Як знайсці кнігі?

№ 24 (1150) 14.06.2014 - 20.06.2014 г

Усё большую папулярнасць ва ўсім свеце набываюць перасоўныя бібліятэкі, больш вядомыя нам як бібліобусы. У нашых суседзяў адрозніваюцца яны не толькі назвамі (букамабіль — ва Украіне, бібліямабіль — у Расіі), але і прынцыпамі дзейнасці.

/i/content/pi/cult/483/10307/13-1.jpg

Кніжны грузавічок Антоніа ла Кава.

Так, напрыканцы чэрвеня па парках украінскай сталіцы пачне курсіраваць букамабіль — перасоўная бібліятэка з разнастайнай літаратурай для дзяцей і дарослых. Акрамя кніг мясцовыя жыхары змогуць тут узяць яшчэ цёплы плед, бо, як мяркуюць арганізатары праекта, так чытаць у парку будзе больш камфортна. Ужо сабрана звыш 400 кніг — ад класічнай літаратуры да дзіцячых казак: усё гэта ахвяравалі кіяўляне. Зараз вырашаецца пытанне сродку перамяшчэння. Апрача таго, неўзабаве ў Кіеве з’явяцца на вуліцах і міні-бібліятэкі. Кожны аматар кніг зможа ўзяць сабе кнігу ці пакінуць там ужо прачытаную. У “шпакоўнях”, пафарбаваных у жоўты колер, будзе змяшчацца некалькі дзясяткаў кніг. Зробяць боксы і з трывалых матэрыялаў — металу ды ўдараўстойлівага акрылу — і размесцяць за метр ад зямлі.

У Чэлябінскай вобласці Расіі распачынае працу мультымедыйная бібліятэка на колах — бібліямабіль новага пакалення, абсталяваны спадарожнікавай інтэрнэт- платформай, ноўтбукамі, аргтэхнікай, праектарам, гукаўзмацняльным абсталяваннем з магчымасцю правядзення лекцый, культурна-масавых мерапрыемстваў і нават відэаканфэрэнцый. Фонд бібліямабіля ўключае 1000 разнастайных па тэматыцы кніг і 200 мультымедыйных выданняў на розных носьбітах. Чытачы могуць таксама карыстацца паслугамі абанемента і заказваць кнігі з цэнтральных бібліятэк. У якасці пілотнага праекта бібліямабілі пастаўлены толькі ў шэсць рэгіёнаў краіны-суседкі: Чалябінскую, Кастрамскую, Архангельскую, Валагодскую, Іркуцкую вобласці і Рэспубліку Комі.

А вось школьны настаўнік з Італіі не стаў чакаць дапамогі ад мецэнатаў ці дзяржавы. Выйшаўшы на пенсію, Антоніа ла Кава купіў трохколавы грузавічок і пераабсталяваў яго ў дзіцячую бібліятэку на колах. Падарожнічаючы на сваёй перасоўнай бібліятэцы па краіне, ён імкнецца прывіць італьянскім дзецям любоў да чытання. Усе кнігі (а іх больш за тысячу) Антоніа набыў на ўласныя грошы, выбіраючы асабіста кожную. Нездарма яго прыезд у чарговы маленькі гарадок ператвараецца ў значную падзею для дзяцей!..

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"