумеюць адзін аднаго, піша Гарэцкі. А Віктар Аслюк яго дапаўняе: вымушаны не толькі забіваць братоў у шынялях іншага колеру, але і забіваць сябе, сваю нацыянальную самасвядомасць.

Чаму Рускі ў выніку ўсё ж забівае сабрата па няшчасці?.. Толькі з-за таго, што на іх розныя мундзіры. Толькі па інэрцыі вайны, калі абавязкова забіваць чалавека ў шынялі іншага колеру. У фільме Віктара Аслюка герой Міхаіла Барсковіча страляе ў спіну свайго візаві праз зацягнутую тым неспадзявана нямецкую песеньку. Страляе менавіта па інэрцыі, рэфлекторна. Хоць у Гарэцкага Рускі рашаецца на забойства пасля пэўных ваганняў і вырашальнага аргументу “Э, што ж я за ваяка?..”.

У кіно ўнутраных маналогаў не бывае. Дакладней, у такім кіно, на якое арыентуецца Віктар Аслюк. Pоst-дак максімальна набліжаны да дакументалістыкі, дзе ёсць фіксацыя стану, часу, месца. Дзе мінімум рухаў, але максімум сэнсу. Які, праўда, трэба ўмець прачытаць дасведчанаму гледачу. Або — адчуць разам з героямі, якія, у выпадку стужкі Віктара Аслюка, амаль не камунікуюць. Замест людзей у фільме з дапамогай аб’ектываў Юрыя Дакучаева і Анатоля Казазаева размаўляе прырода, ужо знакамітыя наваколлі Краснасельскіх крэйдавых кар’ераў пад Ваўкавыскам. Незямное аблічча гэтага рукатворнага пейзажу, як ні дзіўна, надае фільму не менш, калі не больш, выразнасці, чым ігра акцёраў.

Максім Гарэцкі напісаў сваю навэлу ў 1915 годзе, калі гібель абедзвюх імперый у смяротнай сутычцы была яшчэ невідавочнай. З вышыні мінулых ста гадоў і дзвюх сусветных войнаў інтрыга “Рускага” здаецца нам цяпер куды больш простай і зразумелай, чым сучаснікам класіка нашай літаратуры. Несумненнай каштоўнасцю застылага ў часе фільма Віктара Аслюка стала вяртанне інтрыгі. І не толькі ў, здавалася б, добра вядомы, “глухі” лёс нашай сапраўднай, якаснай літаратурнай класікі, якую чамусьці ўпарта ігнаруе Нацыянальная кінастудыя. Але і ў айчынны кінапрацэс, дзе, нягледзячы на ўсе акалічнасці, усё ж такі прабіваюцца парасткі сапраўднага мастацтва. Аказваецца, і без замежных сапрадзюсараў і сааўтараў наша кіно можа быць ці, па меншай меры, прэтэндаваць на мастацкую і філасофскую глыбіню, быць сучасным па кінамове, нарэшце, быць глыбока нацыянальным па сутнасці. Чаго мы ўсе ўжо даўно чакалі.

Что да іншай прозы Максіма Гарэцкага, то, упэўнены, яна яшчэ знойдзе сваіх экранізатараў. А пакуль трэба спадзявацца, што аўтарская інтэрпрэтацыя “Рускага” ад Віктара Аслюка, якую ўжо паспелі пабачыць наведвальнікі нашага нацыянальнага павільёна ў Канах, абудзіць цікаўнасць да гэтага аўтара ды іншых класікаў нашай літаратуры ў айчынных кінатворцаў.