Сянны карагод

№ 17 (1143) 26.04.2014 - 02.05.2014 г

Вёска Старое Сяло, што ў Веткаўскім раёне Гомельскай вобласці, размясцілася ля Сожа. Ёсць тут Дом культуры, ФАП, сярэдняя школа, дзіцячы садок і нават конезавод. Што вызначае жыхароў гэтай вёскі? Адданасць сваім старажытным традыцыям, сярод якіх — абрад “Карагод сена”.

/i/content/pi/cult/481/10322/11-1.jpg

/i/content/pi/cult/481/10322/11-3.jpg

Aбрад “Карагод сена”.

Традыцыя правядзення “Карагоду сена” захавала пераемнасць на узроўні сям’і: ад бабуль і матуль — і надалей застанецца сацыяльна-культурна запатрабаванай. Абрад захаваў аграрна-магічную функцыю, якая звязана з надзеямі на добры ўраджай, на дабрабыт сялян.

“Карагод сена” праходзіць на другі дзень Вялікадня. Жыхары вёскі, сярод якіх — і ўдзельнікі народнага фальклорнага ансамбля “Рэчанька” Старасельскага СДК, збіраюцца на поўдзень ад Дома культуры. Грае гармонік, людзі ў добрым настроі, весяляцца. Паступова яны ўтвараюць карагод, які дзеліцца на дзве групы і разыходзіцца па баках. Адна група ідзе на “Вялікдзень”, другая — на “Канаплёўку”. На плячах — косы, граблі, вілы.

Існуе сярод сялян такое меркаванне: чыя група будзе большая, у таго сена будзе лепшым. З песнямі жанчыны праходзяць вёску. Святочнае шэсце вяртаецца з абрадавымі песнямі да Дома культуры. Разам з удзельнікамі — школьнікі 9-10 класаў.

Пасля таго, як шэсце пройдзе па вёсцы, ставяць вядро з зямлёй і “росцяць хрэн”, водзяць карагод і спяваюць. Далей удзельнікі карагоду просяць кума даць хрэну. Ён адказвае: “Не, ня дам: яшчэ не вырос”. Так жыхары Старога Сяла пяюць тры разы, пакуль хрэн не “вырасце”. Потым, напрыканцы гульні зноў звяртаюцца:

— Кум, дай хрену.

— Бярыця хрен, ён ужо вырас бальшы.

— Раз ён вырас, то к хрэну павінна быць і мяса.

— Будзе мяса, будзе і сала, будзе і хрэн.

Пасля таго пачынаюць спяваць песні, прыпеўкі. Свята “Карагод сена” заканчваецца трапезай.

Людміла МЕЛЬНІКАВА, вядучы метадыст па народных традыцыях і абрадах Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці