Аўтапрабег: фініш — вынікі

№ 17 (1143) 26.04.2014 - 02.05.2014 г

Рэзюмэ да першых пяці аўтапрабегаў "К"
Аўтапраекту “К” неўзабаве споўніцца год. За гэты час наш экіпаж правёў пяць аўтатураў, багатых на фактуру і ўражанні, пабываў ва ўсіх абласцях краіны, завітаў у некалькі дзясяткаў раёнаў, “наматаў” тысячы кіламетраў... Пачынаючы праект, мы не прэтэндавалі на глабальнае сацыякультурнае даследаванне. Мы хацелі ўбачыць цікавыя мясцовыя ініцыятывы, пазнаёміцца з установамі культуры ды іх супрацоўнікамі. А вось энцыклапедыя інавацый у сферы сельскай культуры ў нас, як падаецца, атрымалася. У гэтай публікацыі мы згадваем толькі пяць са станоўчых уражанняў ад убачанага цягам года: на наш погляд, яны — найлепшыя прыклады нестандартнага творчага праектавання і брэндынгу ўласных устаноў культуры. А вось кепскіх уражанняў было ўсяго пяць.

/i/content/pi/cult/481/10320/10-1.jpg

Карта падарожжаў журналістаў "К" цягам першых пяці аўтатураў.

Выснова адназначная: работнікі сельскай культуры працуюць цікава і вынікова. Так, замінаюць недастатковае фінансаванне і кадравы дэфіцыт. Але названыя акалічнасці не сталі вызначальнымі ў справе далейшага развіцця рэгіянальнай культуры. Мы цвёрда ўпэўнены: не сталі і не стануць. У гэтым — асноўная, як падаецца, тэндэнцыя ўбачанага ды пачутага цягам нашай амаль гадавой вандроўкі. Аддзелы ж ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі становяцца ўсё больш самадастатковымі. І гэта не можа не радаваць.

Прыемна адзначыць, што ў большасці выпадкаў знаёмства пакідала пазітыўныя ўражанні. Нягледзячы на нашы часам колкія заўвагі і парады (заўсёды хочацца бачыць ідэальную карціну), мы разумеем, наколькі сёння няпроста жывецца сельскай культуры. І ў чарговы раз пераканаліся, што поспех на сяле ды ў горадзе той або іншай установы залежыць не столькі ад фінансавання, колькі ад чалавека, які ва ўстанове працуе. А таму, падсумоўваючы ўбачанае пад час пяці аўтатураў ды намацваючы глебу для наступных падарожжаў, вырашылі адзначыць найбольш яркія пазітыўныя і негатыўныя моманты з нашых вандровак.

Топ-5 са знакам "плюс"

Наш спіс атрымаўся даволі суб’ектыўны, і, спадзяёмся, ён не дазволіць надта заганарыцца адным і асабліва пакрыўдзіцца іншым. Каб не ранжыраваць установы культуры ў лічбавым парадку, вырашылі прапанаваць некалькі намінацый.

Унікальнасць канцэпцыі і рэалізацыі праекта

Хочаце зрабіць выдатны музей? Тады вам у Ашмяны! Убачанае ў мясцовым краязнаўчым музеі не пакіне абыякавым: такім канцэптуальна-экспазіцыйным абліччам, перакананы, сёння мала дзе ў раённых музеях пахваляцца. Пры гэтым новыя экспазіцыі пабудаваны на аснове тэматыка-экспазіцыйных планаў, створаных навуковымі супрацоўнікамі музея. І толькі само размяшчэнне аб’ектаў стала клопатам мастакоў. Уражвае і Турысцка-інфармацыйны цэнтр, што з’явіўся на базе музея на сродкі гранта. Кожная вітрына аформлена адпаведна пэўнай гістарычнай тэме. Можна знайсці інфармацыю пра Ашмяны, Баруны, Жупраны, славутую Гіпіку, прыняць удзел у віртуальным туры па Ашмянскім узвышшы. Ёсць магчымасць выбраць любы аб’ект і паблукаць па яго сутарэннях, убачыць трохвымерныя выявы помнікаў архітэктуры, маляўнічыя панарамы, даведацца пра разнастайныя турыстычныя маршруты.

Ініцыятыва, вартая пераймання

Чым павінен займаецца дырэктар дзіцячай школы мастацтваў на вёсцы? Выключна вучэбнай работай? Вядома ж, не. Нам пашчасціла трапіць у ДШМ вёскі Дудзічы Калінкавіцкага раёна, дзе дырэктар установы Лідзія Есьман стварыла шыкоўны музей музычнай апаратуры савецкага часу. Практычна ўсе экспанаты (а гэта радыёпрыёмнікі, радыёлы, бабінныя і партатыўныя касетныя магнітафоны, грамафоны) — з уласнай калекцыі Лідзіі Міхайлаўны. Адметна, што большасць з прадстаўленых экспанатаў — “жывыя”.

Запатрабаванасць мясцовай супольнасцю

Перамогу ў гэтай умоўнай намінацыі можна смела аддаць СДК аграгарадка “Жарабковічы”, што ў Ляхавіцкім раёне. Завіталі сюды пад вечар у звычайны будзень і былі ўражаны масавасцю. Немалое для сельскай установы фае было запоўнена моладдзю, што гуляла ў настольны тэніс ці ў чаканні дыскатэкі рэпеціравала канцэртную праграму. Было людна ў час нашага візіту і ў бібліятэцы, якая знаходзіцца ў Жарабковічах пад адным дахам з клубам. Аддадзім належнае кіраўніку СДК Яніне Кузняцовай, якая, як мы ўжо адзначалі ў матэрыяле, мае аўтарытэт сярод мясцовай грамады. Невыпадкова ўстанове дапамагае і сельсавет — з набыццём канцэртных строяў — і спонсары, якія актыўна падтрымліваюць клубныя мерапрыемствы. З лёгкасцю Яніна Кузняцова знаходзіць агульную мову і з моладдзю. А чаму б і не? Мясцовыя падлеткі сістэмна займаюцца краязнаўствам і мясцовым фальклорам. Дый з тэхнікай у клубе праблем няма: маецца новы ноўтбук, прэтэнзій не выклікае і гукаўзмацняльная апаратура...

Крэатыў у бібліятэчнай дзейнасці

Вёску Кальчуны, што ў Ашмянскім раёне, варта наведаць хаця б з-за бібліятэкі, а дакладней — яе кіраўніка Алены Шкелда, якая стварыла ў сваёй установе сацыяльна-інфармацыйны цэнтр, што абслугоўвае 700 чалавек з 20 населеных пунктаў, далучыўшы да гэтай справы валанцёраў на веласіпедах — мясцовых падлеткаў. У бібліятэцы маецца і сваё Дрэва добрых спраў, на лістоце якога пазначаны імёны валанцёраў, што вызначыліся ў сацыяльнай дзейнасці.

Ёсць тут і скрынка для чытацкіх пытанняў, якая ніколі не пустуе. Дзейнічаюць пры ўстанове зімовая штодзённая бясплатная школа здароўя, дзе фітнесам займаюцца ці не ўсе мясцовыя пенсіянеры, а таксама — праект культуры кіравання сельскімі тэрыторыямі.

Папулярызацыя традыцыйнай культуры

Колькі чалавек патрэбна, каб стварыць унікальны музей? Як мы пераканаліся ў Раённым цэнтры рамёстваў у вёсцы Русіно Баранавіцкага раёна, дастаткова і аднаго.

Музей, які з цягам часу ператварыўся ў РЦР, узнік у выніку шчыравання руплівага краязнаўцы Міхася Берната. На яго тэрыторыі, акрамя цікавай экспазіцыі, — аб’екты народнага побыту: аўтэнтычны млын, паветка з атрыбутамі сялянскага жыцця, кузня... Ад звычайнага музея ўстанову адрознівае тое, што акрамя навуковых супрацоўнікаў тут галоўныя ролі адыгрываюць народныя майстры, якія не толькі займаюцца сувенірнай вытворчасцю, але і вучаць свайму рамяству людзей. А вось каб захаваць музей, патрабуецца не толькі цэлая каманда, але і падтрымка “зверху”, якой так не стае РЦР у Русіно...

Топ-5 са знакам "мінус"

Не абышлося, натуральна, і без уражанняў негатыўнага характару. І тут у нас таксама ўтварыўся гэткі ТОП-5 з самымі рознымі намінацыямі недаглядаў, недапрацовак і хібаў. І пра кожную мы распавядаем не па ступені важнасці, якую часам проста цяжка вызначыць, а па храналогіі нашых публікацый з леташняга чэрвеня па сёлетні красавік. Дадзеныя “разнажанравыя” недапрацоўкі нам падаюцца досыць сур’ёзнымі. Таму кожны факт стане падставай для накіравання нашых публікацый на рэагаванне ва ўпраўленні ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі абласных выканкамаў. А мо сітуацыя цягам года кардынальна вырашана ды такі досвед па ліквідацыі хібаў, выяўленых “К”, неадкладна трэба браць на ўзбраенне іншым раёнам і абласцям?

Клуб згарэў, а новага не трэба?

Па сведчаннях жыхароў аграгарадка “Заямнае” Стаўбцоўскага раёна, мясцовы СДК згарэў гадоў пяць таму. Адзін з прадпрымальнікаў вырашыў яго аднавіць пад нейкі забаўляльны цэнтр, але аднаўленне пераўтварылася год таму ў даўгабуд. Мясцовыя ўлады не браліся за гэтую справу, бо праз два кіламетры — Стоўбцы. Але моладзь аграгарадка жадала мець сваю ўстанову культуры, паколькі статус аграгарадка гарантуе, прынамсі, наяўнасць сацыякультурнага абслугоўвання насельніцтва. Сітуацыя — абсалютна нестандартная. Але мы — на баку моладзі Заямнага, якая жадала бачыць аграгарадок родным домам, а не часовым прытулкам у чаканні пераезду ў райцэнтр.

Дах і падлога...

Дадзеная сітуацыя ўзнікла летась у вёсцы Вішнявец Стаўбцоўскага раёна. Левая сцяна ўстановы культуры — знаходзілася ў аварыйным стане, хадзіць побач было небяспечна, пра што і распавядаў адпаведны надпіс на цэгле. Між тым, у гэтым будынку месцяцца СДК, бібліятэка, школа мастацтваў.

Як пераконвалі мясцовыя работнікі культуры, з-за таго, што дах цячэ, гніе падлога. Больш за тое: псуюцца сцэнічныя касцюмы. Мы ўжо не кажам пра настрой дзяцей, якім, мякка кажучы, не надта ўтульна займацца ў такіх небяспечных умовах...

Няўжо цягам года тут так нічога і не змянілася? Вельмі хочацца верыць у адваротнае...

Аўтаклуба не дачакацца

Менавіта на гэта нам скардзіліся нешматлікія жыхары і дачнікі з вёскі Харашкі Дзятлаўскага раёна. Аўтаклуб прыязджае сюды ўсяго толькі раз у год — пад свята вёскі. А бібліобуса ў Харашках увогуле не бачылі. Ці ж такім чынам варта праводзіць аптымізацыю сеткі ўстаноў культуры?

А вяскоўцам крыўдна было яшчэ і з той прычыны, што аўтакрама таксама працуе з парушэннем працоўнага графіка. Таму не вельмі радасна ў Харашках. Тая сітуацыя, калі назва паселішча ніяк не адпавядала жыццёвай яве. А шкада…

Бібліятэка імя Быкава, дзе...

У вёсцы Кублічы Ушацкага раёна працуе цудоўная бібліятэка імя народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. З задавальненнем, гонарам і піетэтам наведалі гэтую знакавую ўстанову (да радзімы празаіка вёскі Бычкі — усяго некалькі кіламетраў). Але праславуты чалавечы фактар сапсаваў уражанне. Паўтарацца на конт той сітуацыі адносна дасведчанасці работнікаў культуры ў дэталях не станем. Цікава, як сёння вырашаецца ў раёне кадравае пытанне?..

А быў калісьці скансен...

Некалі вёска Глуша Бабруйскага раёна гэтым скансенам славілася. Гаворка, дакладней кажучы, пра Музей рамёстваў пад адкрытым небам. Брэнд, пра які можна толькі марыць. Але з цягам часу прыйшоў унікальны скансэн у сапраўдны заняпад. Інтэрактыўнай засталася хіба што царква. Ад аўтэнтычнага млына адляцелі крылы. Лазня, дзе можна было памыцца “па-чорнаму”, развалілася да падмурка. У Хацінцы жабрака пагнілі перакрыцці. Дзейнічае на патрэбу выпадковых і не надта разборлівых турыстаў толькі Майстэрня глінамеса. Нам так і не здолелі патлумачыць прыроду такога разбурэння, татальнага ды неабачлівага, з духоўнага і камерцыйнага пункта гледжання.

Удвая шкада з той прычыны, што аматар беларушчыны ўсё роўна Глушу наведае, бо непадалёк пахаваны выбітны пісьменнік Алесь Адамовіч. Наведае, але максімальнага набору культурных паслуг усё ж не атрымае. І хто тут вінаваты?..

Рэзюмэ да першых  пяці аўтапрабегаў "К"

Адзін тур завершаны. Другі неўзабаве мае стартаваць. Мы вырашылі, што ён будзе прысвечаны, у тым ліку, і аптымізацыі ўстаноў культуры. Тэма — неабсяжная і праблемная сама па сабе. Як і заўжды, падрабязны маршрут мы не выпрацоўваем, бо яго дэталі і нюансы “прапішам” непасрэдна на трасе і з немалой доляй імправізацыі. Дакладна вядома толькі адно: наш маршрут праляжа па Мінскай, Гродзенскай і Брэсцкай абласцях. Для чаго? Прынамсі, не для наўмыснага ды стараннага вышуквання “жукоў”. Не для таго, каб сапсаваць настрой вясковым работнікам культуры і выбіць іх з каляіны штодзённага рабочага рытму. Выпраўляемся ў чарговы маршрут для задавальнення простага журналісцкага жадання: пабачыць пабольш неабыякавых людзей, пераканацца, што жывуць яны творчасцю, перадаць адшуканы вопыт іншым работнікам сельскай культуры. Карацей, у чарговы раз едзем па агульнакарысны досвед. Да хуткай сустрэчы!

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"