Злабадзённыя “чорныя капальнікі”

№ 17 (1143) 26.04.2014 - 02.05.2014 г

Юрыдычныя казусы для “бяскрыўднага хобі” і... “гастралёраў”
“Круглы стол” “Праблемы заканадаўчага забеспячэння аховы археалагічнай спадчыны і шляхі іх вырашэння”, ініцыяваны Пастаяннай камісіяй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу краіны па адукацыі, культуры і навуцы, быў амаль цалкам прысвечаны адной тэме — “чорным капальнікам”. Гэта зусім не азначае, што ў дадзенай сферы няма іншых праблем. Проста, выбрана была самая злабадзённая. Сёння ніхто ўжо не можа недаацэньваць ні маштабы “бяскрыўднага хобі”, ні тую пагрозу, якую яно ўяўляе для гістарычнай спадчыны.

Па звестках Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, “капачы” ўжо паспелі адзначыцца не менш як на 30% ад усіх археалагічных помнікаў краіны, — многія з апошніх, па сутнасці, страчаны для навукі. А ў некаторых асобна ўзятых раёнах гэтая доля дасягае паловы! Паводле прагнозаў спецыялістаў, у бліжэйшы час маштабы эпідэміі будуць толькі расці. Як вядома, не так даўно ў суседняй Расіі быў прыняты даволі жорсткі закон, скіраваны супраць “чорных археолагаў”. На Беларусі яго аналагаў пакуль няма, і таму нам выпадае чакаць “гастралёраў”.

Злачынства без пакарання

На сённяшні дзень на Беларусі ім нічога асабліва не пагражае — нават у тым выпадку, калі ўдасца “злавіць за руку”. Пад час “круглага стала” неаднаразова прыводзіліся канкрэтныя прыклады таго, як яўныя правапарушальнікі, затрыманыя міліцыяй, абышліся “лёгкім спалохам”. Скажам, не так даўно ўчастковы ў мястэчку Свір, што на Мядзельшчыне, не знайшоў, за што можна пакараць чалавека, які вёў раскопкі без спецыяльнага дазволу.

— Аднак яго можна было прыцягнуць да адказнасці ўжо толькі за тое, што ён капаў на тым участку, які яму не належыў, — перакананы начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігар Чарняўскі. — Нават прафесійныя археолагі ў абавязковым парадку атрымліваюць дазвол уласніка, рэгіструюцца ў зямельных службах, каб не парушыць камунікацыі. А ў нас, нагадаю, “нічыйнай” зямлі няма: кожны лапік мае нейкага гаспадара. Калі нехта распачне раскопкі на маім лецішчы, я знайду спосаб абараніць сваю маёмасць...

А вось прыцягнуць “капача” да адказнасці па нейкім профільным арыкуле пакуль, на жаль, не атрымаецца. Нягледзячы нават на заканадаўчую забарону праводзіць нелегальныя раскопкі і карыстацца металадэтэктарамі. Прычына тут простая: забарона ёсць, але санкцыі для парушальнікаў пакуль не вызначаны. Такі вось юрыдычны казус!

— Без вызначэння адказнасці за падобныя дзеянні заканадаўчыя нормы не будуць мець рэальнай сілы, застаючыся на ўзроўні дэкларацыі, — кажа Ігар Чарняўскі.

Менавіта таму Міністэрства культуры краіны прапанавала ўнесці змяненні і дапаўненні ў Адміністратыўны і Крымінальны кодэксы Рэспублікі Беларусь. Санкцыі для правапарушальнікаў там прадугледжаны ўжо нежартоўныя: напрыклад, за нелегальныя раскопкі з выкарыстаннем металадэтэктараў альбо геарадараў — штраф памерам ад 25 базавых (для фізічных асоб) да 100 (для юрыдычных). Плюс канфіскацыя тых самых тэхнічных сродкаў. Адпаведны артыкул, прапанаваны ў Крымінальны Кодэкс, прадугледжвае нават турэмнае пакаранне — да двух гадоў.

Разам з тым, начальнік юрыдычнага аддзела Міністэрства Алена Вештарт пераканана, што толькі вызначэннем адказнасці праблему не вырашыць. Спецыяліст звярнула асаблівую ўвагу на тое, што ў айчынным заканадаўстве сёння адсутнічае сцвярджэнне, паводле якога археалагічныя аб’екты знаходзяцца ва ўласнасці дзяржавы.

— Хаця менавіта гэты базавы пастулат тлумачыць, чаму закон забараняе правядзенне раскопак і разведак без адпаведнага дазволу, — дадала яна...

Праблема тэрміналогіі

Між іншым, апошняя фармулёўка выклікала пэўную крытыку з боку прысутных спецыялістаў. Начальнік упраўлення сацыяльнага заканадаўства Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў (НЦЗПД) Рэспублікі Беларусь Міхаіл Капыльскі задаецца пытаннем: ці можна назваць дзейнасць “чорных капальнікаў” пачэсным словам “раскопкі”? Адсюль і асцярога, што згаданыя дапаўненні ў кодэксы не патрапяць у “яблычак” ды закрануць хіба тых навукоўцаў, якія не парупіліся пра адпаведныя дазволы.

Гэта значыць, амаль нікога не закрануць, бо акурат закон навукоўцы зазвычай не парушаюць. Што ж да такога паняцця, як “чорны капальнік”... Яго юрыдычны адпаведнік у заканадаўства пакуль не ўведзены.

— Каб адрасна прыцягваць іх да адказнасці, неабходна ўстанавіць заканадаўчую забарону на пошукавую дзейнасць для фізічных асоб, — перакананы галоўны саветнік упраўлення заканадаўства аб нацыянальнай бяспецы і праваахоўнай дзейнасці НЦЗПД Рэспублікі Беларусь Алег Дзяркач. — А навукоўцы з розных арганізацый, думаю, неяк самі разбяруцца...

Як неаднаразова было адзначана пад час “круглага стала”, праблема “капачоў” актуалізавала патрэбу распрацоўкі належнага тэрміналагічнага апарата, што мае дачыненне да археалагічнай дзейнасці. Прыкладам, гэта тычыцца паняцця “скарб”: іх, як вядома, законапаслухмяныя грамадзяне павінны здаваць дзяржаве. Аднак Алена Вештарт задалася пытаннем: ці можна называць скарбам кожны археалагічны артэфакт? Альбо, як у тым мульціку, “клад — это то, что покладено” і схавана менавіта наўмысна?

Натуральна, усе гэтыя паняційныя нюансы некалі могуць стаць добрай зачэпкай для адвакатаў — вядома, у тым выпадку, калі нехта з “чорных капальнікаў” усё ж апынецца на лаве падсудных. Менавіта таму вельмі важна як мага хутчэй педантычна расставіць усе кропкі над “і”.

Хто змагаецца з “капачамі”?

Алег Дзяркач таксама закрануў і праблему прымянення на практыцы будучых заканадаўчых інавацый. Справа ў тым, што на сённяшні дзень няроўную барацьбу з “чорнымі капальнікамі” дэ-юрэ маюць весці прадстаўнікі мясцовых улад, а калі канкрэтней — работнікі культуры, на якіх ускладзена адказнасць за справу аховы спадчыны ў сваіх рэгіёнах. Уявіць гэтых інтэлігентных людзей пад час палявання на “капачоў” даволі праблематычна. Тым больш, ні адпаведным досведам, ні спецсродкамі ды абсталяваннем, ні паўнамоцтвамі, натуральна, яны не надзелены.

— Таму немінуча паўстае пытанне: а ці здолеюць гэтыя людзі супрацьстаяць добра экіпіраваным і належна падрыхтаваным групам капальнікаў? — рэзюмаваў Алег Дзяркач.

Прадуктыўны варыянт вырашэння гэтай праблемы ўжо неаднаразова агучваўся раней: стварэнне мабільнай спецыяльнай службы па аналогіі, скажам, з Дзяржінспекцыяй аховы прыроды. А супрацоўнікі апошняй, нагадаем, маюць у сваім распараджэнні не толькі транспарт ды тэхнічныя сродкі, але нават і табельную зброю. У некаторых выпадках апошняя бывае не лішняй.

Пад час “круглага стала” таксама ўзнікла і пытанне дыферэнцыяцыі адказнасці: якія праявы дзейнасці “капачоў” належыць кваліфікаваць як адміністратыўнае правапарушэнне, а якія трэба разглядаць ужо як крымінальнае злачынства? Прагучала прапанова правесці гэты “водападзел” па лініі Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей. Калі “археолаг” прыходзіць з рыдлёўкай на аб’ект, які мае афіцыйны статус археалагічнага помніка, гэта варта расцэньваць як крымінал, а калі ён вядзе пошукі “ў чыстым полі” — як правапарушэнне. Такі падыход таксама выклікаў крытыку: раскопваючы нявывучаны і няўлічаны аб’ект, часам можна прынесці куды большую шкоду.

— Аматар, якімі добрымі намерамі ён ні кіруецца, дастае з зямлі археалагічны артэфакт, не фіксуючы, у якім слоі ён знаходзіўся, — кажа дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вячаслаў Даніловіч. — Гэта тое ж самае, што выдраць старонку з кніжкі. Навукоўцы, якія потым прыйдуць на гэты аб’ект, не змогуць аднавіць агульны гістарычны кантэкст...

Менавіта таму прапанова прадугледзець механізм легалізацыі “чорных капальнікаў” не займела падтрымкі сярод большасці прысутных. Яно і зразумела: саматужным пачынам у археалогіі не месца. Іншая справа — валанцёры, якія дзейнічаюць пад кіраўніцтвам прафесіяналаў ды, натуральна, цалкам легальна.

Як падаецца, іх шэрагі цалкам маглі б папоўніць тыя з сённяшніх уладальнікаў металадэтэктараў, якімі кіруе “спартыўны інтарэс”, а не прага ўзбагачэння. А механізм іх далучэння да добрай справы быў бы і сапраўды не лішні: наўрад ці той, хто патраціў пару тысяч долараў на магутную прыладу (а яны, да слова, і сёння прадаюцца ў Мінску, бы тыя семкі), па добрай волі выкіне яе на сметніцу, нават пад пагрозай санкцый. Таму пошук мірных шляхоў змяншэння папуляцыі “капачоў” выглядае не лішнім.

Напрыканцы дыскусіі старшыня Пастаяннай камісіі ПП НС па адукацыі, культуры і навуцы Генадзь Пальчык рэзюмаваў: такая з’ява, як “чорная археалогія”, павінна знайсці сваё адлюстраванне ў Кодэксе аб культуры, які цяпер рыхтуецца да прыняцця. Яна патрабуе комплекснага і маштабнага вырашэння: ад распрацоўкі тэзаўруса да вызначэння канкрэтных санкцый. Адно што — усё гэта вымагае нямала часу...

— Але час не чакае, і таму мы як мага хутчэй павінны рабіць тыя або іншыя лакальныя захады для аператыўнага стварэння юрыдычных бар’ераў “чорным капальнікам”, — дадаў Генадзь Пальчык.

Карпатлівую працу па ўдасканаленні ўжо існуючых нарматыўных актаў, а таксама і па распрацоўцы новых, мае ўзяць на сябе міжведамасная рабочая група. Яна будзе пастаянна прасоўвацца ў згаданым напрамку, важнасць якога, нагадаем, не так даўно была адзначана на самым высокім узроўні — Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам.