Па бінарных тэхналогіях

№ 17 (1143) 26.04.2014 - 02.05.2014 г

Аддзел бібліятэчнага маркетынгу раённай бібліятэкі сёння — цэнтр краязнаўчай работы на Маларытчыне. Праца з мясцовым матэрыялам носіць не эпізадычны характар, а вядзецца пастаянна і планамерна цягам многіх гадоў.

/i/content/pi/cult/481/10321/10-3.jpg

Загадчык аддзела Галіна Кучына кажа: работнікі бібліятэк даўно звярнулі ўвагу на тое, што людзі сталі больш цікавіцца гісторыяй роднага краю. Узнікла неабходнасць сабраць усё, датычнае дадзенай тэмы. Сёння гэтым у раённай бібліятэцы займаюцца Святлана Макарук і Юлія Казлоўская. Кіруе работай Надзея Курдзюк, дырэктар ЦБС.

Краязнаўства было і застаецца адной з асноў усёй бібліятэчнай дзейнасці. Зараз яно перажывае працэс пошуку новых форм. Галоўным кірункам гэтай дзейнасці стала комплексная мэтавая праграма “Памяць Маларытчыны”. Збіраюцца і сістэматызуюцца экспанаты матэрыяльнай культуры, эталоны мясцовай флоры і фаўны, карысных выкапняў, вырабы прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці. Асобнае месца займаюць лінгвістычныя матэрыялы (запісы мясцовых гаворак і дыялектаў), вусная народная творчасць (легенды, паданні, прыказкі, прыпеўкі…).

Бібліятэкарам дапамагаюць настаўнікі гісторыі, беларускай мовы і літаратуры, геаграфіі, мясцовыя краязнаўцы.

Многае ўжо зроблена. Напрыклад, у 2009 годзе была выдадзена праца настаўніцы геаграфіі раённай гімназіі Таццяны Мартынюк “Мікратапаніміка Маларыцкага раёна”. Сумесна з ёю быў падрыхтаваны і зборнік “Ёсць вуліцы цэнтральныя...”. У 2006-м пабачыў свет зборнік “Маларытчына: назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў”. У тым жа годзе была выдадзена і кніга “Маларытчына праваслаўная”…

Пазалетась супрацоўнікі аддзела маркетынгу распрацавалі праект “Крочым родным краем — старонкі гісторыі збіраем”. У ім знайшлі адлюстраванне раздзелы “Маларыцкі край: гісторыя і лёс”, “Віртуальная Маларытчына”, “Подзвіг бацькоў — у спадчыну сынам”, “Духоўная повязь часоў”, “Фальклорная скарбонка Маларытчыны”, “Вывучэнне жыцця славутых землякоў”.

Райбібліятэка прапануе цыкл бінарных тэхналогій (сумяшчэнне кніжнага і электроннага матэрыялу) па гісторыі вёсак. Гэта дазваляе кампактна перадаваць інфармацыю, паскарае працэс яе ўспрымання і захавання. Новае пакаленне чытачоў выхавана на ўспрыманні “мабільнасці” навакольнага асяроддзя па прынцыпе “чытаю, бачу, чую”, таму бібліятэкі трансфармуюць падачу інфармацыі ў трохвымернай прасторы.

Фонд медыярэсурсаў бібліятэк — недастатковы, а мультымедыйныя праекты дапамагаюць вырашыць гэтую праблему.

Мікалай НАВУМЧЫК

Маларыта

На здымку: бібліятэкары Галіна Кучына, Святлана Макарук і Наталля Халізева.

Фота аўтара