Адкрыў імпрэзу міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Русакевіч, адзначыўшы, што ў культурным жыцці нашай краіны адбылася значная падзея. У.Русакевіч і М.Чаргінец запрашаюць на выстаўку.
“Прыемна, — сказаў В.Русакевіч, — што выстаўка сабрала вядомых паэтаў і пісьменнікаў, лепшых выдаўцоў, паліграфістаў і дзяржаўных дзеячаў, прадстаўнікоў дыпламатычнага корпуса, журналістаў”. Ад імя Урада Беларусі ён павітаў творчую дэлегацыю дзяржавы Ізраіль — Ганаровага госця, дэлегацыі пастаянных сяброў і партнёраў — Масквы і Украіны”. Мінская выстаўка, зазначыў В.Русакевіч, займае адно з вядучых месцаў у шэрагу буйнейшых міжнародных кніжных выставак, што праводзяцца ў Франкфурце, Маскве, Кіеве, Бялградзе, Варшаве, Вільнюсе. У сёлетняй выстаўцы прадстаўлена болей за 600 экспанентаў з 20-ці краін свету. Наведвальнікі пабываюць на прэзентацыях, творчых конкурсах, сустрэчах, семінарах. “Мы разлічваем на тое, — падкрэсліў міністр інфармацыі, — што карысць ад выстаўкі атрымае кожны з яе ўдзельнікаў, а культура Беларусі ад стасункаў з вядучымі выдавецтвамі свету ўзнімецца на яшчэ больш высокі ўзровень”.
Пасол дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь Зэеў Бен-Ар’е ў сваім выступленні адзначыў, што на выстаўцы прадстаўлена больш за 1000 кніг на іўрыце, на рускай, беларускай мовах розных выдавецтваў: ізраільскіх і яўрэйскіх, якія працуюць у Беларусі і Расіі. Гэта выданні па філасофіі, гісторыі, дзіцячыя, прысвечаныя кулінарыі, і іншыя. На ізраільскім стэндзе прэзентуюцца унікальныя ізраільска-беларускія і беларуска-ізраільскія літаратурныя праекты.
Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, сенатар Мікалай Чаргінец адзначыў, што сёлетняя кніжная выстаўка — шырокамаштабнае мерапрыемства, і прыемна, што яно праходзіць у Мінску. “Апошнім часам у свеце, — заўважыў М.Чаргінец, — чуюцца галасы, што хутка кніга як рэч, якая трымаецца ў руцэ, знікне, што з’явяцца камп’ютэрныя творы. Але ніхто яшчэ не прыдумаў больш дасканалай машыны, чым чалавек і яго мозг. Саюз пісьменнікаў Беларусі здолеў стварыць за апошні час бібліятэку СПБ, выдаўшы кнігі нашых класікаў і сучаснікаў. На стэндзе СПБ прадстаўлены кнігі Янкі Купалы і Якуба Коласа, Максіма Танка, Івана Чыгрынава, Васіля Быкава, Івана Шамякіна, Петруся Броўкі. Выйшаў першы твор на іўрыце беларускага аўтара і гэты твор належыць нашаму выбітному пісьменніку Васілю Быкаву. Мы вітаем гэта і дзякуем ізраільцянам, перакладчыку Зэеву Бену Ар’е за такое выданне”.