Правілы і выключэнні

№ 17 (1143) 26.04.2014 - 02.05.2014 г

Эканамічны зрэз культуры абласцей засведчыў...
Летась газета “Культура” вызначыла ў якасці аднаго з прыярытэтаў разгляд эканамічнай палітыкі ў сферы культуры. І сярод кірункаў абралі і стан названай дзялянкі ў абласных цэнтрах з праекцыяй на ўвесь пэўны рэгіён. Цяпер жа, пасля завяршэння першага кола камандзіровак, варта зрабіць пэўныя абагульненні. Ці задумваліся вы калі-небудзь, колькі “каштуе” культура, ці ў дастатковым аб’ёме фінансуецца з бюджэту, ці мае патрэбу ў дадатковых сродках, і калі так, то якім чынам знаходзіць іх? А ці стаяць у чарзе да ўстаноў культуры ды арганізатараў мерапрыемстваў спонсары з просьбамі прыняць пэўныя сумы на карысць, а якія асаблівасці функцыянавання прыватнага сектара дадзенай галіны? Карацей, пытанняў — нямала.

/i/content/pi/cult/481/10314/4-3.jpgАксіёмы і парадоксы

Натуральна, у сённяшнім эканамічным становішчы бюджэт асноўныя сродкі накіроўвае тым прадпрыемствам, у тыя сектары рэальнай эканомікі, у тую вытворчасць, ад якіх залежыць само існаванне дзяржавы. І шараговыя работнікі адукацыі, навукі, медыцыны — усе разважлівыя людзі ўвогуле гэта разумеюць. Так, бурчаць, часам выказваюцца пра неабходнасць павышэння заробкаў, але — разумеюць. Работнікі культуры разам з установамі, у якіх яны служаць, — не выключэнне з такога ланцужка.

Не сакрэт, што большая частка бюджэтнага фінансавання дзяржаўных устаноў культуры сыходзіць на камунальныя паслугі, падаткі, зарплату супрацоўнікам. І вылучаюцца грошы на сапраўды першачарговыя патрэбы. Гэта значыць, збітая фраза “культура фінансуецца па рэшткавым прынцыпе”, якая ўвайшла ў шырокі ўжытак яшчэ ў СССР, сёння быццам бы менш актуальнай не стала. Разам з тым, не ўсе начальнікі ўпраўленняў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі абласных выканаўчых камітэтаў, з кім я меў зносіны ў час камандзіровак, прызнавалі яе заканамернасць. На погляд некаторых, культура атрымлівае роўна столькі, колькі мусіць займець, зноў-такі, зыходзячы з цяперашняга стану рэчаў. Марнатраўна будзе ўтрымліваць клуб, які ледзь-ледзь запаўняецца напалову, прычым выключна па выхадных, ці не так? Разумнае і беражлівае расходаванне сродкаў — сённяшняя аксіёма для тых, хто толькі спасцігае эканоміку культуры, і для тых, хто даўно ў ёй “варыцца”. А вось паднавіць фасад установы культуры, дзе ад наведвальнікаў няма адбою, дык на тое грошай не шкада!

Але на самой справе надта абшарпаных будынкаў, дзе размяшчаліся б культурныя асяродкі, мне не сустрэлася. (Выключэнні былі, але такімі яны і засталіся.) І ўнутры, і вакол іх віравала жыццё; апошняе асабліва датычыцца выставачных залаў рознага кшталту. Такога, каб які-небудзь, скажам, музей знаходзіўся “ў прастоі” і не мог дазволіць сабе здзівіць візіцёраў новай экспазіцыяй, не было. Ад выстаўкі да выстаўкі, як кажуць, — вось іх крэда. Што ж да дробязей (урэшце, камусьці — дробязь, а іншаму — наадварот), то без іх — ніяк. Вядуць цябе па прыбраным холе, распавядаюць пра дасягненні, а потым заводзяць у пакойчык і — бац: аказваецца, на замену абсталявання, не залімітаванага гадавым каштарысам выдаткаў, грошай няма. Застаецца толькі развесці рукамі: як такое магчыма, бо і рамонт правялі, і клас новы адкрылі, і касцюмы прыгожыя пашылі? А шылі іх... на швейнай машынцы, год выпуску якой супадае з годам смерці Сталіна. Парадокс, быццам бы, але і — рэальнасць, разам з тым...

Справа рук самой культуры?

Вырашыць падобныя сітуацыі можна праз пазабюджэт. Гэта не толькі здабытак ад банальнага капіравання дакументаў у бібліятэцы, паколькі ёсць яшчэ, скажам, выручка ад рэалізацыі ўваходных білетаў (каб дасягнуць вынікаў па апошнім паказчыку, можна зладзіць, скажам, экзатычныя экскурсіі). Але ёсць і тонкасць: амаль усе ўстановы культуры, у якіх давялося пабываць, частку свайго пазабюджэту вылучаюць на аплату камуналкі. Іншая ж ідзе на прэміраванне супрацоўнікаў, новыя праекты і г.д. І яшчэ на набыццё таго, што засталося па-за заяўкай з пералікам неабходнага ўстанове, пад якую і выдзяляюцца бюджэтныя сродкі. Хапае, вядома ж, не на ўсё…

Гутарачы з прадстаўнікамі органаў улады, я неаднаразова чуў ад іх, што сёння на чале ўстаноў культуры павінны стаяць не проста тыя, хто валодае профільнай прафесіяй, але яшчэ і з’яўляецца адначасова менеджарам, здольным грошы рабіць ледзь не з паветра. І людзі — нават менавіта работнікі культуры — няхай і праз памылкi, эксперыментуючы, вучацца. Інакш на змену ім прыйдзе моладзь, ужо з адпаведнымі ведамі. І прыходзіць. Але ў гэтым варыянце крыюцца верагодныя непрыемныя сюрпрызы.

Пра новае пакаленне давялося пачуць два палярныя меркаванні. Першае: адразу відаць чалавека, для якога культура, прабачце за “высокий штиль”, — гэта сэнс жыцця. Таму што толькі фанатычна ўлюбёны ў сваё пакліканне малады спецыяліст гатовы ісці служыць яму, атрымліваючы з надбаўкамі сярэднюю зарплату па галіне ў тры з лішнім мільёны. І такія ёсць. І іх шмат. Другое: нямала тых, чаго ад мяне не прыхоўвалі, хто любымі спосабамі імкнецца датэрмінова адпрацаваць размеркаванне. Дый аптымізацыя ім у тым “дапамагла”. Можаце сабе ўявіць, як такія людзі выконваюць працу? Мяркую, можаце...

Наракалі мне і на тое, што ў цэлым упала якасць выпускнікоў навучальных устаноў. І ўсе ледзь не ва ўнісон казалі, у сувязі з гэтым, што наспела стварэнне дзяржпраграмы па выхаванні юнага пакалення.

Патрэбны партнёры, а хто не патрэбен?

Яшчэ адна праблемная кропка — спонсарства, або, як цяпер кажуць, партнёрства. Прыкладаў таго, як культуры дапамагаюць бізнесмены і дзяржаўныя арганізацыі, прывесці можна нямала. Але не злічыць і адваротных, калі ўстановам адмаўляюць у падтрымцы. Пераважная колькасць кіраўнікоў апошніх заўважала, што на нейкім этапе яны спынялі спробы прыцягнуць прыватнікаў да супрацоўніцтва. Аргументацыя такая: маўляў, патрыятызм патрыятызмам, але не выгадна ў наш меркантыльны час спонсарам ісці ў культуру. Ад выпадку да выпадку яны з’яўляюцца, зважаючы, у асноўным, на адміністрацыйны рэсурс, але са значна большым задавальненнем абышліся б без такой “блізкасці”, прынамсі, пакуль у сферы падаткаабкладання не ўлічаць такія парыванні асобным артыкулам. Верагодна, была б рацыя, каб мецэнаты, у выпадку фінансавання імі культурных акцый, музычных школ, дамоў творчасці, атрымалі такі працэнт палёгкі з падаткаў, які не прымусіў бы партнёраў раз за разам скасоўваць увагу да культуры. Тым больш, у рэгіёнах.

І пра прыватныя ўстановы культуры. З аднаго боку — іх самастойнасць, у тым ліку і ў вырашэнні праблем, лагічная, з іншага ж — такая “гаспадарка” ў сферы культуры, як правіла, ствараецца не для атрымання ашаламляльных “барышоў”. І можна было б нейкім чынам палегчыць у фінансавым плане дзейнасць такіх устаноў: калі не прыраўноўваць іх да дзяржаўных, дык даць хоць нейкія палёгкі-льготы. Першае, што прыйшло на розум, — хоць крыху знізіць арэндную плату за памяшканні, якія яны займаюць. Ці маю рацыю ў апошнім, калі на выніковай калегіі Міністэрства культуры прагучала і тое, што (перадаю агульны сэнс) эканоміка павінна быць эканомнай, што аптымізацыя — не капрыз, а рэальнасць, што тут трэба падціснуцца, а там прыдумаць, як адшукаць?.. Проста фантазіруеш часам, што калі-небудзь культура стане стратэгічным ды прыярытэтным напрамкам і ў эканамічным сегменце Беларусі. І справа тут, як паказвалі мае камандзіроўкі, шмат у чым менавіта за работнікамі культуры ды зместам іх працы...

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"