Невядомы вядомы Кабзар і яго беларускі след

№ 17 (1143) 26.04.2014 - 02.05.2014 г

Чаму песня Тараса Шаўчэнкі "знайшла водгалас пачэсне ў сэрцы беларускім"?
Сёння мы працягнем аповед пра паэта і мастака Тараса Шаўчэнку, згадаўшы, у тым ліку, і тых асоб з беларускага літаратурнага ды мастацкага Парнаса, з кім быў асабіста альбо ў сваіх перакананнях блізкі гэты славуты сын украінскага народа.

/i/content/pi/cult/481/10313/15-1.png /i/content/pi/cult/481/10313/15-2.png

Т.Шаўчэнка. "Цыганка варожыць украінскай дзяўчыне";Т.Шаўчэнка. "Партрэт княгіні Кацярыны Кейкаутавай".

(Працяг. Пачатак у №№ 14, 15.)

…Так, Шаўчэнка 5 красавіка 1847 года быў арыштаваны пад Кіевам у сувязі са справай тайнага таварыства “Кірыла-Мяфодзіеўскае братэрства”, якое задумвала стварыць нейкую канфедэрацыю свабодных славян. Хаця следствам не быў даказаны ягоны сур’ёзны ўдзел у рабоце таварыства (паэт прысутнічаў на пасяджэнні апошняга толькі аднойчы — 25 снежня 1846-га), ён жорстка паплаціўся за свае антыўрадавыя вершы, якія былі знойдзены пад час яго арышту.

Пасля прысуду “Адправіць у ссылку” рэзалюцыя імператара абвяшчала коратка і зразумела: “Пад найстражэйшы нагляд і з забаронай пісаць ды маляваць”. Ну а што да рэзкага водгуку “рэвалюцыйнага дэмакрата, глыбокага мысліцеля, публіцыста, філосафа” Вісарыёна Бялінскага пра Шаўчэнку, то няхай ўсё гэта застанецца фактам яго біяграфіі. Хаця фраза з ліста “Я не чытаў <…>, але ўпэўнены…” і ў больш блізкія нам часы гучала, прынамсі, на жаль, вельмі часта.

Дарэчы, павінен сказаць, Шаўчэнка потым шкадаваў аб сваёй згодзе ўвайсці ў склад “Кірыла-Мяфодзіеўскага братэрства” па запрашэнні Мікалая Кастамарава, што скончылася для яго драматычна. Дый наогул, да канца жыцця ён шмат пра што шкадаваў. Так, у лісце да графіні Анастасіі Талстой ад 22 красавіка 1856 года ён пісаў: “Злачынства маё вялікае — я гэта прызнаю ў душы, але і пакаранне бязмежнае”. І ў вершах: “Дурний свiй розум проклинаю, / Що дався дурням одурить, / В калюжi волю утопить…”

Можа, шаўчэнказнаўцы не пагодзяцца са мной, але думаю, што Тарас Рыгоравіч не быў рэвалюцыянерам у тым сэнсе, як яго прадстаўлялі савецкія даследчыкі, публіцысты, пісьменнікі і рэжысёры. У савецкія часы з яго рабілі палымянага рэвалюцыянера — і ў школьных падручніках, і ў літаратуразнаўчых даследаваннях, і ў фільмах (напрыклад, “Тарас Шаўчэнка” — з маладым, 32-гадовым, Сяргеем Бандарчуком у галоўнай ролі, за якую ён атрымаў і Сталінскую прэмію І ступені, і адразу, абмінаючы званне заслужанага артыста РСФСР, — званне народнага артыста СССР, бо сам таварыш Сталін быў ад карціны ў захапленні).

Нядаўна ў Інтэрнэце прачытаў, як адзін з украінскіх даследчыкаў — Алесь Бузына — літаральна ўтаптаў у гразь усю біяграфію паэта, выкарыстоўваючы для гэтага вырваныя з кантэксту фрагменты розных успамінаў — у асноўным, самога Шаўчэнкі і не самых прыязных да яго сведкаў таго, якім быў паэт у розныя перыяды жыцця. Вось, напрыклад, аўтарскі пасыл ад таго даследчыка: “Ноччу яму (Шаўчэнку ў ссылцы. — Б.К.) прыйшлі ў галаву геніяльныя вершы: “Садок вышневый коло хаты. Хрущи над вышнями гудуць”. Ад гэтага Шаўчэнка нават прачнуўся і ўскочыў на ложку. “Настальгія”, — прамільгнула ў галаве. На суседнім ложку хроп фельдфебель Вішняк і шалёна псаваў паветра лепшы ротны запявала Хрушчоў з-пад Тамбова. “З якога толькі дзярма вершы атрымліваюцца”, — здзівіўся Шаўчэнка. Ён ужо ведаў, што праз сто гадоў Ганна Андрэеўна Ахматава напіша: “Когда б вы знали, из какого сора растут стихи, не ведая стыда...”. “Плагіятарша”, — падумаў Шаўчэнка і нацягнуў казённую коўдру...”.

Што ж, як пісаў Тарас Рыгоравіч, “у кожного своя доля і свій шлях широкий”. Гэта значыць, у кожнага свая праўда і свой Шаўчэнка. Толькі, у любым выпадку, праўда павінна быць праўдай, але не інсінуацыяй, выдумкай, дыфамацыяй, плёткай. Ды і наогул, не хочацца бачыць нейкіх крайнасцей у ацэнцы жыцця любой буйной асобы. У рэшце рэшт, Шаўчэнка не мае патрэбы ў адвакатах ці ў пракурорах. Ён пражыў жыццё так, як пражыў, хаця, думаю, да канца свайго кароткага шляху нёс у сабе крыўду на ўсіх: за цяжкае дзяцінства і прыгоннае юнацтва, за дзесяцігоддзе катаржнай ссылкі, за разбітыя мары ды няўдачы ў сямейных адносінах, за розныя хваробы і за шмат чаго іншага. Таму, калі толькі з’яўлялася магчымасць, спяшаўся жыць без аглядкі...

Так, сапраўды, факты біяграфіі Шаўчэнкі сведчаць, што ён ніяк не цураўся “вышэйшага свету”, быў добрым сябрам многіх памешчыкаў у час сваіх наездаў у родную Украіну, не грэбаваў ні пецярбургскімі рэстаранамі, ні добрай чаркай у шумных кампаніях аматараў гарэлкі, ні яшчэ сімі-тымі вольнасцямі ды забавамі. Ну і што? Але не трэба, паўтаруся, кідацца з адной крайнасці ў іншую: ці ўсхваляць да нябёс, як гэта было за савецкім часам, ці няправедна ганьбіць, як гэта часам здараецца сёння...

Думаю, што добра выхаваны чытач не будзе мяне дакараць, калі зараз я раскажу пра адзін, амаль невядомы, эпізод з жыцця нашага героя ў кантэксце яго сяброўства з Бруловым. “Вялікі Карл”, як я ўжо намякнуў вышэй, часта прымаў удзел у вясёлых вечарынах сваіх вучняў і калег. Шаўчэнка апісвае, як аднойчы ён у кампаніі Брулова, Нестара Кукальніка, Глінкі і Вільгельма Ціма разам са студэнтамі выехаў на пагулянку на нейкі бязлюдны востраў пад Пецярбургам. Ды кампанія так напілася, што... “забылася” на Шаўчэнку і Брулова ды з’ехала дадому без іх. А ў наступны дзень да “забытай” пары далучылася іншая кампанія аматараў выпіць. І так усе яны працягвалі баляваць яшчэ некалькі дзён. Што было — тое было…

Адзін з кіраўнікоў Кірыла-Мяфодзіеўскага братэрства, гісторык і публіцыст, Мікалай Кастамараў, сябраваўшы з Шаўчэнкам, наконт "слабасцей" апошняга (па-мойму — сумленна) так пісаў у штомесячным гістарычным выданні “Русская Старина” (Спб., 1880, том 27): “...Ён не прыходзіў да мяне інакш, як па маім запрашэнні, ведаючы, мабыць, што я буду свабодны. І тады, чакаючы госця, для мяне ласкавага і дарагога, я прызапашваў бутэльку рому да гарбаты. Шаўчэнка спаражняў яе ў адзін прысест і пры гэтым казаў: “Ты для мяне не падавай цэлай бутэлькі, а адлівай палову ды хавай да іншага разу, калі я прыйду да цябе. А то, колькі б ты ні падаў, — я ўсё вып’ю. Паставіш вядро — я і вядро ўбухаю. А паставіш палову бутэлькі — я і тым задаволены буду”. П’яным і ў гэты час я не бачыў яго ні разу, як і раней. З таго часу некалькі разоў бываў у мяне Шаўчэнка па вечарах і прыводзіў мяне тады ў здзіўленне тым, што выпіваў запар больш як дзесяць шклянак моцнай гарбаты з вялікім прылівам туды ямайскага рому, і гэта зусім не рабіла ніякага ўплыву на яго галаву. Усялякі іншы, здавалася мне, выпіўшы столькі, ляжаў бы колькі гадзін у непрытомнасці. Я гэтыя абставіны прыводжу тут для таго, каб паказаць, як не зусім справядлівыя чуткі пра яго п’янства: ён сапраўды шмат мог выпіць і любіў выпіваць, але ў агідным ад п’янства выглядзе я не бачыў яго ні ў першыя часы майго з ім знаёмства, ні пасля, да апошніх месяцаў ягонага жыцця. Ён піў так сама, як п’е мноства іншых паноў, толькі мог прымаць такія прапорцыі, якія для іншых былі б вельмі шкодныя, для яго ж — зусім не; нават непрыкметна было, каб ён знаходзіўся, як кажуць, пад мухай…” І ў іншым месцы: “Ён — гонар Украіны, адзін з самых любімых сыноў, паэт і таленавіты мастак”.

Алесь Бузына з тэксту Кастамарава вырывае фразу пра тое, як Шаўчэнка “ў адзін прысест” выпіваў бутэльку рому… І далей у тым жа духу.

Чаму я так падрабязна распавядаю пра гэтыя малавядомыя факты з няпростага жыцця паэта? А таму, што чамусьці ўспомніў шаўчэнкаўскае: “Люди б сонце очорнили, якбы мали силу…”. Бо і сёння гэтыя словы, на жаль, набываюць новую моц — і ў друкаваных СМІ, і ў Інтэрнэце, і на тэлебачанні. А яшчэ я ўспомніў бліскучага Міхаіла Зошчанку, які так пісаў у сваёй біяграфічнай аповесці “Тарас Шаўчэнка”: “...Паэт адразу прышоўся даспадобы народу, таму што ён быў сапраўдны яго прадстаўнік. Ён не скажаў народныя думы і пачуцці сваімі суб’ектыўнымі домысламі. Дакладней — ягоныя пачуцці супадалі з пачуццямі народа… Шаўчэнка стаў выразнікам духоўнага жыцця народа. Але яго паэзія не была толькі ўкраінскай паэзіяй. І не таму, што тэмы Шаўчэнкі не абмяжоўваліся межамі Украіны, а таму, што ягоная тэма была блізкай і неабходнай тэмай для многіх народаў”.

Так, Шаўчэнка святым не быў, як далёка не былі “святымі” яго знакамітыя калегі па літаратуры і мастацтве Аляксандр Пушкін ды Арэст Кіпрэнскі, Міхаіл Лермантаў і Аляксей Саўрасаў, Фёдар Дастаеўскі ды Леанід Саламаткін, Апалон Грыгор’еў і Рыгор Сарока, Уладзіслаў Сыракомля ды Іван Шышкін і г. д.

Спіс бясконцы, але зараз я не пра гэта. Як і ўсе людзі, Тарас Рыгоравіч часта памыляўся, рабіў не самыя станоўчыя ўчынкі, каяўся, ізноў памыляўся. Нішто чалавечае не было яму чужым. “Мой асабісты лёс, — кажа сам паэт, — прадстаўлены ў сапраўдным свеце, павінен бы навесці не толькі простага чалавека, але і тых, у каго просты чалавек знаходзіцца ў поўнай залежнасці, на роздумы глыбокія ды карысныя для абодвух бакоў... Гісторыя майго жыцця складае частку гісторыі маёй радзімы” (з ліста да рэдактара “Народного чтения”)...

Так, гісторыя любога чалавека, а асабліва — неардынарнага, складваецца з асабістай біяграфіі ды “біяграфіі” яго зямлі, і тут усё залежыць ад таго, колькі “неардынарны” чалавек уклаў свайго таленту і душы ў гэтую зямлю. І Шаўчэнка — паспяваў і пісаць пяром, і маляваць пэндзлем, і рысаваць, і друкаваць гравюры, і вывучаць сусветную выяўленчую класіку. Сярод яго блізкіх сяброў — вельмі вядомыя людзі, у тым ліку наш зямляк скульптар Міхаіл Мікешын ды многія іншыя з ліку беларусаў і палякаў. Мы павінны ведаць, што Шаўчэнка заўсёды быў побач з нашай Беларуссю — і пры жыцці, і пасля.

Цяпер жа я хачу цалкам прывесці невялічкі, малавядомы нашаму сучасніку, артыкул беларускага бібліёграфа, публіцыста і перакладчыка Рамуальда Зямковіча “Тарас Шаўчэнка і Беларусь”, надрукаваны ў газеце “Наша ніва” ў 1911 годзе (№ 8, с. 118).

Пра Кабзара і ягоныя стасункі з Беларуссю чытайце ў наступных нумарах “К”.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"