Калі спадніца і грачанік — брэнды…

№ 17 (1143) 26.04.2014 - 02.05.2014 г

Андрэй ГАРБАЦЭВІЧ, Маларыцкі райвыканкам:
Аптымізацыя ўстаноў культуры ў Маларыцкім раёне адбылася яшчэ некалькі гадоў таму, да яе афіцыйнага ўсеагульнага абвяшчэння. Проста, рэгіён — вельмі маленькі, і дэмаграфічная сітуацыя тут не лепш, чым дзе яшчэ. Але ва ўсім трэба адшукваць станоўчае: у сферы мясцовай культуры засталіся толькі аднадумцы…

/i/content/pi/cult/481/10324/12-12.jpg— Заўсёды спадзяёмся толькі на мясцовы бюджэт. Да прыкладу, менавіта за гэтыя грошы робім сур’ёзныя рамонты нашых клубных устаноў. Раз у год пасля капітальнага аднаўлення ўводзім у эксплуатацыю адзін СДК. Сёлета адрамантавалі Арэхаўскі сельскі дом культуры. Вядзём работы на аналагічным аб’екце ў вёсцы Чарняны. Здадзім яго ў наступным годзе. Паступова, але рушым наперад. Паралельна, з другога квартала распачынаем складанне праектна-каштарыснай дакументацыі па клубе сяла Макраны. У 2015-м прыступім тут да будаўніча-мантажных работ. Так што ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ідзе несупынна. А гарадская база ў нас — цудоўная, бо ў 2010 годзе Маларыта прымала абласныя дажынкі. Фінансаванне тады было грунтоўнае: давялі да належнага ладу школу мастацтваў, бібліятэку, Гарадскі дом культуры і Цэнтр народнай творчасці. Цяпер займаемся ўшчыльную сялом…

За два апошнія гады з 31 клубнай установы дзясятак давялося закрыць. Натуральна, яны працавалі няпоўны рабочы дзень і не надта былі запатрабаваны. А тыя клубы, што засталіся, знаходзяцца ў “жывых” паселішчах. У бліжэйшых планах нічога закрываць не будзем — наша ўвага скіравана цяпер на паляпшэнне якасці клубных мерапрыемстваў. Вобласць нашу стратэгію падтрымлівае.

Да кадраў у мяне прэтэнзій няма: людзі працуюць не за самы вялікі заробак, а за сумленне. Пра нашы бібліятэчныя дасягненні пастаянна піша “К”. Шырока вядомым стала і наша ткацтва. Вы ведаеце, што маларыцкія строі — адны з найпрыгожых ды самабытных на Беларусі? Вывучэннем і адраджэннем іх займаліся планамерна ды грунтоўна. Узноўлена і рэдкая, ужо напаўзабытая, тэхніка ткацтва маларыцкай спадніцы. Наша майстрыха Сцепаніда Сцепанюк, якой пад восемдзесят, непасрэдна спрычынілася да гэтай важнай справы. Сёння яе дачка Валянціна вядзе дзіцячы ткацкі гурток пры СДК вёскі Дарапеевічы. Ёсць школа ткацтва і фальклору ў Раённым цэнтры творчасці. Пагадзіцеся, мэты сваёй мы дамагліся: цяпер маем ужо трох дарослых і ці не з дзясятак дзяцей — носьбітаў нашай ткацкай традыцыі. Знікнуць ёй ужо не дадзім. А Сцепаніда Аляксееўна на леташнім “Славянскім базары ў Віцебску”, у “Горадзе майстроў”, узяла па ткацтве Гран-пры.

Вялікая работа сёння вядзецца і па захаванні нашага славутага грачаніка — гэта хлеб з грачанай мукі, яшчэ адзін брэнд Маларытчыны. Прычым, у кожнай вёсцы — свой нюанс рэцэптуры. Да навуковага вывучэння выпечкі грачаніка падключылі і Цэнтр творчасці, і ўсе клубы раёна. Хіба ж такімі традыцыямі раскідваюцца?! Абавязкова захаваем для нашчадкаў і “грачаную” тэхналогію. Я, да прыкладу, цвёрда перакананы, што менавіта з такіх, на першы погляд, дробных, творчых спраў і фарміруецца вялізны ўсебеларускі пласт нацыянальнай культуры, які застаецца непахіснай асновай суверэнітэту. Такім чынам, і наш грачанік фарміруе нацыю. Інакш кажучы, вялікую дзяржаўную справу робім...

Калі б у мяне спыталі, ці ёсць у мяне праблемы, ад якіх пастаянна галава баліць, я адказаў бы: няма. Пытанняў, што неабходна неадкладна вырашаць, хапае, а праблем — няма. Напэўна, я шчаслівы начальнік...

Скажу яшчэ толькі пра адно: колькасць і якасць праблем можна значна скараціць за кошт дзейснага ўзаемадзеяння ці не з усімі райвыканкамаўскімі структурамі. Калі сфера раённай культуры на чале з яе начальнікам мае аўтарытэт, тады ў іншых аддзелах ставяцца да творчых клопатаў з вялікім разуменнем і заўжды ідуць насустрач. Вось і з фінансавымі органамі ў нас — гэткае ж паразуменне. Урэшце, задачы нам ставяцца аднолькавыя, дзяржаўныя. Тут не да палак у колах...

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"