Музей гісторыі вайны: першыя работы для інтэр'ера

№ 24 (1150) 14.06.2014 - 20.06.2014 г

Сярод аздобы новага будынка Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны будуць і спецыяльна створаныя для гэтых сцен жывапісныя палотны. У прыватнасці, карціны мусяць упрыгожыць памяшканні побач з залай Перамогі.

/i/content/pi/cult/483/10333/2-22.jpg

У.Тоўсцік. Трыпціх "Салют Перамогі".

/i/content/pi/cult/483/10333/2-24.jpg

У.Ганчарук. "Вясна Перамогі".

Работы былі замоўлены вядомым жывапісцам Уладзіміру Тоўсціку і Уладзіміру Ганчаруку. Днямі наш карэспандэнт меў магчымасць пабачыць завершаныя творы.

Трыпціх народнага мастака Беларусі Уладзіміра Тоўсціка мае назву “Салют Перамогі”. Трохчасткавая форма была абрана невыпадкова: яна адпавядае характару архітэктуры. Гэты твор — эмацыянальны аповед пра сённяшні дзень і памяць пра дзень мінулы. На цэнтральным палатне — маладая маці з дзіцем на фоне святочнага салюта. Сярод іншых герояў трыпціха — маладыя людзі і ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Твор сімвалізуе пераемнасць гераічных традыцый і неадольную сілу жыцця.

Карціна Уладзіміра Ганчарука прысвечана 1945 году. Назва — “Вясна Перамогі”. Сюжэт — вяртанне пераможцаў дадому. Гістарычная канкрэтыка спалучаецца ў ім з сімвалічнымі вобразамі. Вясна ў дадзеным выпадку — вобраз метафарычны. Гэта і вясна года Перамогі, і знак вечнага абнаўлення нашай зямлі.

Карціны выкананы паводле спецыяльнай тэхналогіі жывапісу па ляўкасе. І хоць выглядаюць яны як станковыя творы, насамрэч з’яўляюцца манументальным жывапісам. Пабачыць іх у інтэр’ерах музея гледачы змогуць 3 ліпеня.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"