Цяпер ужо не толькі бібліятэкі...

№ 17 (1143) 26.04.2014 - 02.05.2014 г

“Электронная культура”: воблачныя тэхналогіі ў сельскай установе… рэальныя?
Электронны дзённік і тэлевізар “Гарызонт”, што працуе па аперацыйнай сістэме Android 4.2, мабільная бібліятэка ды нават онлайн-кінатэатр... Усё гэта і многае іншае можна было пабачыць у сталічным Футбольным манежы, дзе з 22 па 26 красавіка ладзіцца XXI Міжнародны спецыялізаваны форум па тэлекамунікацыях і інфармацыйных тэхналогіях “TIBO-2014”. У яго рамках адбыўся ўжо традыцыйны навукова-практычны семінар “Электронная культура”.

Як адзначыў на пачатку мерапрыемства начальнік упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Вадзім Шчэрбіч, калі “Электронная культура” ладзілася ўпершыню, удзел у пасяджэннях бралі толькі бібліятэкары. А сёлета ў прэс-цэнтры “ТІБО-2014” сабраліся і кіраўнікі ўстаноў культуры, музейшчыкі, распрацоўшчыкі ды пастаўшчыкі праграмнага забеспячэння, а таксама прадстаўнікі камерцыйных устаноў, якія паспяхова працуюць на ніве дзяржаўна-прыватнага супрацоўніцтва ў сферы культуры.

Адзін з такіх праектаў — навідавоку. Маю на ўвазе выстаўку “Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі”. Спецыялісты банкаўскай установы — ініцыятара праекта — прадставілі на семінары распрацаваны і ўжо дзеючы інтэрнэт-рэсурс ArtBelarus.by, на якім можна ўбачыць выявы амаль 500 унікальных артэфактаў беларускага мастацтва... На пытанне пра тое, навошта фінансісты ды банкіры ўкладаюць вялізныя грошы ў папулярызацыю культуры краіны, вядучы спецыяліст установы Алесь Сухадолаў адказаў адразу ж і без ваганняў: “Палітыка нашага банка заключаецца ў тым, каб садзейнічаць фарміраванню ў Беларусі сярэдняга класа. Прычым як у эканамічным, так і ў культурным аспектах”. Што ж, досвед супрацоўніцтва банкіраў ды работнікаў культуры няблага было б пераняць і ў абласных цэнтрах ды, магчыма, на раённым узроўні. Праўда, спачатку варта паклапаціцца пра спонсара ці мецэната. Але ж, пагадзіцеся, выстаўка “Дзесяць стагоддзяў мастацтва Віцебшчыны” таксама “прагучала” б няблага, прычым не толькі на рэспубліканскім, але і на міжнародным узроўні...

Яшчэ адзін прыклад паспяховага супрацоўніцтва работнікаў сферы ды бізнесу — мабільная бібліятэка аднаго з беларускіх аператараў сотавай сувязі. Прадстаўнік кампаніі распавёў на семінары пра новы фармат праекта “Мабільная бібліятэка”, які трансфармаваўся ў партал з сотнямі твораў, даступных для запампоўкі на звычайны мабільнік. Зараз на спецыяльнай старонцы размешчана пад тысячу кніжак у лічбавым фармаце з беларускай, рускай і замежнай літаратуры. І, як запэўнілі спецыялісты, каталог “Мабільнай бібліятэкі” будзе пастаянна папаўняцца. А яшчэ на “ТІБО-2014” кампанія прадставіла новы кінапраект. Гэта, фактычна, онлайн-кінатэатр з легальным відэакантэнтам: фільмамі, серыяламі, тэлевізійнымі перадачамі…

Пералічваць выступленні і тэмы дакладаў семінара, мабыць, не мае сэнсу. Адзначу толькі самае галоўнае. Па меркаванні дакладчыкаў, электронная культура сёння — гэта не толькі мабільныя аўдыягіды на некалькіх мовах альбо сайты ўстаноў культуры, але і самыя найноўшыя, так званыя воблачныя, тэхналогіі. Маюцца на ўвазе паслугі, даступныя спажыўцам праз Сусветнае павуцінне: QR-коды ў музеях ды карцінных галерэях краіны, онлайн-навігацыя ў экспазіцыйных залах устаноў культуры з дапамогай відэакамеры на мабільніку наведвальніка, набыццё білетаў на выстаўку ці канцэрт праз Сеціва ды многае іншае... А яшчэ можна ладзіць онлайн-канферэнцыі, онлайн-пасяджэнні, онлайн-відэабрыфінгі...

Не магу пры гэтым не адзначыць, што “К” пачала выкарыстоўваць форму онлайн-канферэнцый яшчэ колькі гадоў таму. Ды і пытанні гасцям рэдакцыі часцяком задаваліся не толькі праз традыцыйныя тэлефанаванні ці лісты на электронную пошту, але і з дапамогай сацыяльных сетак ды Скайпа... Досвед, зноў-такі, варты пераймання. Прыкладам, хто забараняе загадчыкам бібліятэчнай ці клубнай сістэм праводзіць пасяджэнні ў фармаце онлайн-канферэнцыі? Або ладзіць “мазгавыя штурмы” з дапамогай вебінараў ці сацыяльных сетак? Эканомія часу, як і эканомія грошай на камандзіроўкі ў раённыя ды абласныя цэнтры, — несумненная. Праўда, пакуль развіццё ды ўкараненне ў жыццё падобных практык на рэгіянальным узроўні ўпіраецца ў недасканаласць камп’ютарнай базы многіх устаноў культуры, малую хуткасць інтэрнэт-сувязі... Але гэтыя пытанні — вырашальныя. У тым ліку і дзякуючы рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі”, паводле якой прадугледжана абнаўленне і набыццё камп’ютарнага абсталявання для ўстаноў культуры. Пра гэта, дарэчы, таксама згадваў у выступленні той жа Вадзім Шчэрбіч.

І апошняе. Мяне цікавіў не толькі досвед сталічных музейшчыкаў ды бібліятэкараў, але і тое, што сёння робіцца ў справе развіцця найноўшых тэхналогій на раённым узроўні. Летась рэгіёны ў бібліятэчным блоку дакладчыкаў прадстаўляў толькі вучоны сакратар Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі Юрый Максіменка. Сёлета вядучы метадыст Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя І.Каладзеева Алена Капыток распавяла пра досвед стварэння віртуальных бібліятэк свайго раёна і сайт http://www.borlib.by. Я, шчыра кажучы, быў здзіўлены ды ўзрадаваны тымі фактамі, што старонкі як гарадскіх, так і сельскіх бібліятэк Барысаўшчыны прадстаўлены сёння не толькі ў традыцыйным фармаце сайтаў, але і актыўна пазіцыянуюць сябе ды, як модна зараз казаць, “прасоўваюць” праз сацыяльныя сеткі. Да таго ж, бібліятэкары актыўна выкарыстоўваюць пры гэтым таксама разнастайныя блогі, у першую чаргу, натуральна, форму твітаў.

Дарэчы, у Інтэрнэце актыўна прысутнічае не толькі Цэнтральная бібліятэка Барысава, але і Дзіцячая ды шэраг вясковых. Прыкладам, свой блог, і (як я ўпэўніўся, самастойна адшукаўшы яго ў Інтэрнэце) даволі цікавы, мае сельская бібліятэчная ўстанова вёскі Вялікая Ухалода па адрасе http://biblioyxoloda.blogspot.com. “Біяграфія” вёскі, знакамітыя землякі, дасягненні і паслугі бібліятэкі, творы чытачоў — чаго тут толькі няма… Што да сайта www.borlib.by, дык на ім таксама ёсць шмат чаго цікавага. Да прыкладу, трапіўшы сюды, можна зазірнуць у віртуальны Музей Івана Каладзеева, чыё імя носіць бібліятэка, а таксама адкрыць для сябе турыстычныя маршруты Барысаўшчыны, Міншчыны, Беларусі ў “Бібліяглобусе”...

Думаецца, гэта таксама досвед, варты ўвагі рэгіёнаў. Ні для каго не сакрэт, што пісьменніцкіх інтэрактыўных сайтаў на ўзроўні райбібліятэк сёння бракуе, як і расповеду пра дзейнасць тых жа дзіцячых і сельскіх бібліятэчных устаноў, пра турыстычныя цікавосткі свайго ды суседніх раёнаў... Словам, працы ў гэтым напрамку хапае для бібліятэкараў і вёсак, і гарадоў Беларусі... Але ж, як кажуць, не ўсё адразу. Бо, як паказаў семінар, тэхналогіі ў сферы культуры ўкараняюцца ўсё больш мэтанакіравана ды паслядоўна. І, мабыць, не памылюся, калі скажу, што гэта толькі пачатак…

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"