“Радуюся вашым поспехам...”

№ 6 (824) 09.02.2008 - 15.02.2008 г

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь Зэеў Бен-Ар’е вялікую ўвагу надае развіццю ізраільска-беларускіх стасункаў у галіне культуры. Дзякуючы яго актыўнай дзейнасці беларусы маюць магчымасць знаёміцца з творчасцю папулярных ізраільскіх мастацкіх калектываў, артыстаў, пісьменнікаў, музыкантаў, якія наведваюць нашу краіну, наладжваюць кніжныя выстаўкі, мастацкія імпрэзы. Амбасада падарыла ізраільскія выданні Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М.Горкага. На ХV Міжнароднай мінскай кніжнай выстаўцы-кірмашы Ізраіль стаў Галоўным госцем і яго стэнд пазнаёміў наведвальнікаў з выдавецкай справай краіны.

 /i/content/pi/cult/148/1032/Israel.jpg
— Мне даводзілася, — распавядае Зэеў Бен-Ар’е, — даволі часта мяняць род заняткаў. Займаўся навукай, вёў даследаванні ў галіне матэматычнай псіхалогіі. А потым пайшоў у журналістыку — працаваў на ізраільскім радыё, вёў праграмы на рускай мове і мовах народаў краін былога Савецкага Саюза. Займаўся перакладамі ізраільскай прозы на рускую, а потым і на ўкраінскую мовы.

Што падахвоціла мяне перакласці Васіля Быкава на іўрыт? Літаратура, пераклады найлепш дапамагаюць знаёміць адзін народ з другім. Прызнаюся, перакладаць было напачатку даволі складана. І ўсё-ткі я адолеў бар’еры, якія паўсталі на маім шляху, у мяне атрымалася. Пераклады прынялі два самыя элітарныя літаратурныя ізраільскія часопісы. Быкаў, паводле маёй ацэнкі, — найбуйнейшы беларускі пісьменнік.

— Што паказала ваша краіна ў якасці Ганаровага госця на ХV Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы?

— Удзельнічаць у выстаўцы — і ганарова, і вельмі адказна. Прадстаўлена вялікая экспазіцыя, а таксама вялікая культурная праграма цягам усіх чатырох выставачных дзён. У Мінск завітала прадстаўнічая ізраільская дэлегацыя, у склад якой увайшлі вядомыя пісьменнікі, літаратурныя крытыкі, выдаўцы. Беларускія аматары літаратуры пазнаёміліся з творамі вядомых ізраільскіх пісьменнікаў Амоса Оза, Этгара Керэта, Давіда Гросмана і іншых.

— Вы гаварылі аб сваёй літаратурнай дзейнасці. Дазвольце запытаць, а як прыйшлі да дыпламатычнай?

— На пачатку 90-х гадоў, калі на сусветнай карце з’явілася 15 дзяржаў на месцы былога Савецкага Саюза, Ізраіль пачаў адкрываць амбасады ў гэтых новых краінах. Ізраільскае Міністэрства замежных спраў, не маючы на той момант дастаткова спецыялістаў, звярнулася да групы людзей — выхадцаў з гэтага рэгіёна — з прапановай працаваць на дыпламатычных пасадах. Мяне гэта зацікавіла, і пасля адпаведнай падрыхтоўкі я ў 1993 годзе перайшоў на дыпламатычную працу. І ў такой якасці праслужыў даволі доўга ва Украіне. Потым нейкі час працаваў Часовым Павераным Дзяржавы Ізраіль у Беларусі, затым прэс-аташэ — у Маскве, а потым — зноў ва Украіне. Пасля двухгадовай працы ў МЗС у Іерусаліме ў 2004 годзе атрымаў прызначэнне ўзначаліцьізраільскую дыпламатычную місію ў Беларусі.

— Такім чынам, едучы другі раз у Беларусь, вы мелі ўяўленне аб нашай краіне...

— Я ведаў аб вашай краіне шмат. Усе гады сваёй журналісцкай дзейнасці ў Ізраілі я ўважліва сачыў за тым, што адбываецца ў краінах СНД, і найперш — у Расіі, Украіне, Беларусі. Таму быў у курсе спраў, жыцця гэтых краін.

Пазней доўга працаваў ва Украіне, а Беларусь ад яе — недалёка. Была магчымасць сачыць за падзеямі праз СМІ, у тым ліку і на беларускай мове: ужо ў тыя гады я пачаў вывучаць беларускую мову і зусім някепска чытаў на ёй.

— Украінскай, наколькі я ведаю, вы валодаеце цудоўна...

— Украінскую мову я вывучыў, можна сказаць, нанава і развіў шляхам чытання ўкраінскіх тэкстаў, калі прыехаў у 1993 годзе ва Украіну ў якасці дыпламата. Але ўкраінская мова не была для мяне зусім незнаёмай — я нарадзіўся ва Украіне, жыў у юнацкія гады ў Харкаве.

— Якія былі вашы першыя ўражанні аб Беларусі?

— Пачну з прыроды, з прыродных ландшафтаў. Яны цудоўныя ў вас. І блізкія мне па гусце і характары, — я люблю акурат спакойныя азёрна-рачныя і лясныя прасторы. Таму я шмат ездзіў у першы мой прыезд па Беларусі і зімой, і летам, і гэта былі вельмі прыемныя вандроўкі.

Працаваць ва Украіне і ў Беларусі мне было надта цікава. І не толькі таму, што дапамагала веданне моў, разуменне ментальнасці. Было цікава ў 90-я гады працаваць менавіта ў краінах СНД, якія рабілі першыя крокі на шляху дзяржаўнага і нацыянальнага станаўлення і імкнуліся да адраджэння, да развіцця нацыянальнай культуры. Мне гэта было вельмі блізка, бо тыя ж праблемы зусім нядаўна стаялі і перад Ізраілем. Адбывалася станаўленне нацыянальнай культуры, станаўленне літаратуры, якія трымаліся на вельмі старажытных традыцыях. Наша дзяржава паступова вырашыла ўсе ўзгаданыя праблемы.

Працэсы, праз якія прайшоў ізраільскі народ, я назіраў у Беларусі і ва Украіне. І мне гэта было надзвычай цікава. Варта нагадаць, што беларускі і яўрэйскі народы стагоддзямі жылі побач. У Беларусі працэнт яўрэйскага насельніцтва быў дастаткова высокі. На гэтай зямлі зараджаліся рэлігійныя яўрэйскія плыні, нараджаліся і вырасталі людзі, якія потым сталіся буйнымі дзеячамі ў яўрэйскай дзяржаве і ў ізраільскай культуры. Сувязі паміж беларускім і яўрэйскім народамі былі спрадвечныя.

— Дастаткова прыгадаць заснавальніка сучаснай ізраільскай мовы Бен-Егуду —выхадца з Беларусі...

— Сапраўды, Эліэзэр Бен-Егуда, чалавек, намаганнямі якога ў Ізраілі іўрыт стаўся дзяржаўнай мовай, быў выхадцам з Беларусі. БенЕгуда пераехаў з Беларусі ў Ізраіль і прысвяціў усё сваё жыццё адраджэнню нашай дзяржавы і мовы. Так, ідыш — цудоўная мова, на ёй створана цудоўная літаратура. Але яўрэі, скажам, з Марока, Туніса, Судана, Эфіопіі, якіх зусім нямала ў Ізраілі, да ідыша не мелі аніякага дачынення.

— Апошнім часам пры садзейнічанні Ізраільскай Амбасады ў Беларусі прайшло шмат цікавых імпрэз, якія пазнаёмілі беларусаў з сучаснай ізраільскай культурай...

— Амбасадзе ўдалося правесці даволі шмат цікавых мерапрыемстваў. Для нас гэта важна, мы надаём беларуска-ізраільскаму культурнаму супрацоўніцтву вельмі вялікую ўвагу. Першай значнай акцыяй сталася выступленне ізраільскага вакальна-танцавальнага ансамбля “Анахну Кан!”, што ў перакладзе на беларускую мову азначае — “Мы — тут!”.

У Беларусі пабывала вялікая група артыстаў — дзесьці 80 чалавек. Пасля прайшла выстаўка яўрэйска-ізраільскай кнігі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Мы прадставілі больш за 400 кніг, з іх — 150 ізраільскіх выданняў. Затым мы прынялі ўдзел у Мінскім міжнародным кніжным кірмашы. І якраз да гэтага часу быў скончаны праект, які я лічу адным з галоўных у галіне беларуска-ізраільскіх культурных стасункаў: быў зроблены першы пераклад з іўрыта твора мастацкай літаратуры на беларускую мову. Гэта кніга пад назвай “Кіроўца аўтобуса, які хацеў стаць богам” вельмі папулярнага ізраільскага празаіка і сусветна-вядомага пісьменніка Этгара Керэта. Ён — аўтар кароткіх апавяданняў. Жанр іх вызначыць немагчыма. Яны іранічныя і маралістычныя, рэалістычныя і містычныя, па-дзіцячы прымітыўныя і мудрыя, сур’ёзныя і смешныя. Пераклаў кнігу з іўрыта на беларускую мову Павел Касцюкевіч.

Плануем далей знаёміць беларусаў з ізраільскай культурай. Традыцыйна ізраільцяне ўдзельнічаюць у міжнародным фестывалі “Славянскі базар у Віцебску”. На гэтымфэсце ўжо некалькі гадоў запар праходзіць Дзень Іерусаліма. Мяркуем правесці ізраільскі кінафестываль, ці Тыдзень кіно Ізраіля. Мы ўжо паказвалі адзін фільм у межах “Лістапада”, вельмі папулярны дэтэктыўны баявік. У апошні час кіно Ізраіля зрабіла якасны скачок, нашы фільмы заваёўваюць прызы на рознага роду міжнародных кінафэстах. Плануем таксама прадставіць у Беларусі опернага спевака Шапавалава і эстраднага выканаўцу Духіна — выхадцаў з Беларусі. Так што, планаў шмат.

— А наколькі знаёмы вы ў цэлым з беларускай літаратурай, яе гісторыяй?

— Я шмат чытаю беларускіх аўтараў пабеларуску. Я лічу, што гэта мой абавязак як амбасадара. І трэба заўважыць, абавязак дастаткова прыемны, бо для мяне чытаць кнігі, газеты — прыемна і натуральна. Я пазнаёміўся з гісторыяй беларускай літаратуры, з творчасцю старэйшага пакалення вашых пісьменнікаў: Багушэвіча, Баршчэўскага, Дуніна-Марцінкевіча — у асноўным праз літаратурна-крытычныя работы. Цікавым падалося пакаленне, якое зрабіла ўнёсак у беларускую літаратуру на пачатку ХХ стагоддзя, — Купала, Колас, Багдановіч. Творы гэтых майстроў сапраўды не могуць не ўражваць. З цікавасцю чытаў Максіма Гарэцкага, Міхася Стральцова. На мой погляд, добры апавядальнік Змітрок Бядуля. Мне цікава было пазнаёміцца з яго апісаннямі беларускіх яўрэйскіх мястэчак. З найбольш адметных пісьменнікаў, якія бліжэй да нашага часу, гэта, канешне, — Васіль Быкаў, які на працягу ўсёй сваёй творчасці шукаў, з аднаго боку, вельмі простую, а з іншага — такую складаную жыццёвую праўду. Здаецца, яна ляжыць на паверхні, але, тым не меней, яна надта складаная. Цікавы Уладзімір Караткевіч, асабліва яго “Каласы пад сярпом тваім”, захапляе і ягоны дэтэктыў “Дзікае паляванне караля Стаха”. Менш знаёмы з беларускай паэзіяй.

— Чым вас увогуле прываблівае беларуская культура?

— Я лічу, што культура любога народа — цікавая. А што да беларускай, дык яна мне асабліва зразумелая і блізкая. Яна мае даўнія і глыбокія традыцыі, яны выпрабаваны часам, таму надта моцныя і пладаносныя. Я радуюся поспехам вашай нацыянальнай культуры.

 

Гутарыла Наталля КІРПІЧЭНКАВА