"...Кароль Стах": мюзікл будзе!

№ 25 (1151) 21.06.2014 - 27.06.2014 г

Вялікі калібр “Калібры”: “Жонка казала — пішы акадэмічную музыку”
Яўген МАГАЛІФ — беларускі музыкант і кампазітар, які з’ехаў у Амерыку яшчэ ў 1990 годзе — можна сказаць, на піку сваёй запатрабаванасці на радзіме. Але сувязі з Беларуссю не парываліся. Тут засталіся многія яго калегі і сябры, тут і дагэтуль выконваецца яго музыка. Двойчы, у 2008-м і 2010-м, яго запрашалі ганаровым госцем на “Славянскі базар у Віцебску”. Дасягнуў ён поспехаў і ў замежжы, прычым не толькі ўласна за акіянам, але і на еўрапейскай культурнай прасторы. Сведчаннем таму — запрашэнне правесці ў пачатку ліпеня майстар-класы па кампазіцыі ў Італіі, з якіх і пачалася наша размова.

/i/content/pi/cult/484/10335/6-1.jpg

Яўген МАГАЛІФ.

— На працягу пяці дзён, пачынаючы з 7 ліпеня, я буду распавядаць пра асаблівасці розных жанраў, аналізаваць творы ўдзельнікаў майстар-класаў. І ўсё гэта — у атмасферы старадаўняй вілы ХVI стагоддзя непадалёк ад Фларэнцыі, дзе паселяць мяне і астатніх гасцей. Гаспадар маёнтка — флейтыст, яго партнёры — піяністы і арганісты. Усе гэтыя інструменты, уключаючы сапраўдны арган, ёсць і на віле. Акрамя ўласна заняткаў, там адбудзецца і некалькі канцэртаў — з твораў удзельнікаў і маіх. Узрост — неабмежаваны. Хтосьці прыязджае нават не свае работы паказваць, спадзеючыся на парады, а проста ў якасці “вольнага слухача”. Вядома, я быў бы рады сустрэць там і маладых беларускіх музыкантаў, якія маглі б сумясціць прафесійную зацікаўленасць з турыстычнай. Бо само паветра Фларэнцыі, можна сказаць, на працягу некалькіх стагоддзяў літаральна дыхае мастацтвам, калі ўлічваць усіх творцаў, хто тут жыў і працаваў.

— Цікава, а ў Амерыку вы ехалі, ужо маючы рэальнае ўяўленне пра сваю будучыню?

— Якое там уяўленне! Наглядзеўся тэлебачання, як там усё прыгожа паказваюць, і прыехаў як турыст. Без грошай. Нават на квіток у Ядзі Паплаўскай пазычаў. Думаў, толькі зайду ў якую ўстанову — там адразу зразумеюць, які я таленавіты. Але на справе ўсё аказалася не так проста. Вельмі важна звязацца з патрэбнымі людзьмі, але да іх “з вуліцы”, што называецца, не прыйдзеш, трэба, каб цябе хтосьці рэкамендаваў. Карацей, уладкоўваліся мы з жонкай некалькі гадоў. Атрымалі ліцэнзію выкладчыкаў, настаўнічалі ў прыватнай школе, цяпер — у дзяржаўнай, бо ў грашовым вымярэнні гэта мае больш выгод. Увогуле, знайсці месца педагога бывае вельмі складана, бо здавён тут склалася сістэма аховы людзей гэтай прафесіі. Калі, да прыкладу, у школе ты адпрацаваў тры гады, дык з чацвёртага атрымліваеш магчымасць выкладаць там пажыццёва. Але калі пераходзіш у іншую школу, увесь ранейшы стаж не залічваецца. Ва ўніверсітэтах — іншая сістэма, там часцей запрашаюць выкладчыкаў на пэўны тэрмін па дамове. Школы таксама бываюць рознымі — ужо па сваім бюджэце. У горадзе, дзе пераважаюць пенсіянеры, школы бедныя. А там, дзе ёсць фабрыкі, заводы, вялікія кампаніі, якія спраўна плоцяць падаткі, — бюджэт на парадак вышэйшы. Дзе лепшы кантынгент навучэнцаў — аплата меншая. А там, дзе пераважаюць “складаныя” падлеткі, — большая. Дзеці атрымліваюць бясплатны сняданак, у сярэдзіне дня — яшчэ і бясплатныя фрукты. Патрабаванні да педагогаў-музыкантаў таксама іншыя, чым у Беларусі. Дырэктар школы выбірае, які калектыў, на яго думку, у школе больш патрэбны: хор ці аркестр. Адпаведна вядзецца і навучанне. Але заняткі ў творчым калектыве — дадатковыя. Галоўнае — набыццё агульных ведаў. Малодшымі лічацца школьнікі першых пяці класаў. Шосты і сёмы — гэта ўжо сярэдняе звяно.

Музыка ж выкладаецца цягам усяго навучання. І гэта дае свае вынікі. Памятаю, сіламі выпускнікоў выконвалася араторыя “Месія” Гендэля, якая лічыцца складанай нават для прафесіяналаў. А тут — школьнікі-аматары. Вывучаецца ўсё, але, праўда, пакрыху. Гэтак жа і выкладчык — павінен умець усё. Той, хто выкладае інструментальную музыку, мае найперш іграць не на адным інструменце, як у нас, а на некалькіх. Да прыкладу, асноўным для яго з’яўляецца саксафон, але дадаткова ён засвойвае не толькі фартэпіяна, што ёсць і ў постсавецкай сістэме навучання, але і трубу, флейту, іншыя інструменты. Але навучанне ў Амерыцы — вельмі дарагое. У тым жа Гарвардзе, у знакамітым Універсітэце, — год навучання каштуе больш за 50 тысяч долараў.

— А ці можна там кампазітару пражыць на ганарары, як у нас на гэта спадзяюцца?

— Не, немагчыма. Ну, можа толькі калі будуць нейкія вельмі дарагія заказы, прычым больш ці менш рэгулярныя. Да прыкладу, у Галівудзе, на Брадвеі — вось, прыблізна, спіс такіх месц мы і вычарпалі. У мяне такіх замоў, шчыра прызнаюся, не было. Але затое там вельмі спраўна дзейнічае аўтарскае права. Амерыканскае таварыства кампазітараў, аўтараў і выдаўцоў мае дамовы ледзь не з усімі краінамі свету, уключаючы Расію і Украіну. З Беларуссю такога дакумента не падпісана. Таму ў мяне атрымалася вось якая сітуацыя: нягледзячы на тое, што мае творы часта выконваюцца на радзіме, грошай я атрымаць не мог. Пакуль жыў на Беларусі, аўтарскія адлічэнні ішлі, як толькі з’ехаў — не. Калі ў 2008-м гасцяваў на “Славянскім базары ў Віцебску”, вырашыў атрымаць ганарары адразу за 18 мінулых гадоў. Але пасля распаду СССР Агенцтва па аўтарскіх правах знікла. Калі хто свае грошы не забраў, дык страціў іх, бо тыя пайшлі ў прыбытак дзяржаве. Давялося наноў складаць усе дакументы, адкрыць рахунак у банку. Але і пасля гэтага амаль нічога не змянілася. Літаральна побач у кіёску набыў тры кампакт-дыскі з маімі песнямі, паказаў іх супрацоўнікам адпаведнай установы, яны папрасілі мяне пакінуць ім вокладкі і чэкі: маўляў, будуць разбірацца. Але калі праз два гады зноў завітаў на фестываль у Віцебск і, адпаведна, вырашыў высветліць, чым тая справа скончылася, мне адказалі, што з дыскамі ўсё яшчэ разбіраюцца. Тым не менш, за ўсё тое, што апошнім часам выконваецца, да прыкладу, у Белдзяржфілармоніі, такімі калектывамі, як Ансамбль салістаў “Класік-Авангард”, Нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя Іосіфа Жыновіча, — за ўсё гэта грошы пералічваюцца. Агульная сума такіх беларускіх адлічэнняў складае за ўвесь час ужо каля 40 долараў… Але часта бывае і так, што хтосьці з выканаўцаў просіць дазволу ўключыць мае творы ў свой альбом — каб яго потым, маўляў, дарыць сябрам і знаёмым. Я, вядома, пагаджаюся, а потым даведваюся, што той дыск прадаецца. І справа ж не толькі ў грошах, але і ў нейкіх этычных момантах, у магчымасці ці немагчымасці падмануць. І тычыцца гэта не толькі мяне! Неяк убачыў у інтэрнэце, што Надзея Мікуліч атрымала прэмію за выкананне сваёй уласнай песні. Праўда, песню тую аб’яўлялі народнай. Я звярнуў на гэта ўвагу Надзеi. Ёй паабяцалі, што памылку выправяць, напішуць у цітрах правільна — і нічога.

Ну, а калі я за мяжой, дык увогуле чамусьці лічыцца, што манна нябесная на мяне так і сыплецца. Але гэта не так! Я калі сюды прыехаў, дык амаль год дываны чысціў. Спрабаваў напісаць штосьці для царквы — песні, духоўны хор, але ніхто нічога не выконваў. Калі з’язджаў з Беларусі, я быў ужо вельмі вядомым. Песні “Больш табе я не пазваню” на словы Генадзя Бураўкiна, “На апошняй вярсце” на словы Сяргея Грахоўскага, “Не знiкай” на словы Яўгена Еўтушэнкi ды iншыя спявалi Iна Афанасьева, Мiкалай Скорыкаў, Якаў Навуменка, Галiна Шышкова, Леанiд Барткевiч, Iгар Качагараў… Песня “Іграў раяль” гучала на Усесаюзным радыё ў выкананні Леаніда Сярэбранікава, была прынята ў фонд. Прадстаўляла яна Беларусь і на фестывалі маладых кампазітараў СССР — ЗША. Некалькі песень выйшлі на дысках Данчыка. Але тут усё давялося пачынаць з пачатку...

— Сёння вашу флейтавую п’есу “Калібры”, наколькі я ведаю, іграюць паўсюль...

— Так, яе выконваюць ужо ў 30-ці краінах свету, уключаючы, да прыкладу, Бразілію. Летась Асацыяцыя флейтыстаў праводзіла майстар-класы, яна гучала і там. Гэту п’есу я напісаў чатыры гады таму. У арыгінале яна — для флейты і струнных. Але зараз яе выконваюць рознымі складамі: і ў суправаджэнні фартэпіяна, і невялiкiмi ансамблямi, і як п’есу для флейты-пікала і флейтавага ансамбля (хора, як у нас часцей гавораць). Так “Калібры” сталася першым маім творам, выкананым у Амерыцы за час майго тут жыцця.

У канцы 2012 года мне патэлефанавалі з Камернага аркестра Санта-Барбары і папрасілі дазволу на выкананне і запіс “Калібры”. Дырыжор — з Японіі (маўляў, ён маю п’есу ў Інтэрнэце знайшоў), салістка — з Лос-Анджэлеса. Спачатку я падумаў, што гэта жарт, нейкі розыгрыш. Але ўсё спраўдзілася. А калі мне далі буклет таго канцэрта, што праходзіў у гарадскім тэатры, я быў уражаны яшчэ больш: Моцарт, Магаліф, Брытэн. Нішто сабе “суседства”! Яшчэ і прамову вымусілі казаць для слухачоў перад канцэртам.

У Маскве праводзіцца Міжнародны дзіцячы конкурс “Мая любімая флейта”. Я дасылаў ім свае творы, і для конкурсу 2012 года “Восень” была вылучана мая п’еса як абавязковая для выканання ўсімі ўдзельнікамі. Уяўляеце? Яе выконвалі каля 50-ці чалавек, яшчэ з трыццаць вядомых музыкантаў былі ў журы — адсюль і папулярнасць.

— У ХІХ стагоддзі кампазітары жылі, у асноўным, за кошт выданняў сваіх твораў. А як цяпер? Бо вашы творы апошнім часам шмат дзе выдаюцца.

— Сёння выданне твораў грошай амаль не прыносіць. Але гэта вельмі прэстыжна. Выдавецтвы спецыялізуюцца на той ці іншай літаратуры, падпісваюць кантракты з аўтарамі. Так, англійскае выдавецтва, якое прафілюецца на музыцы для драўляных духавых, прапанавала мне кантракт на чатыры творы для розных складаў. Яшчэ ў адным вельмі прэзентабельным выдавецтве прапанавалі надрукаваць дзве мае п’есы. У буйным амерыканскім выдавецтве выйшлі тры мае нотныя кніжкі. Летась выйшла з паўтара дзясятка зборнікаў у Англіі. Але сярод самых, бадай, значных для мяне сведчанняў прызнання — выказванне сусветна знакамітага расійскага дырыжора Юрыя Цемірканава, што мая музыка прафесійная, яркая, напісаная з вялікім пачуццём гумару. Ён нават параўнаў мяне з адным расійскім аўтарам: маўляў, мае творы больш яркія.

— У Інтэрнэце з’явіліся фрагменты з вашага мюзікла “Дзікае паляванне караля Стаха” паводле Уладзіміра Караткевіча. Ён дзесьці пастаўлены?

— Не, яшчэ нават недапісаны. Беларускi дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр прапанаваў мне гэты праект, але штосьці ў iх не склалася. Таму тую ж Арыю Надзеі я цяпер “прэзентую” як арыю з незавершанага мюзікла. Адначасова я зрабіў яе пералажэнні для флейты з фартэпіяна, арганам, аркестрам — на ўсе густы. Перакладзена арыя і на англійскую і іспанскую мовы.

— Затое ў Белдзяржфiлармонii нядаўна выконвалася ваша кантата “Бармалей” паводле Карнея Чукоўскага. Здаецца, вы пачыналі яе пісаць яшчэ ў час вучобы ў кансерваторыі па класе Анатоля Багатырова?

— Так, але я ў свой час нават тыя ноты згубіў. І раптам даведаўся, што хор Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі спявае гэты твор і дагэтуль. Між іншым, калісьці менавіта Ала Мазурава, кіраўнік гэтага калектыву, папрасіла мяне завяршыць гэту кантату, і яе спявалі не толькі ў Беларусі (акрамя Мінска, у Віцебску, у Гродне), але і ў Вільнюсе, Рызе дый па ўсім былым Саюзе. А зараз я зрабіў другую рэдакцыю, дадаў некалькі эпізодаў.

Мая жонка Таццяна казала мне: “Пішы акадэмічную музыку, а не песні”. Аказалася, мела рацыю!..

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"