Замест электраэнергіі — культура

№ 17 (1143) 26.04.2014 - 02.05.2014 г

Прыстасаванне будынкаў прамысловай архітэктуры пад аб’екты культуры апошнім часам стала надзвычай папулярнай з’явай у многіх краінах свету.

/i/content/pi/cult/481/10325/13-5.png

Брысбенскі комплекс "Новая ферма".

У будынку колішняй Брысбенскай электрастанцыі размясціўся комплекс “Новая Ферма”. Сама электрастанцыя спыніла сваю працу ў 1971 годзе. Пасля гэтага яе будынак выкарыстоўваўся ў якасці дэпо, хімічнай крамы, будынка мясцовага ўрада і нават аўстралійскіх сіл абароны для ваенных вучэнняў. Таксама ў гэтым будынку жылі беспрытульныя дзеці, якія пакінулі на яго сценах надпісы, што прыцягнула сюды шмат фатографаў і кінематаграфістаў. Сёння ў будынку размяшчаецца некалькі тэатраў, рэстаранаў, бараў, тэрас на даху ды мастацкіх экспазіцый.

У сваю чаргу, лонданская галерэя “Тэйт Мадэрн” у 2000 годзе першай у свеце адкрыла выставачную прастору, прысвечаную “жывому” мастацтву, перформансам і кіно. Музей знаходзіцца ў памяшканні былой электрастанцыі на паўднёвым беразе Тэмзы. У снежні 2012-га было абве-
шчана аб тым, што Галерэя Тэйт Мадэрн запускае арт-праграму коштам у пяць мільёнаў фунтаў. Праграма “Нацыянальная маладзёжная сетка візуальных мастацтваў”, якая стартавала летась, разлічана на чатыры гады. За гэты час арганізатары мяркуюць далучыць да свету сучаснага мастацтва да 80 тысяч прадстаўнікоў моладзі.

Адна з самых цікавых экспазіцыйных пляцовак у “Тэйт Мадэрн” — турбінная зала. Да рэканструкцыі там размяшчаліся электрычныя генератары старой электрастанцыі. Гэта прастора плошчай у 3 400 кв. м і вышынёй у пяць ярусаў будынка. Сёння турбінная зала выкарыстоўваецца для дэманстрацыі маштабных эксклюзіўных праектаў сучасных мастакоў.

Цікава, што пазалетась у “Тэйт Мадэрн” быў створаны Пастаянны закупачны камітэт Усходняй Еўропы. Планавалася, што кожны год будзе выдаткоўвацца каля 400 тысяч долараў на набыццё твораў авангарда краін рэгіёна, у тым ліку Беларусі.

Яшчэ адзін добры прыклад. У 2008-м на закінутай доўгі час дызельнай электрастанцыі ў нямецкім Котбусе адкрыўся Музей сучаснага мастацтва. У музеі стала ўжо традыцыяй правядзенне летняй мастацкай майстэрні для ўсіх ахвотных. Таксама чатыры разы на год установа праводзіць “Сямейную нядзелю”. У гэты дзень дзецям прапаноўваецца разнастайная праграма, якая ўключае лялечнае прадстаўленне, канцэрты. Бацькі ж маюць магчымасць паблукаць па музеі ды азнаёміцца з новымі праектамі. Да таго ж, у музеі працуе творчая майстэрня для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"