Кавер-беды кавер-бэндаў

№ 25 (1151) 21.06.2014 - 27.06.2014 г

Я спытаў у лабуха — грошы альбо музыка…
Перафразуючы вядомага бунтара музычнай сцэны суседняй краіны Сяргея Шнурава, эстрада сёння адпачывае — адны “кавершчыкі” вакол! Ды і насамрэч: колькі цяпер стала музыкантаў, што выконваюць ва ўстановах грамадскага харчавання чужыя кампазіцыі! Нават статыстыка той лік не ведае! Кожны клуб хоць з мінімальным рэспектам да самога сябе, а то і “забягалаўка”, якая прэтэндуе на званне “кабак высокай культуры абслугоўвання”, сёння лічаць абавязковым мець канцэртную праграму, у якой гучаць хіты сусветныя, шлягеры часоў СССР, спеўныя “баевікі” краін постсавецкай прасторы. Раней такіх артыстаў называлі проста: лабухі. І трапляліся сярод іх асобы выбітныя. Напрыклад, на вяршыні рэстараннага музычнага Алімпу на досвітку юнацтва пабывалі некаторыя ўдзельнікі “Песняроў”, ды і шмат хто з зорак мае ў біяграфіі падобны факт. Цяпер такіх музыкантаў называюць мудрагеліста і нават у нечым горда — кавер-выканаўцы, кавер-бэнды. І добра б, каб такое мастацтва засталося там, дзе і павінна квітнець, аднак з чыёйсьці лёгкай рукі цяпер пад яго арганізуюць фестывалі, яно апанавала тэлевізійны прайм-тайм ды і наогул: калі ты кавер-музыкант, усё ў цябе — у шакаладзе! Мы ж вырашылі разабрацца: з якой нагоды ў Мінску здарыўся кавер-бум, у чым яго перадумовы і асаблівасці.

Проста рамесніцтва?

— Па заканчэнні Акадэміі музыкі я з сябрамі цалкам свядома стаў граць каверы, ведаючы, што імі можна зарабляць сабе на жыццё, — распавядае фронтмэн мінскага гурта “Vox Mira” Зміцер ШАМПАНАЎ.  — Пад старой назвай “Inomarki” мы працягваем дадзеную практыку і сёння, а вось пад новай — “Vox Mira” — выконваем уласныя творы. “Inomarki”, такім чынам, працуюць у трох сталічных установах: у першай — з праграмай з класікі поп- і рок-музыкі савецка-расійскай (“Вясёлыя рабяты”, “Брава”, “Зямляне”...) і заходняй (“Led Zeppelin”, “Queen”, Крыс дэ Бург...), у другой — з заходнімі рок-хітамі, у трэцяй — з міксам ад лаунжа да “The Doors”. Зрэшты, публіка замовіць можа ўсё што заўгодна ажно да “Ласкавага мая”, а не так даўно адзін з наведвальнікаў прыемна здзівіў тым, што папрасіў “што-небудзь з Джорджа Бэнсана”.

Але, утрымліваючы сям’ю за кошт кавер-выканальніцтва, Зміцер не забываў і пра сваю галоўную мэту ў музыцы: граць уласны рэпертуар. Урэшце, Шампанаў разглядае выкананне пераспеваў як трэнінг, калі пры напружаным канцэртным графіку галасавы апарат неабходна ўтрымліваць у адпаведным тонусе, правільна ім карыстацца, берагчы яго. Па “маральную падтрымку” артыст “звярнуўся” да знакамітага Кена Хэнслі, спасылаючыся на яго словы, маўляў, усе, хто пачынаў у 1960 —1970-я, кавераў не мінулі.

— Тое, што ў Мінску цяпер процьма кавер-гуртоў, я лічу ні дрэнным, ні добрым, — канстатуе Шампанаў. — Мне не падабаецца, што граюць яны шмат у чым адно і тое ж, без выдумкі, “на аўтамаце”, нібыта вызубранае хатняе заданне. У любым выпадку, кавер-спевы — гэта рамесніцтва, прычым, на мой погляд, хутчэй у негатыўным значэнні, асабліва, калі яму прысвячаюць працяглы адрэзак жыцця.

Яўген АГАПАЎ з’яўляецца арт-дырэктарам сталічнага “TNT-клуба”. У чымсьці яго меркаванне блізкае пазіцыі Змітра, аднак пра так званы “бум” пазіцыя гэтага майго візаві абсалютна эксклюзіўная.

— У нашым клубе існуе жорсткi тыднёвы расклад, калі па серадах выконваецца блюз, па чацвяргах — постпанк, інды і альтэрнатыва, у пятніцу і суботу гучыць музыка аўтарская, граюць кавер-гурты, нядзеля таксама аддадзена ўласным творам музыкантаў.

Цікава ў клубе праходзіць кастынг “кавершчыкаў”, якіх адбіраюць літаральна ўсе супрацоўнікі. Праз электронную пошту ад выканаўцаў Яўген атрымлівае масу трэкаў з запісамі вядомых кампазіцый і ўжо, як ён жартам скардзіцца, набіў... слых. Арт-дырэктар мяркуе, што можа беспамылкова вызначыць, што вось тыя хлопцы, якія даслалі трыццаць трэкаў, проста хочуць зарабіць грошы, адзін у адзін скапіраваўшы арыгіналы, а яны арт-дырэктару нецікавыя. Пры выкананні чужых песень, лічыць ён, павінна быць і свая “разыначка”, прычым з захаваннем тонкай рысы “сваё ў чужым”. Карацей, пакуль сярод кавер-рэзідэнтаў установы — 5-6 гуртоў. Плюс тут перыядычна канцэртуюць замежныя каманды.

Нарэшце, вось што думае сам Яўген па “кавер-справе”:

— Я б не стаў на поўным сур’ёзе аналізаваць, чаму сёння на Беларусі, у Мінску ў прыватнасці, такі “бум” кавер-музыкантаў. Проста раней, у тыя ж савецкія гады, іх так не называлі. Гэта былі звычайныя рэстаранныя выканаўцы, якія спявалі “The Beatles”, Юрыя Антонава і Алу Пугачову. Змяніўся час — змяніліся цэтлікі, а сутнасць засталася ранейшай.

“Зорны рынг”: супраць і за

З “субкультуры” мiнскай адпраўляемся ў “субкультуру” магілёўскую. Гутарым з клавішніцай калектыву “JT. Soul” Ганнай КАСЦЕНІЧ.

— Мы выконваем не толькі каверы, — заяўляе артыстка. — А сярод апошніх у нас няма чагосьці пэўнага кшталту “вось хэві-метал і толькі яго будзем граць”: выбіраем тыя песні, якія нам падабаюцца, любых стыляў, галоўнае, каб мы чамусьці самі навучыліся, бо гэтыя творы папулярныя. Гуртам-пачаткоўцам на каверах лягчэй вучыцца і знайсці месца на сцэне. Карацей, граем пераспеваў не так і шмат, але рэгулярна, акрамя таго рыхтуем аўтарскі альбом. На канцэртах жа добра прымаюць і нашы песні.

Цяпер пра так званы мінскі “бум” кавер-гуртоў. Менавіта мінскі ён таму, што такія кампазіцыі добра прымаюць у сталіцы, імі можна зарабіць. У Магілёве ж ведаю толькі адну каманду, якая такой справай сапраўды нядрэнна зарабляе, але і як музыканты яны даволі прафесійныя. А наогул у нашым горадзе “кавершчыкаў” (яны граюць, у асноўным, металкор) вельмі мала. Наш гурт пакуль не зарабляе гэтым. А яшчэ ў кавер-выканаўцаў існуе магчымасць выступаць за мяжой (да прыкладу, у клубах Кітая за такія праграмы плацяць прыкладна 1000 долараў у месяц, пры гэтым жыллё і праезд бярэ на сябе працадаўца), паглядзець іншыя краіны. Кавер-калектываў шмат яшчэ і таму, што музыкантам хочацца проста паіграць, а сваё прыдумаць не ўмеюць ці лянуюцца.

Крытычны настрой падтрымаў адзін з лепшых беларускіх гітарыстаў сярэдняга пакалення Андрэй ДЗЕМЯНЦЬЕЎ, які не першы год працуе ў камандзе “Flat”.

— Навошта сярэднестатыстычныя людзі ідуць у рэстаран, клуб, калі яны працуюць у звычайным рэжыме і ў іх не заяўлена нейкая адмысловая праграма? Правільна, каб паесці-выпіць-закусіць — няхай гэта будзе якое-небудзь свята ці нават шараговая вячэра. І яшчэ яны спадзяюцца, што ім прапануюць у якасці “дадатковай стравы” знаёмую музыку. А невядомыя песні будуць толькі адцягваць, раздражняць, перашкаджаць. Таму цяперашнія кавер-выканаўцы выконваюць функцыю гэткага караоке, бонус-афіцыянта, які пытаецца “чаго жадаеце?”. На жаль, вельмі часта прапанаваны прадукт не адпавядае хоць нейкаму ўзроўню. Ва ўсялякім выпадку, у Мінску. Зазначу, што яшчэ гадоў з пятнаццаць таму ў беларускай сталіцы налічвалася пара дзясяткаў артыстаў, якія называлi сябе кавер-выканаўцамі. Цяпер іх не адна сотня: пункты “грамадскага харчавання” растуць, як грыбы, адпаведна, і лік музыкантаў у іх таксама павялічваецца: ланцуговая рэакцыя! І тут ужо не да якасці: маем амаль аналаг ліверпульскага “буму”, калі “бітлы” спарадзілі цэлы кірунак у музыцы, але ў нашых рэаліях пакуль такой з’яве варта ставіць знак “мінус”. Пры наяўнасці хоць нейкіх музычных навыкаў — гэта выдатны лёгкі спосаб зарабіць. І хай бы такія “музыканты” заставаліся ў кабаках, але іх жа і па ТБ рэкламуюць, папулярызуючы непрафесіяналізм, аднолькавасць, шэрасць! Мяне жах бярэ, калі бачу, якія кавер-гурты часам паказваюць у тэлепраекце “Зорны рынг”. Шчыра скажу, тым самым мяне абражаюць, прыраўноўваючы да такіх, з дазволу сказаць, артыстаў. Тэлевізійшчыкі думаюць, што асядлалі модную хвалю, а мода, яна ж розная бывае: на дрэннае таксама, калі пачуццё меры, пачуццё прыгожага людзям адмаўляе. І гэта пры тым, што перадача сама па сабе, безумоўна, патрэбная!

Але ў завяршэнні прамовы 
Андрэй панізіў градус яе крытычнасці, заўважыўшы, што ведае маладых музыкантаў, якія, граючы бессмяротныя хіты, вучацца на іх, дакранаючыся да класікі, да першакрыніц, шукаюць уласную вакальную манеру, знаходзяць разуменне таго, як складаць і выконваць сваё. Музыкант спадзяецца, што татальная “каверызацыя музычнай супольнасці” — гэта крок у напрамку стварэння ў Беларусі, у тым ліку, сваёй школы року.

— А мы... — усміхаецца 
Андрэй, — мы таксама, выступаючы ў клубах, граем каверы “The Beatles”, “Rolling Stones”, “Creedence Clearwater Revival”, “ZZ Top”... Але ніхто не можа папракнуць гурт “Flat” у тым, што ён спецыялізуецца на песнях гэтых легендарных каманд. Іх не так шмат у нашых праграмах, у асноўным паказваем сваё. Так што я ні “за”, ні “супраць” кавер-артыстаў, але — супраць дрэннай музыкі.

Па “алаверды” мы звярнуліся да намесніка генеральнага дырэктара тэлеканала “СТБ”, дзе, уласна, і дэманструецца “Зорны рынг”, 
Паўла КАРАНЕЎСКАГА.

— У папярэдніх сезонах ў гэтых перадачах паміж сабой “спаборнічалі” замежныя артысты (расійскія і ўкраінскія) і нашы, музыканты, якія працуюць у розных жанрах, маладое пакаленне і сталыя зоркі. Гэта значыць, мы адразу задалі высокую планку. Летась яна не тое каб панізілася, але фармат, калі на рынгу сыходзіліся ўдзельнікі іншага праекта канала “Спяваючыя гарады”, не выклікаў ранейшага ажыятажу сярод тэлегледачоў — усё ж тое былі самадзейныя артысты. І тады мы вырашылі вярнуць у “бітвы” прафесіяналаў, але з-за таго, што яны, у асноўным, граюць на карпаратывах, у рэстаранах і клубах, не так вядомых слухачам. Кінулі кліч, на які адгукнулася шмат артыстаў з розных куткоў Беларусі. У выніку адабралі 48 “кавершчыкаў”. За якасць прадукту мы не хваляваліся, паколькі ўсе гэтыя артысты выступаюць выключна жыўцом, а агульная стылістычная палітра іх — вельмі шырокая: ад джаза да хард-року. І вось у ліпені будзе абвешчаны пераможца. Акрамя тэлеасвятлення, наш канал, вядома, стане дапамагаць лепшаму кавер-бэнду і іншымі спосабамі: здымем кліп, дамо студыю для запісу ўласнага матэрыялу, прыстроім песні на FM-станцыі. Але гэта ўсё ў будучыні, а пра сённяшні дзень магу сказаць, што такі падыход даў новае дыханне праекту, даў штуршок у яго развіцці. Да яго зноў вярнулася вялікая цікавасць, пра што кажуць стабільна высокія рэйтынгі. Без крытыкі таксама не абыходзіцца, і я гатовы прызнаць, што некаторыя гурты выглядалі сыравата, з кімсьці мы памыліліся, але гаворка ідзе менавіта пра “некаторых”, а не пра сезон у цэлым.

Ад рэдакцыі

Сутнасць заяўленай праблемы “кавер-буму” і якасці прадукту ад гуртоў, што займаюцца пераспевам чужога рэпертуру, амаль усутыч ідзе з падобнымі праблемамі айчыннай папулярнай і рок-сцэн. Ужо колькі на адрас іх прадстаўнікоў гучала і крытычных, і іранічных, а то і проста забойных ацэнак ды характарыстык пра другаснасць адносна замежнай музыкі, адсутнасць харызмы ў артыстаў, а часам і аб прафнепрыдатнасці апошніх да выступленняў на эстрадзе. У выпадку з кавер-бэндамі гаворка, як правіла, ідзе аб прафесіяналах са знакам якасці. Аднак ці здолеюць яны запоўніць гэтым сваім кшталтаваным у штодзённых практыкаваннях на клубна-рэстараннай сцэне прафесіяналізмам пэўныя лакуны на сцэне масавай? Асабліва пры ўмове адсутнасці ўласнага рэпертуару? З іншага боку, фармат “старых песень пра галоўнае” актуальны і займае сваё месца, прынамсі, у святочных тэлеэфірах не першы год. Таму…

Уласна, яшчэ пасля маналогу Паўла Каранеўскага і можна было б паставіць фінальную кропку. Але ўсё ж ставім шматкроп’е: а раптам і вы, паважаныя чытачы, пажадаеце далучыцца сваімі водгукамі да дадзенага матэрыялу?.. А мо распавядзеце, якія праблемы і здабыткі мае кавер-справа ў вашым горадзе? Урэшце, ні для каго не стане адкрыццём тое, што, асабліва па-за Мінскам, рэй у пераспевах сольна і калектыўна вядуць ніхто іншыя, як работнікі культуры — у тым ліку па-за сценамі сваіх родных устаноў…

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"